Месячнік па навядзенні парадку, сяўба і вытворчасць малака, кантроль цэн, выпальванне сухой расліннасці, рэспубліканскія алімпіяды – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Мэта – добры ўраджай

Сяўба ўваходзіць у актыўную фазу. Аграрыі закладваюць зерневы клін. На нарадзе адзначылі, што ў старт работ вельмі годна ўвайшлі ААТ “Граніт-Агра” і КСУП “Войневічы”. Падвергнуты крытыцы былі ААТ “Дварэц-Агра” і СГФ “АграМілк”.

– Сельгаспрадпрыемствы “Жукоўшчына” і “Хвінявічы” ўжо павінны завяршаць сяўбу і пераходзіць на іншыя віды работ. Тут па плане неабходна пасеяць усяго 320 і 200 гектараў адпаведна. Аднак назіраецца прамаруджванне. Спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама павінны кантраляваць работы не на паперцы і ствараць напружанне ў гаспадарках, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.

Таксама кіраўнік раёна паставіў задачу аграрыям да серады завяршыць другую падкормку азімых.

Прагучалі заўвагі і па сферы жывёлагадоўлі. Апошнія дні мінусуе па вытворчасці малака КСУП “Жукоўшчына”. Старшыня райвыканкама запатрабаваў у спецыялістаў разабрацца ў прычынах і навесці парадак на ферме гаспадаркі.

Завастрылі ўвагу на эканамічным стане сельгаспрадпрыемстваў, як расстаўлены фінансавыя прыярытэты, размяркоўваюцца выдаткі сіл і сродкаў.

На наступным тыдні на нарадзе будуць заслуханы справаздачы па рабоце АПК раёна па Указе Прэзідэнта № 146 наконт набыцця тэхнікі і абсталявання ў лізінг з дзяржаўнай падтрымкай, а таксама аддзела землеўпарадкавання райвыканкама – па выяўленні самавольна занятых участкаў у выніку зямельнай амністыі.

Выпальванне сухой травы – біч гэтай вясны

На мінулым тыдні адбыўся адзін пажар – на МТФ “Раготна”, дзе згарэла 200 кілаграмаў сена; два ўзгаранні сухой расліннасці – у Раманавічах і Круцілавічах. У апошнім віноўнік пакуль не ўстаноўлены, аднак следчая работа будзе праведзена.

– Пакаранне знойдзе свайго антыгероя, – упэўнены пракурор раёна Віталій Юрго.

Практычна ўсе травяныя выпальванні адбываюцца па віне грамадзян. Даволі часта такія загаранні выходзяць з-пад кантролю і распаўсюджваюцца імкліва на вялікія плошчы. Дарэчы, з сямнаццаці узгаранняў сухой травы, якія адбыліся на мінулым тыдні ў Гродзенскай вобласці, практычна ўсе арганізавалі пажылыя грамадзяне. У Шчучынскім раёне 17 сакавіка 83-гадовы мужчына загінуў у траве, якую сам і падпаліў.

Андрэй Садоўскі паставіў задачу старшыням сельвыканкамаў актыўна падключыцца да прафілактычнай работы з сельскім насельніцтвам, лясгасу – у выпадку надзвычайнай сітуацыі аператыўна перадаваць ратаўнікам інфармацыю з камер відэаназірання, якія размешчаны на вышках у лясных масівах.

Бясстрашны пешаход і маніторынг аб’ектаў АПК

Размова па мабільным тэлефоне вадзіцеля ў час руху аўтамабіля або пешахода – у момант пераходу праезнай часткі стала адной з самых распаўсюджаных прычын траўмавання і гібелі людзей на дарозе.

Міліцыянеры нагадваюць, што галоўнае правіла бяспечных паводзінаў – гэта прадбачанне небяспекі. Калі ж погляд чалавека звернуты не на дарогу, а на экран мабільнага тэлефона, ні прадбачыць, ні ўбачыць небяспеку своечасова немагчыма. І калі ў вадзіцеля, які ўчыніць ДТЗ, ёсць шанц выжыць, то ў бясстрашнага пешахода – фактычна няма.

Другая тэма правапарадку, якую ўзнялі на нарадзе, прадаўжэнне маніторынгаў аб’ектаў АПК. З пачатку пасяўной кампаніі на Гродзеншчыне фіксуюцца крадзяжы матэрыяльных каштоўнасцей гаспадарак. Крадуць усё, што можа спатрэбіцца ў гаспадарцы, або тое, што можна адразу прадаць: паліва, пасяўны матэрыял, угнаенні, сродкі абароны раслін, кармы, зерне, запчасткі.

Усім варта ведаць: пільнасць з боку аддзела ўнутраных спраў райвыканкама зніжацца не будзе.

Іншыя тэмы коратка

На заключным этапе рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах Дзятлаўшчыну прадстаўляюць тры вучні: Уладзіслаў Юрэня з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча (геаграфія);

Ягор Барук з гімназіі № 1 горада Дзятлава (інфарматыка), Раман Крупіца з Казлоўшчынскай сярэдняй школы (хімія).

****

Прадаўжаецца месячнік па навядзенні парадку. Удзел у ім прымаюць арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Сельгаспрадпрыемствам пастаўлена задача прывесці ў належны стан жывёлагадоўчыя аб’екты.

****

У лячэбна-працоўны прафілакторый на мінулым тыдні ізаляваны дзве жыхаркі раёна. Усяго з пачатку года ў ЛПП накіраваны восем чалавек.

****

Аддзел эканомікі райвыканкама зноў выйдзе на маніторынг цэн у магазінах як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці.

****

У Дзятлаўскай ЦРБ завершаны рамонт памяшкання для мамографа. На бягучым тыдні будзе ўстаноўлены сам апарат.

****

Новы турыстычны аб’ект сёлета з’явіцца ў Войневіцкім сельсавеце – былы каменны млын. “Хата брыгадзіра” ў вёсцы Малдавічы будзе ўключана ў турыстычныя маршруты. Таксама будзе адноўлена шыльда на памятным знаку ў Парку інтэрнацыянальнага сяброўства па вуліцы Слонімскай у Дзятлаве.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации