Сацыяльна-эканамічнае развіццё, жывёлагадоўля, бяспека, праекты на 2026 год, капрамонты – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Ветэрынарная абарона фермаў

Адной з важных тэм абмеркавання стала навядзенне парадку на аб’ектах жывёлагадоўлі раённых сельгаспрадпрыемстваў.

На кантролі мінулага тыдня была работа па агароджванні фермаў і комплексаў, а таксама стварэнне дэзбар’ераў па дэзынфекцыі аўтатранспарту, якія прызначаны для абароны ад узбуджальнікаў небяспечных інфекцыйных хвароб.

Усяго на Дзятлаўшчыне 14 малочнатаварных фермаў і комплексаў з даільнымі заламі і малочнымі блокамі; 6 фермаў, абсталяваных малакаправодамі; 18 – на якіх утрымліваецца маладняк, разводзяць і адкормліваюць буйную рагатую жывёлу. Усе гэтыя аб’екты агароджаны і маюць дэзбар’еры.

Старшыня райвыканкама заўважыў, што біялагічная абарона жывёлагадоўчых аб’ектаў, згодна з устаноўленымі правіламі, у нас сфарміравана, увагу неабходна надаць абкошванню або хімічнай ліквідацыі расліннасці вакол іх.

Што датычыцца іншых клопатаў сельскагаспадарачых прадпрыемстваў, на нарадзе адзначылі, што ўборачная кампанія ідзе актыўна, усе гаспадаркі завяршылі ўборку азімага ячменю, прыступілі да яравога, КСУП “Жукоўшчына” – да рапсу.

Таксама, Андрэй Садоўскі паставіў задачу аграрыям удзяліць увагу агародніне, прыступіць да трэцяй апрацоўкі бульбы ад фітафторы.

Экзамен на “добрасумленнасць”

Узнялі тэму своечасовай выплаты заработнай платы на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Як расказала намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, толькі адна арганізацыя на Дзятлаўшчыне парушыла заканадаўства. Пытанне ўзята на кантроль.

Увогуле, Вольга Антонаўна падкрэсліла, што цяпер несвоечасовая выплата заработнай платы – гэта адзінкавыя выпадкі і па вобласці. Прадпрыемствы рэгіёна працуюць эфектыўна, таму падобныя праблемы ўзнікаюць рэдка. Больш хвалюе пытанне “выплаты зарплаты ў канвертах”. На жаль, такія факты фіксуюцца, асабліва ў арганізацыях з невялікай колькасцю работнікаў, таму праверкі суб’ектаў гаспадарання “на добрасумленнасць” праводзяцца пастаянна.

Дарэчы, па выніках паўгоддзя паказчык індэкса фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па Дзятлаўскім раёне склаў 107 % пры даведзеным заданні 103,8 %. Выкананы ўсе асноўныя паказчыкі, за выключэннем груза- і пасажыраабароту. Арганізацыямі забяспечана прыбытковая работа.

Іншыя тэмы коратка

Узбуджана крымінальная справа ў адносінах да жыхаркі раёна па артыкуле “Махлярства”, якая двойчы пазычыла грошы ў пенсіянера пад рознымі падставамі і не вярнула іх.

****

Прадаўжаюцца рэйды па аб’ектах жніва. На кантролі – выкананне работнікамі працоўнай дысцыпліны, арганізацыя супрацьпажарнай бяспекі і іншыя.

****

У гарпасёлку Наваельня 27-гадовы мужчына, распальваючы мангал, неасцярожна разліў на сябе лёгкаўзгаральную вадкасць. Ігнаруючы небяспеку, ён прадоўжыў працэс распальвання, адбылася ўспышка пароў, і на мужчыне загарэлася адзенне. Пацярпелы (апёкі 18 % цела) шпіталізаваны ў Дзятлаўскую ЦРБ.

****

Спецыялісты аддзела эканомікі райвыканкама прадаўжаюць растлумачальную работу з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія займаюцца дзейнасцю, што не ўваходзіць у пералік, вызначаны пастановай Савета Міністраў ад 28 чэрвеня 2024 года № 457 “Аб відах індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці” (у рэдакцыі пастановы ад 30 жніўня 2024 года № 637).

Яны павінны да 31 снежня 2025 года выбраць адзін з варыянтаў дзеянняў: спыніць дзейнасць у якасці ІП або выбраць іншы від дзейнасці, які ўвайшоў у пералік; стварыць не пазней за 31 снежня 2025 года камерцыйную арганізацыю, якая будзе працягваць ажыццяўляць від дзейнасці, які не ўваходзіць у пералік.

На тэрыторыі раёна працуюць 140 індывідуальных прадпрымальнікаў гэтай катэгорыі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации