Наступствы цыклону, утрыманне жывёлы на сельгасаб’ектах, нарыхтоўка насення, “Снежны снайпер” і Адзіны дзень інфармавання насельніцтва – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Узмоцнены кантроль за аб’ектамі жывёлагадоўлі
У сувязі з нізкімі тэмпературамі надвор’я на аб’ектах жывёлагадоўлі Дзятлаўшчыны арганізаваны пастаянныя дзяжурствы, штодзённа кантраляваць сітуацыю ў гаспадарках замацаваны намеснікі старшыні райвыканкама.
– У сельскай гаспадарцы няма простых перыядаў, кожны па-свойму адказны. Зімовы стойлавы дае невялікую перадышку для механізатараў, затое для жывёлаводаў – гарачая пара. Ад іх працы залежыць, колькі каровы дадуць малака або якія прывагі будуць маладняку на дагадоўванні і адкорме, адпаведна, столькі гаспадаркі заробяць сродкаў. У цэлым у сельгаспрадпрыемствах раёна стабільная рабочая абстаноўка. Задача – не дапусціць зніжэння пагалоўя, вытворчасці малака і мяса, а таксама забяспечыць захаванасць атрыманага прыплоду, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.
Увага надаецца і падрыхтоўцы тэхнікі да вясновых палявых работ. Штосьці гаспадаркі рамантуюць самі, а дзе неабходна – з дапамогай спецыялізаваных заводаў.
Займаюцца прадпрыемствы ачысткай насення. Менш за 100 % кандыцыйнага маюць “АграМілк” (86,1 %), “Войневічы” (65,8 %), “Жукоўшчына” (44 %). Работа прадаўжаецца.
На бягучым тыдні аграрыі вызначацца з неабходным аб’ёмам закупкі насення эліты.
Ёсць пытанні па назапашванні мінеральных угнаенняў, у прыватнасці КАС. Старшыня райвыканкама паставіў задачу паскорыць тэмпы.
Снег – праблема толькі для “канапавых крытыкаў”
Да ўборкі снегу, што прынёс цыклон “Уллі”, далучыліся на мінулым тыдні не толькі службы аператыўнага рэагавання Дзятлаўшчыны, але і прадпрыемствы, арганізацыі раёна, школьнікі, шмат нераўнадушных грамадзян.
Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская падзякавала ўсім сельгаспрадпрыемствам раёна за дапамогу па расчыстцы праездаў для аўтамагазінаў, без перабояў ішло абслугоўванне 53 вёсак; таксама – кіраўнікам сельвыканкамаў за тое, што “трымалі руку на пульсе” і аказвалі арганізацыйную дапамогу.
Увогуле адзначылі на нарадзе, што дзятлаўчане вельмі згуртаваныя людзі – усе разам, талакой, з разуменнем няпростай сітуацыі спраўляліся са снегападам, дапамагалі адзін аднаму.
Службы дзяжураць і надалей, ачыстка дарог ад снегу прадаўжаецца. Галоўная задача сёння – падтрымліваць бяспечныя ўмовы жыццядзейнасці для насельніцтва.
Іншыя тэмы коратка
У Дзятлаве стартаваў раённы этап спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Напрыканцы тыдня адбудзецца абласное спаборніцтва.
****
14 студзеня ў Казлоўшчыне на месцы, дзе летась добраўпарадкавана крынічка, плануецца адкрыццё купелі. Кіраўніцтва раёна і сельсавета спадзяюцца, што яна стане цэнтрам прыцягнення не толькі мясцовых жыхароў, але і гасцей гарпасёлка.
****
15 студзеня на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча пройдзе праваслаўны песенны фестываль “Хрыстаславы-2026”.
****
16 студзеня маладых спецыялістаў, што працуюць на Дзятлаўшчыне, збярэ разам традыцыйны раённы моладзевы агеньчык “Святкі.by”, які яшчэ называюць святам знаёмстваў і гумару, радасці і крэатыву.
****
19 студзеня з 13 да 15 гадзін на верхнім возеры горада Дзятлава пройдзе свята Хрышчэнне Гасподняе. Жадаючыя змогуць акунуцца ў асвечанай вадзе. Будзе арганізавана частаванне гарачым чаем.
****
У сувязі з ростам на Гродзеншчыне фактаў траўмавання дзяцей на несанкцыянаваных месцах зімовага адпачынку пракурор раёна Віталій Юрго скіраваў адказныя службы Дзятлаўшчыны на кантроль за месцамі адпачынку юных дзятлаўчан.
Дарэчы, было адзначана, што значным попытам карыстаецца лядовая пляцоўка ў Дзятлаве, размешчаная каля стадыёна “Колас”, якую ўжо наведала больш за 600 чалавек, жадаючых пакатацца на каньках і лыжах.
****
Прадпрыемствы раёна працуюць над бізнес-планамі 2026 года, якія ў бліжэйшы час будуць абараняць у райвыканкаме: сельскагаспадарчыя – пасля 27 студзеня і да канца месяца, прамысловыя і РУП ЖКГ – 10-11 лютага.
****
Першы ў новым годзе Адзіны дзень інфармавання насельніцтва пройдзе 15 студзеня. На азнаямленне і абмеркаванне ў працоўных калектывах вынесена тэма “Ключавыя аспекты Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь”. У рамках Адзінага дня інфармавання будуць таксама разгледжаны дадатковыя тэмы: “Прафілактыка хатняга гвалту”, “Бяспека пячнога ацяплення. АПА. Бяспека зімовых забаў (горкі, цюбінгі, лёд)”.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga