Падрыхтоўка да святкавання юбілейнай даты Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, добраўпарадкаванне, работа на аб’ектах меліярацыі, пажарная бяспека, сацыяльнае ўтрыманства – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Навядзенне парадку, святочныя праграмы і салют
Поўным ходам ідзе падрыхтоўка на Дзятлаўшчыне да святкавання 1 Мая і 80-годдзя Вялікай Перамогі. На мінулым тыдні адбылося сумеснае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта з прадстаўнікамі ўсіх служб і прадпрыемстваў раёна. Вядуцца работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, іх святочным афармленні – на бягучым тыдні на абеліску Славы будуць заменены сцягі, тэматычныя кансолі, расцяжкі, білборды, віндэры з’явяцца на вуліцах горада.
Старшыня райвыканкама адзначыў, што ёсць формы ўвекавечання на тэрыторыі раёна, якім неабходна надзяліць больш увагі, чым проста пафарбаваць і прыбраць тэрыторыю вакол. Напрыклад, “ажывіць” помнік у Стараельні. Да работы павінны падключыцца мясцовыя арганізацыі і прадпрыемствы.
Рыхтуюцца культурныя праграмы, сярод якіх тэатралізаванае шэсце аўтамабіляў з інсталяцыяй на тэму Вялікай Айчыннай вайны, адкрыццё турыстычнага маршруту, выступленне байкераў, конна-трукавае шоу, феерверк і многае іншае (чытайце афішы ў бліжэйшых нумарах, на сайце і ў сацыяльных сетках газеты).
– Значная дата. Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне заўсёды будзе выклікаць гонар за подзвіг нашых продкаў, за іх гераізм і самаадданасць у барацьбе з ненавісным і вельмі моцным ворагам. Як сказаў Прэзідэнт, “да Дня Незалежнасці мы будзем аддаваць даніну павагі тым, хто прынёс нам гэтае жыццё”, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.
Сацыяльнае ўтрыманства – гэта не выбар дзятлаўчан
Ад тэм святочных перайшлі да будаўнічых. Кіпіць работа па ўсёй Дзятлаўшчыне. Завяршыўся капітальны рамонт з мадэрнізацыяй даху сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча. Рамонт праводзіўся паэтапна. На правядзенне работ выдаткавана каля 1 мільёна 510 тысяч рублёў з раённага бюджэту.
З 25 красавіка капітальны рамонт дома па вуліцы Навагрудскай, 4А райцэнтра пачнуць будаўнікі ТАА “Зодчий” (горад Слонім). Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя па капітальным рамонце дваровай тэрыторыі па Навагрудскай, 12. Прадаўжаецца рамонт бальніцы ў гарпасёлку Наваельня. Завершаны будаўніцтва, мантаж і ўведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання ў Нянадавічах. Заасфальтаваны вуліцы “50 лет ЛКСМБ”, “50 лет Октября”, Гагарына ў Дзятлаве. Цяпер ААТ “ДБТ-6” ДБУ-65 горада Слоніма “пераехала” ў гарпасёлак Казлоўшчыну, дзе асфальтуе вуліцы Леніна і Савецкую. Дзятлаўскае РУП ЖКГ рамантуе вуліцу Савецкую ў райцэнтры. Дзятлаўскае ПМС на бягучым тыдні завяршае меліярацыю трох асноўных сезонных аб’ектаў…
Як бачна, шмат будаўнічых і рамонтных праектаў рэалізуецца на тэрыторыі Дзятлаўшчыны, большасць – за кошт сродкаў раённага бюджэту. На нарадзе адзначалі, што ў першую чаргу сродкі выдзяляюцца на жыццёва важныя для насельніцтва аб’екты, на якіх неабходна задзейнічанне спецыялістаў і спецыяльнай тэхнікі: бальніцы, шматпавярховыя дамы, навучальныя ўстановы, дарогі і іншыя. Дзятлаўчане бачаць радыкальныя станоўчыя змяненні і абнаўленне нашых населеных пунктаў, звяртаюцца да кіраўніцтва раёна, прадпрыемстваў і са сваімі ініцыятывамі, ідэямі па далейшым развіцці. Штосьці “трапляе на карандаш”, штосьці тэхнічна не можа быць рэалізавана, тым больш “сёння і зараз”, а некаторыя маглі б стварыць сваімі сіламі і самі жыхары. Сацыяльнае ўтрыманства – гэта не выбар дзятлаўчан, талакой пры падтрымцы сельвыканкамаў можна і сад пасадзіць, і клумбу стварыць, і зону адпачынку каля вадаёма арганізаваць.
Сяўба на фінішы
Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы завяршаюць днямі сяўбу кукурузы на зерне, цукровых буракоў. Станоўча адзначаны Дварэцкі льнозавод, дзе пасяўныя работы поўнасцю і своечасова завершаны.
Прадаўжаюць гаспадаркі хімічную праполку раслін, рамантуюць кормаўборачную тэхніку. Пастаўлена задача паскорыць тэмпы работ, на гэтым тыдні пасадзіць бульбу.
Што датычыцца жывёлагадоўлі, улічваючы ўмовы надвор’я, сельгаспрадпрыемствы пачынаюць выпас жывёлы. Трывалая кармавая база і паўнавартасны рацыён – асноўны складальнік прыбытковай вытворчасці, важна не дапусціць зніжэння надояў малака.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#власт