Рэалізацыя інвестпраектаў і дзяржпраграм, бяспека ў святочныя дні, планы па будаўніцтве і капітальным рамонце на наступны год, поспехі юных дзятлаўчан – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Не спыняемся на дасягнутым
Тэмай абласной, а пасля і раённай нарады стала рэалізацыя праграмы “Адзін раён – адзін праект”, якую ініцыяваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У 2023-2025 гадах на Гродзеншчыне завершана рэалізацыя 15 праектаў. У прыватнасці ў Дзятлаўскім раёне – праект ТАА “Ізакам Пласт”.
Як удакладніла намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, праграма накіравана на ўмацаванне сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, а таксама на актывізацыю інвестыцыйнай дзейнасці. Праекты фарміруюцца з улікам спецыялізацыі раёнаў і іх патэнцыялу. Напрыклад, на 2026 год на Дзятлаўшчыне запланавана рэалізацыя праекта ТАА “Торвлад” па развіцці санаторыя “Альфа Радон” з пашырэннем комплекса паслуг. Сума плануемых інвестыцый складзе 9,5 мільёна рублёў, будуць уведзены 22 новыя працоўныя месцы. Дарэчы, гэты праект ужо рэалізаваны прыкладна на 25 %.
Таксама ў распрацоўцы на 2026-2027 гады ў рамках другога механізма падтрымкі інвестыцыйных праектаў – “Рэгіянальная ініцыятыва”, які створаны шляхам трансфармацыі праграмы “Адзін раён – адзін праект”, праект Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир” па набыцці аўтаматызаванай лініі па вытворчасці мяккіх сыроў.
Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі адзначыў, што прадпрыемствы Дзятлаўшчыны працуюць стабільна, абнаўляюцца і растуць вытворчасці, укараняюцца новыя тэхналогіі, павышаецца прадукцыйнасць працы, выпускаецца канкурэнтная прадукцыя.
Кантроль за якасцю насення і жывёлагадоўля
Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна прадаўжаюць работу па падрыхтоўцы насеннага матэрыялу для вясновай сяўбы. Як праінфармаваў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, на бягучым тыдні ўвесь насенны матэрыял гаспадарак “выйдзе” з праверкі, пытанне застаецца на кантролі.
На мінулым тыдні пракуратурай раёна сумесна з прадстаўнікамі дзяржкантролю праведзены маніторынг жывёлагадоўчых аб’ектаў сельгаспрадпрыемстваў Дзятлаўшчыны. Пракурор раёна Віталій Юрго агучыў недахопы, выяўленыя ў час праверкі.
Кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі паставіў задачу прадпрыемствам АПК аператыўна ліквідаваць праблемныя моманты, абазначаныя пракурорам, і надалей не дапускаць падобнага.
За выкарыстанне піратэхнікі адказвае той, хто яе прымяняе
Прадоўжылі нараду тэмай бяспекі. Перад святамі Нараджэння Хрыстова і Новым годам яе актуальнасць узрастае.
Усе дзятлаўскія структуры аператыўнага рэагавання пераходзяць ва ўзмоцнены рэжым нясення службы.
У чарговы раз нагадалі аб забароне ў нашай краіне продажу і выкарыстання вырабаў II-V класаў небяспекі: салюты, ракеты, рымскія свечкі, петарды і іншая піратэхніка (згодна з пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 3 студзеня 2025 года “Аб абароце піратэхнічных вырабаў”). За парушэнне пагражае адміністрацыйная адказнасць – штраф да 10 базавых велічыняў (да 420 рублёў цяпер, а з пачатку 2026 года – 450). Калі запуск піратэхнікі прычыніў шкоду здароўю або маёмасны ўрон, то надыходзіць крымінальная адказнасць па артыкуле 299 КК. Самае сур’ёзнае пакаранне – за смерць па неасцярожнасці чалавека або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання двум і больш людзям (да 7 гадоў турмы). За выкарыстанне забароненай піратэхнікі ў грамадскіх месцах выпішуць штраф ад 2 да 30 базавых велічыняў (ад 84 да 1260 рублёў цяпер, з пачатку 2026 года – ад 90 да 1350 рублёў), або вас чакаюць грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт. Калі дзеянні ў грамадскім месцы прывялі да прычынення шкоды здароўю, маёмаснай шкоды, пагрозе іх прычынення, то надыходзіць крымінальная адказнасць па артыкуле 339 КК. У гэтым выпадку, у залежнасці ад артыкула, пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў або нават да 10.
Разам з тым забарона не распаўсюджваецца на юрыдычных асоб, у якіх ёсць спецыяльны дазвол.
На нарадзе пагаварылі таксама аб мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы прафілактыкі наркаманіі сярод насельніцтва і рэсацыялізацыі нарказалежных. Дарэчы, у Гродзенскай вобласці на ўліку ў доктара-нарколага стаяць 902 чалавекі. Міліцыяй у 2025 годзе канфіскавана больш за 140 кілаграмаў наркотыкаў.
Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі акцэнтаваў увагу прысутных на выяўленні фактаў распіцця спіртных напояў на працоўным месцы, асабліва ў сельскай гаспадарцы. У мінулыя выхадныя на аб’ектах жывёлагадоўлі раёна быў затрыманы адзін работнік у стане моцнага алкагольнага ап’янення (3,9 праміле). Праваахоўнікі плануюць напружаную адпрацоўку бліжэйшыя два тыдні, паколькі набліжаюцца святы – як кажуць, што ні дзень, то повад.
Іншыя тэмы коратка
23 вучні дзятлаўскіх школ запрошаны да ўдзелу ў абласных прадметных алімпіядах. Дарэчы, летась школьнікі нашага раёна атрымалі тры граматы і сем дыпломаў.
****
Клуб “Мужнасць” Казлоўшчынскай сярэдняй школы атрымала перамогу ў V адкрытым абласным ваенна-спартыўным злёце “Памяці героя верныя”, прымеркаваным да 109-годдзя з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза Віктара Усава і 80-й гадавіне Вялікай Перамогі.
****
З 23 снежня пачалася дабрачынная акцыя “Ад усёй душы”, накіраваная на падтрымку і клопат пра пажылых людзей, развіццё сувязі паміж пакаленнямі. Доўжыцца акцыя будзе да 14 студзеня 2026 года.
Таксама да 14 студзеня праводзіцца акцыя “Нашы дзеці”, якая стартавала крыху раней.
Да 15 студзеня прадоўжыцца дабрачынная акцыя “Ёлка жаданняў” ад Таварыства Чырвонага Крыжа. У Дзятлаве дрэўца жаданняў з эмблемамі і сімволікай арганізацыі ўстаноўлена ў магазіне “Родны Кут”. На ёлцы можна выбраць паштоўку з жаданнем і купіць адпаведны падарунак, каб пакінуць яго ў цялежцы з эмблемай акцыі, а можна проста набыць салодкія пачастункі і пакласці іх у якасці падарунка.
Усе жадаючыя могуць прыняць у іх удзел.
****
На разгляд Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў паступіла 10 грамадзянскіх ініцыятыў, 3 з іх – з Дзятлаўскага раёна.
****
У сувязі з недахопам у раёне вузкапрофільных дактароў, кіраўніцтву Дзятлаўскай ЦРБ пастаўлена задача прапрацаваць пытанне аб запрашэнні медыцынскіх спецыялістаў з медустановаў іншых гарадоў вобласці для правядзення перыядычных кансультацый хворых на базе дзятлаўскай паліклінікі.
****
На капітальны рамонт жылля на Дзятлаўшчыне на 2026 год запланаваны 3 мільёны рублёў з раённага бюджэту. Адлічэнні грамадзян складуць каля 30 % ад агульнай сумы.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga