Як паказаць гасціннасць нашага раёна і стварыць святочны настрой ва ўдзельнікаў “Зецельскага фэста”, нарыхтаваць якасныя кармы для буйной рагатай жывёлы ў дастатковых аб’ёмах, плённа правесці цэнтралізаваныя экзамены для выпускнікоў адзінаццатых класаў – гэтыя і іншыя тэмы абмяркоўвалі на штотыднёвай нарадзе старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з кіраўнікамі службаў раёна.
Прафілактыка вядзецца – абачлівасці не хапае
Два вогненныя здарэнні адбыліся на Дзятлаўшчыне на мінулым тыдні. Калі першы пажар, які быў зарэгістраваны ў лазні ў вёсцы Боцкавічы з-за перагрэву печкі, гаспадары патушылі самастойна да прыезду пажарнага падраздзялення, то другі, у вёсцы Разважжа, забраў жыццё жанчыны, 1972 года нараджэння. Жанчына нідзе не працавала, злоўжывала алкаголем і прычынай яе гібелі стала класічная непатушаная цыгарэта. Узгаранне выявілі суседзі, якія і выклікалі ратаўнікоў.
Андрэй Садоўскі заклікаў спецыялістаў службаў прафілактыкі раёна больш прынцыпова і ўважліва падыходзіць да забеспячэння бяспекі падобнай групы грамадзян. Яны п’юць, працаваць не жадаюць, а з пачаткам грыбнога і ягаднага сезона атрымаюць больш фінансавых магчымасцяў, каб набываць алкаголь. Зразумела, што ў стане моцнага ап’янення чалавек не думае, ці патушыў ён цыгарэту, таму для папярэджання трагедый гэтых асоб трэба накіроўваць у ЛПП і хаця б такім нетрывіяльным спосабам абараняць ад ракавых учынкаў. У раёне падобных людзей нямала, трэба, каб з імі на апераджэнне шчыльна працавалі ўчастковыя інспектары міліцыі, старшыні сельвыканкамаў.
У сувязі з сезонам нарыхтоўкі кармоў Андрэй Уладзіміравіч скіраваў увагу супрацоўнікаў прафілактычных службаў на стан бяспекі тэхнікі, якая выходзіць у палі, утрыманне сенасховішчаў, уважлівае вядзенне журналаў тэхналагічных працэсаў, наяўнасць і спраўнасць вогнетушыцеляў.
Прадаўжаючы думку кіраўніка раёна, начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама Вадзім Шчурскі расказаў, што ў ЛПП на мінулым тыдні ізаляваны дзве асобы, а з пачатку мая – ужо шэсць, за бягучы перыяд года – 22, медыцынскую камісію для далейшага накіравання ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі прайшлі таксама шэсць кандыдатаў. Усяго за мінулую сямідзёнку ў дзяжурную часць аддзела ўнутраных спраў райвыканкама паступіла 56 паведамленняў, узбуджана тры крымінальныя справы. Чарговы наш зямляк стаў ахвярай інтэрнэт-махлярства: з дзвюх сваіх банкаўскіх картак мужчына перавёў зламыснікам 2,5 тысячы рублёў, затым паехаў у Мінск, дзе адкрыў крэдыты на 18 тысяч рублёў і ўстанавіў на тэлефон праграму аддаленага доступу, праз якую злодзеі завалодалі і гэтымі фінансамі. Агульная сума ўрону склала амаль 21 тысячу рублёў. Другая крымінальная справа ўзбуджана за крадзеж маёмасці: вінаваты знаходзіцца пад вартай. Трэцяя – за парушэнне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду.
З 25 мая па 5 чэрвеня на тэрыторыі Беларусі праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага – дзеці!”, у сувязі з чым усім вадзіцелям неабходна рухацца з уключаным бліжнім святлом фар. Падобная мера павінна паспрыяць папярэджанню дзіцячага траўматызму на дарозе.
Ад “зялёнага” жніва да хлебнага – рукой падаць
У гаспадарках раёна прадаўжаюцца мерапрыемствы па доглядзе раслін: калі раней большая ўвага была нададзена рапсу, то на гэтым тыдні ўпор будзе зроблены на выкарыстанне фунгіцыдаў.
Некалькі гаспадарак прыступілі да закладкі сенажу, астатнія таксама ўключаюцца ў корманарыхтоўку. На гэтым тыдні на базе ААТ “Дварэц-Агра” плануецца правесці для кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, аграномаў, ветэрынарных работнікаў тэматычны семінар-вучобу па закладцы кармоў. Мяркуецца што ўдзел у сустрэчы прымуць прадстаўнікі заводаў, дзе вырабляюцца кансерванты. Спецыялістам нагадаюць пра методыку закладкі, прымяненне сродкаў кансервавання.
З захоўвання аграрыі пачынаюць знімаць збожжаўборачныя камбайны і ў хуткім часе прыступяць да іх рамонту: летні час ляціць хутка – неўзабаве настане жніво. Для падрыхтоўкі тэхнікі з бюджэту выдзелены грашовыя сродкі для ААТ “Граніт-Агра”, КСУП “Войневічы” і “Жукоўшчына”.
У час абласной відэанарады са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Юрыем Караевым у чарговы раз прагучала тэма стану малочнатаварных фермаў. Губернатар неаднаразова выязджаў на такія аб’екты ў розныя куткі Прынёмання, каб уласна ўпэўніцца, як там наладжана работа. Прыклады бываюць як станоўчыя, так і адмоўныя. Усім, хто адстае па дысцыпліне і парадку, Юрый Хаджымуратавіч паставіў задачу навесці на аб’ектах чысціню і больш якасна ўключыцца ў выкананне ўсіх тэхналагічных працэсаў. Па словах спецыялістаў, на Дзятлаўшчыне сярод лепшых варта назваць МТК “Раготна” ААТ “Дварэц-Агра”, а вось папрацаваць яшчэ ёсць над чым у МТФ “Ёцавічы” КСУП “Войневічы”.
Рознае
Дзятлаўшчына 5-6 чэрвеня рыхтуецца прыняць удзел у Фестывалі нацыянальных культур у Гродне. Наш раён прадставяць ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, лясгас, Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, ТІЦ, санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”, работнікі культуры, рамеснікі Анатоль Кардаш і Сяргей Балыкоў.
Наш горад актыўна рыхтуецца да адкрытага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”, які пройдзе 30 мая. Каб гасцям свята было не толькі цікава ўдзельнічаць у конкурсах і забавах, але і прыемна знаходзіцца ў нашым гасцінным Дзятлаве, камунальнікі пры падтрымцы іншых службаў задзейнічаны на навядзенні парадку ў райцэнтры. Гэта не толькі ўборка тэрыторый, але і пакос травы, спілоўванне галін, рамонт асфальтавага пакрыцця. Вызначаны і адказныя арганізацыі, якія замацаваны за іншымі сферамі падрыхтоўкі.
У гарадскім пасёлку Казлоўшчына плануецца ажыццявіць рэканструкцыю воданапорнай вежы. Работы раздзелены на два пускавыя комплексы: першы – узвядзенне новай вежы, другі – дэмантаж старой.
На гэтым тыдні ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча выпускнікі адзінаццатых класаў будуць здаваць цэнтралізаваныя экзамены. Іспыты праходзяць у асноўныя тэрміны: 26 мая (прадмет па выбары) і 29 мая (руская або беларуская мова).
З гэтага года абавязковым для дзесяцікласнікаў стала праходжане вучэбна-палявых збораў па прадметах “дапрызыўная падрыхтоўка” для юнакоў і “медыцынская падрыхтоўка” для дзяўчынак. На базе Казлоўшчынскай сярэдняй школы 26 мая адкрыецца змена ваенна-патрыятычнага летніка “Абаронца”, якая да 6 чэрвеня збярэ на адной пляцоўцы юнакоў-дзесяцікласнікаў раёна. Яны будуць трэніравацца і адпрацоўваць неабходныя для будучых абаронцаў Айчыны навыкі.
Для ўдзелу ва ўступнай кампаніі-2026 мэтавыя накіраванні на сельгасспецыяльнасці ў ВНУ пажадалі ўзяць два выпускнікі ўстановаў адукацыі раёна, яшчэ пяць накіраванняў выдадзена па педагагічных прафесіях.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
Па такой тэме адбылося міжведамаснае пасяджэнне круглага стала ў рамках праекта “Дзятлава – здаровы горад”…
Наперад па дарозе здароўя На працягу 2025-2026 навучальнага года на базе гімназіі №1 горада Дзятлава…
Дожди и северный ветер задержатся в Беларуси до самых выходных, сообщили БЕЛТА в Республиканском центре…
Президент Беларуси Александр Лукашенко и глава Республики Татарстан Российской Федерации Рустам Минниханов на встрече в…
В последнее время все большую популярность в молодежной среде приобретают энергетические напитки и электронные парогенераторы…
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga