Пытанні бяспекі, работы прамысловай і сельскагаспадарчай галінаў, падрыхтоўкі да суботніка і іншыя былі абмеркаваны на нарадзе старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з кіраўнікамі і спецыялістамі раённых службаў.

Беражонага Бог беражэ

20 кастрычніка ў Беларусі стартавала рэспубліканская акцыя “За бяспеку разам”, скіраваная на прафілактыку вогненных здарэнняў у халодны перыяд года. На Дзятлаўшчыне ў актыўную фазу яна ўвойдзе з 25 кастрычніка па 2 лістапада, калі вялікая ўвага суб’ектаў прафілактыкі будзе нададзена рабоце з катэгарыраванымі жыхарамі – пажылымі людзьмі, асобамі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, ненадзейнымі сем’ямі. Аднак грамадзянам найперш варта самім выконваць патрабаванні экстранных службаў і клапаціцца пра ўласную бяспеку. Так, на мінулым тыдні ў раёне адбыліся два пажары: у Дзятлаве і гарпасёлку Наваельня, вінаватыя асобы ўстаноўлены, яны будуць прыцягнуты да адказнасці згодна з заканадаўствам.

У аператыўна-дзяжурную службу аддзела ўнутраных спраў райвыканкама за мінулую сямідзёнку паступіла 63 заявы і паведамленні, былі ўзбуджаны дзве крымінальныя справы: па факце дарожнага здарэння, якое адбылося месяць таму на трасе М-11, і за крадзеж 2425 рублёў у пенсіянеркі нашага раёна шляхам мадэфікацыі камп’ютарнай інфармацыі.

Праваахоўнікі раёна 15-16 кастрычніка прымалі ўдзел у міждзяржаўным спецыяльным мерапрыемстве “Вышук”: устаноўлена, дзе знаходзяцца дзяржаўны даўжнік, а таксама жыхар раёна, які прапаў у верасні мінулага года. Супала, што амаль у гэты ж перыяд давялося шукаць дюдзей, якія прапалі без вестак. Гэта пяць чалавек: тры грыбнікі, непаўналетні і пенсіянер, які быў знойдзены на тэрыторыі Расіі. Усе яны вярнуліся дамоў. Прафілактычная работа прадаўжаецца: на гэтым тыдні ў лячэбна-працоўны прафілакторый накіруюць двух жыхароў Данілавіцкага сельсавета.

Восень – работ восем

У гаспадарках раёна асноўная ўвага звернута на нарыхтоўку сіласу, уборку цукровых буракоў, якіх засталося 120 гектараў, вываз з палёў салодкіх клубняў і саломы. Прадаўжаецца ўборка кукурузы на зерне, з улікам умоваў надвор’я гэты працэс трэба зрабіць больш дынамічным, а на сілас убраць яе да 1 лістапада.

Абмяркоўваючы тэму асенніх палявых работ, Андрэй Садоўскі падзякаваў работнікам установаў, якія прымалі ўдзел у нарыхтоўцы агародніны ў гаспадарках Дзятлаўшчыны. Кіраўнік раёна даў даручэнне арганізаваць на сельскагаспадарчым рынку ў Дзятлаве гандаль зернем і іншай сезоннай прадукцыяй, каб людзі, якія не паспелі набыць іх на восеньскіх кірмашах, зрабілі гэта цяпер.

У сувязі са змяненнямі ў Беларусі працэдуры закупак агародніны і садавіны бюджэтнымі арганізацыямі перад адказнымі спецыялістамі Дзятлаўшчыны стаіць задача па-новаму адпрацаваць гэты алгарытм, каб на харчблокі ўстановаў вітамінныя прадукты паступалі своечасова і ў неабходных аб’ёмах.

25 кастрычніка на Дзятлаўшчыне пройдзе рэспубліканскі суботнік. Правесці яго можна на працоўных месцах або ўключыцца ў навядзенне парадку ў горадзе і раёне. Таксама з 20 кастрычніка па 19 лістапада ў раёне доўжыцца месячнік па навядзенні парадку. З-за прымаразкаў ужо пачаўся актыўны лістапад, каб вецер не насіў лісце, яго варта прыбіраць своечасова, і гэта задача не толькі камунгаса, але і арганізацый на сваіх тэрыторыях, як і ўборка іншага смецця, падрыхтоўка да зімы.

Як працуе прамысловасць?

Аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі ў нашым раёне за дзевяць месяцаў склаўся на ўзроўні 105,1 % пры заданні 104,8 %. Зніжэнне тэмпаў адзначалася ў ААТ “Дварэцкі льнозавод”, “Новаяльнянскі КХП”, ТАА “Ізакам”. Сярэднямесячны аб’ём прадукцыі перавышаны на складах у Дзятлаўскім філіяле ААТ “Молочный Мир”, ТАА “Ізакам”, нязначна – у ААТ “Дварэцкі льнозавод”. Экспарт прадукцыі ў таварах за восем месяцаў – 148,9 %, у паслугах – 134,9 %, у турыстычных – 120 %.

Іншыя тэмы коратка

На бягучым тыдні плануецца завяршыць добраўпарадкаванне тэрыторыі па вуліцы Камсамольскай у Дзятлаве.

У Беларусі праходзіць рэгістрацыя навучэнцаў адзінаццатых класаў на першы этап рэпетыцыйных іспытаў. У нашым раёне яны, як і летась, будуць ладзіцца ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча. Зацікаўленасць праяўляюць і дзесяцікласнікі.

Завяршаецца Тыдзень бацькоўскай любові, а ў шосты школьны дзень 25 кастрычніка ва ўстановах адукацыі Дзятлаўшчыны пройдзе тэматычная бацькоўская субота.

У дваіх навучэнцаў нашага раёна заканчваецца змена заняткаў у Нацыянальным тэхнапарку, а ў лістападзе на чарговую змену паедзе Варвара Ламака з Казлоўшчынскай сярэдняй школы, якая ўжо прайшла адпаведныя іспыты.

У сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы для вулічнага асвятлення будуць устаноўлены энергазберагальныя ліхтары на сонечных панэлях, ужо адбыліся працэдуры закупкі абсталявання і вызначэння падрадчыка.  

Ірына СТЫРНІК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации