Вырашэнне пытанняў аграпрамысловага сектара, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, рамонт дарог, інвестпраекты – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Тут работа “кіпіць” пастаянна
На бягучым тыдні аграрыі раёна плануюць завяршыць сяўбу грэчкі, пасадзіць бульбу. Буракі і морква ўжо на палетках.
– У нас ёсць магчымасць праз некалькі дзён завяршыць увогуле пасяўную кампанію, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – На гэта настройваю ўсе сельгаспрадпрыемствы.
Актыўнымі тэмпамі на першы план выходзіць корманарыхтоўка. Да ўкосу траў прыступаюць гаспадаркі “Войневічы”, “Хвінявічы”, “АграМілк”, “Жукоўшчына”.
У жывёлагадоўлі свая “пасяўная” – правядзенне асемянення кароў.
– Мы гучым сёння са станоўчымі паказчыкамі па ўзнаўленні статка буйной рагатай жывёлы ў сельгаспрадпрыемствах раёна. Аднак плюс 80 галоў – гэта не тая лічба, якая павінна нас радаваць. Узнаўленне статка – ключ да “вялікага” малака.
Набліжаецца “фінал”
Днямі вуліца Шасейная ў Наваельні будзе заасфальтавана – гэта апошні этап рамонтных работ. Кіраўнік раёна даручыў адказным службам узгадніць з дзяржаўтаінспекцыяй нюансы размяшчэння тут традыцыйнага па пятніцах і нядзелях рынку, каб у мясцовых жыхароў была магчымасць набываць неабходныя рэчы.
Чакаюць пачатку капітальных рамонтаў дамы № 19 па вуліцы Чапаева і № 7 па вуліцы К. Цэткін у Дзятлаве. Будаўнікі “заедуць” на аб’ект па Чапаева да канца мая, зараз ідзе выбар падрадчыка для дома па вуліцы К. Цэткін.
Вызначана падрадная арганізацыя, якая будзе займацца ўстаноўкай міністанцый абезжалезвання ў Сачыўлянах (фінансаванне праводзіцца па падпраграме “Чыстая вада” ў рамках дзяржпраграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе”).
Да 21 мая сельвыканкамы будуць прадастаўляць у райвыканкам інфармацыю па “безгаспадарных” дарогах – гэта тэма ўжо гучала на мінулай нарадзе, ёй надаецца шмат увагі.
Грамадзянскія ініцыятывы
Напярэдадні Дня Перамогі, 8 мая, у аграгарадку Гезгалы мясцовыя жыхары плануюць высадзіць алею з некалькіх дзясяткаў туй, якія набылі за ўласныя сродкі.
Як адзначыў начальнік Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк, нераўнадушныя грамадзяне вырашылі ўпрыгожыць свой населены пункт, за дазволам звярнуліся ў ЖКГ.
– Мы падтрымліваем такую грамадзянскую ініцыятыву, акажам дапамогу ў пасадцы дрэваў. Алея размесціцца ўздоўж бетаванай дарожкі ад 8 да 9 дома, – падкрэсліў Васіль Васільевіч і дадаў, што папраўчая калонія-пасяленне № 26 таксама падтрымала жыхароў аграгарадка і набудзе гульнявую пляцоўку для мясцовай малечы.
На дарогах матацыклісты
Пачатак цёплага сезона традыцыйна адзначаецца тым, што на дарогі выязджае велізарная колькасць матацыклістаў, вадзіцеляў мапедаў і скутараў. Разам з тым, няўмелае кіраванне двухколавым транспартам і няўважлівасць аўтамабілістаў прыводзяць да дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам двухколавай тэхнікі.
Такая аварыя здарылася ў Дзятлаве 4 мая. Устаноўлена, што 31-гадовая жанчына-вадзіцель аўтамабіля на вуліцы Савецкай паблізу аўтазаправачнай станцыі пры павароце налева не дала перавагу 29-гадоваму вадзіцелю матацыкла “Kawasaki”, які рухаўся ў сустрэчным кірунку. У выніку здарэння мужчына атрымаў вельмі цяжкія траўмы.
На нарадзе была пастаўлена задача зацікаўленым службам надаць больш увагі прафілактычнай і растлумачальнай рабоце па павышэнні дысцыплінаванасці і культуры ваджэння, увогуле паводзінаў грамадзян як удзельнікаў дарожнага руху.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga