Нарыхтоўка кукурузы на сілас і зерне, прафілактычнае мерапрыемства “Дом без пажару”, вынікі акцыі “Арсенал”, раённы суботнік – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Вынік зімоўкі залежыць ад якасці падрыхтоўкі

На бягучым тыдні аграрыі плануюць завяршыць уборку кукурузы на сілас. На Дзятлаўшчыне засталося ўбраць каля тысячы гектараў, усе прадпрыемствы трымаюць высокі тэмп работ. Пастаўлена задача актывізаваць работу па пастаноўцы тэхнікі на захоўванне. Як адзначыў старшыня райвыканкама, зразумела, што яшчэ прадоўжыцца ўборка кукурузы, уздым зябліва, аднак агрэгаты, якія ўжо не задзейнічаны ў палявых работах, неабходна рыхтаваць да “зімоўкі”.

Аб’екты жывёлагадоўлі таксама пераходзяць на зімова-стойлавы рэжым. На нарадзе акцэнтавалі, што пры пераводзе дойнага статка з пашы на стойлавае ўтрыманне ўсе дэталі маюць значэнне. Ад таго, наколькі граматна ён будзе арганізаваны ў гаспадарках, залежаць надоі малака, здароўе жывёлы.

Ратаўнікі правялі маніторынг жывёлагадоўчых аб’ектаў у КСУП “Войневічы”, ААТ “Граніт-Агра”, КСУП “Хвінявічы”. Заўвагі былі нязначныя, выяўленыя парушэнні аператыўна ліквідаваны.

Бяспека і толькі законнае паляванне

На бягучым тыдні на Дзятлаўшчыне пройдзе спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства “Дом без пажару”. Раённыя ратаўнікі сумесна са спецыялістамі абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях правядуць абследаванні домаўладанняў уразлівых катэгорый грамадзян у Дзятлаве, Данілавіцкім, Дзятлаўскім і Жукоўшчынскім сельскіх саветах. Асаблівая ўвага будзе нададзена адзінокім пажылым людзям, інвалідам, шматдзетным сем’ям, а таксама асобам, схільным да злоўжывання алкаголем. 

Праваахоўнікі завяршылі акцыю “Арсенал”. Як паведаміў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі, адзін жыхар раёна добраахвотна здаў для ўтылізацыі патроны, якія не падыходзілі да яго новага паляўнічага ружжа; адзін чалавек здаў зброю, паколькі прыняў рашэнне больш не займацца паляваннем увогуле; яшчэ ў аднаго дзятлаўчаніна не было своечасовай перарэгістрацыі зброі, яна часова канфіскавана, пакуль дакументы прыводзяцца ў парадак.

Расказаў Вадзім Васільевіч і пра чарговую адпраўку ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Саракавым у бягучым годзе “кліентам” ЛПП стала жанчына. Засмучальна, што не прайшло і паўгода, як яна вярнулася з гэтай установы дадому. Аднак замест таго, каб працаваць, аднавіць правы на дзяцей, зноў узялася за чарку, прынялася за разборкі з сужыцелем. На гэты раз яна адправілася прымусова лячыцца і працаваць на два гады.

Іншыя тэмы коратка

У мінулую суботу ў Дзятлаве прайшоў апошні ў бягучым годзе сельскагаспадарчы кірмаш. Як паведаміла намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, нягледзячы на апошні пашыраны продаж сельгаспрадукцыі, ёсць дамоўленасць з прадаўцамі, абумоўленая запытамі грамадзян, аб выязным гандлі ў традыцыйныя базарныя дні як у райцэнтры, так і ў гарадскіх пасёлках.

****

31 кастрычніка на Дзятлаўшчыне пройдзе раённы суботнік. Запрашаюцца ўсе жыхары, прадстаўнікі арганізацый, прадпрыемстваў, прыватнага бізнесу прыняць актыўны ўдзел у суботніку і зрабіць населеныя пункты нашага раёна чыстымі і добраўпарадкаванымі.

****

На бягучым тыдні завяршаецца асфальтаванне праездаў (згодна з графікам) і навядзенне парадку на дваровых тэрыторыях шматпавярховых дамоў горада і пасёлкаў.

****

У Дзятлаве прадаўжаецца рэканструкцыя лазнева-аздараўленчага комплексу. Намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік далажыў, што завяршаецца рамонт чашы басейна.

****

На аб’ектах гандлю як дзяржаўнай, так і прыватнай формаў уласнасці пройдуць маніторынгі, у час якіх будуць кантраляваць, як прадстаўлена прадукцыя беларускіх вытворцаў.

****

РУП ЖКГ пачынае падрыхтоўку да навагодніх святаў. У прыватнасці, закупку ілюмінацыі, светлавых арак – гэтыя эстэтычныя канструкцыі стануць неад’емнай часткай вулічнага дэкору, упрыгажэння паркавай зоны па вуліцы Міцкевіча райцэнтра. Таксама новыя светлавыя кансолі з’явяцца на вуліцах Кірава і Чапаева.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

Похожие публикации