Ахова раслін, лёс аб’ектаў, набытых за адну базавую велічыню, 100-бальныя вынікі на ЦЭ, бяспека жыццядзейнасці, бягучыя рамонты – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Закласці сенажу не менш, чым летась
Такую задачу паставіў кіраўнік раёна сельгаспрадпрыемствам. Андрэй Уладзіміравіч адзначыў, што такая магчымасць ёсць ва ўсіх гаспадарках, аднак “насцярожваюць” тэмпы работ у КСУПах “Войневічы” і “Хвінявічы”, ААТ “Граніт-Агра”.
Гаварылі на нарадзе пра неабходнасць апрацоўкі рапсу фунгіцыдамі.
– Кожны раслінавод сутыкаецца з неабходнасцю барацьбы з хваробамі, якія рэгулярна зніжаюць ураджай. Улічваючы гушчыню пасеваў, высокую вільготнасць, прымяненне фунгіцыдаў здольна скараціць страты прадукцыі і павысіць яе якасць. Таму работы правесці аператыўна, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.
Асаблівую ўвагу звярнулі і на вырошчванне агародніны ў КСУП “Жукоўшчына”, якое спецыялізуецца на гэтым відзе агранаміі, а таксама на работу каранціннай службы па яблыневым садзе гаспадаркі.
Што датычыцца падрыхтоўкі тэхнікі і зернесушыльнай гаспадаркі да ўборачнай кампаніі, усе пытанні фінансавання вырашаны, справа толькі за механікамі і адказнымі службамі.
У жывёлагадоўлі сітуацыя стабільная.
“Дварэц-Агра” і “Войневічы” будуць абараняць імідж раёна
Вынікі пяці месяцаў падвялі спецыялісты МНС на абласной нарадзе, а пасля і на раённай.
4831 выезд ажыццявілі ратаўнікі вобласці за вызначаны перыяд. На пажарах выратаваны 252 чалавекі. Усяго адбылося 383 пажары, з іх 297 у жылым сектары, загінулі 26 чалавек (1 – у Дзятлаўскім раёне), 19 з іх – з-за непатушанай цыгарэты.
Дзятлаўскі РАНС штодня ажыццяўляе маніторынг месцаў масавага адпачынку людзей каля вадаёмаў, лясных пажаранебяспечных участкаў. На нарадзе суб’ектам гаспадарання раёна нагадалі аб неабходнасці правядзення, дзе патрабуецца, апашкі для стварэння мінералізаваных палос – штучных супрацьпажарных бар’ераў.
Непакояць дзятлаўчан джаланосныя насякомыя. Двойчы на мінулым тыдні ратаўнікі выязджалі на дапамогу.
Па выніках штогадовага раённага агляду-конкурсу добраахвотных пажарных фарміраванняў і санітарных дружын, які прайшоў 6 чэрвеня, пераможцамі сталі пажарная каманда ААТ “Дварэц-Агра” і санітарная КСУП “Войневічы”. Яны прадставяць Дзятлаўшчыну на абласных спаборніцтвах.
Як крадуць вашы машыны?
Вельмі проста.
24-гадовы хлопец выпіваў з прыяцелямі, а калі весялосць была ў самым разгары, скраў ключы ў 23-гадовага знаёмага і паехаў па наваколлі. Далёка з’ехаць не атрымалася – “сустрэў” экіпаж ДАІ. Спыніўся і паспрабаваў збегчы, але быў затрыманы. Алкатэстар паказаў ап’яненне звыш адной праміле, тут жа высветлілася, што правоў у яго няма і “Фольксваген” не яго. У дачыненні да маладога чалавека складзены шэраг адміністрацыйных пратаколаў, а таксама ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле “ўгон”.
Гэта толькі адзін эпізод з трох, якія адбыліся на Дзятлаўшчыне на мінулым тыдні. Як расказаў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі, у другім выпадку гаспадар аўто некалькі дзён нават не заўважаў, што яго транспартным сродкам нехта карыстаецца. Сусед скраў ключы і катаўся, калі яму захочацца, а пасля ставіў атамабіль на тое ж месца. У выніку – усё роўна папаўся.
– З надыходам вяснова-летняга перыяду павялічваецца колькасць грамадзян у месцах масавага адпачынку, рух да іх на аўтамабільным транспарце, у сувязі з чым узрастае і колькасць правапарушэнняў. Найбольш распаўсюджаныя: распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва, з’яўленне ў месцах масавага адпачынку ў стане ап’янення, дробнае хуліганства, купанне і развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах, парушэнне правілаў дарожнага руху, крадзяжы. Інцыдэнты мінулага тыдня толькі пацвярджаюць гэту статыстыку. Таму наша служба ўзмацняе рэжым кантролю за правапарадкам, – падкрэсліў Вадзім Шчурскі.
Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі таксама адзначыў, што “на першы план” неабходна выйсці ўчастковым інспектарам міліцыі. Іх павінны ведаць і бачыць.
Іншыя тэмы коратка
Па выніках цэнтралізаваных экзаменаў на Дзятлаўшчыне шэсць выпускнікоў набралі па 100 балаў. Пяць з іх здавалі рускую мову, адна дзяўчына – беларускую. Чацвёра стабальнікаў падрыхтавала сярэдняя школа № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, па адным – гімназія № 1 райцэнтра і Гезгалаўская сярэдняя школа імя М. І. Нядзеліна. На цэнтралізаваным экзамене па прадмеце на выбар, на жаль, заветнай лічбы “сто” ў дзятлаўчан не атрымалася дасягнуць, аднак трое выпускнікоў набралі па 99 балаў.
****
Прадаўжаецца ў раёне работа па рэалізацыі домаўладанняў па Указе Прэзідэнта ад 24 сакавіка 2021 года № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі” і пустуючых аб’ектаў.
З пачатку года 9 дамоў прададзены, 19 знесены.
Што датычыцца аб’ектаў, якія прададзены за адну базавую велічыню, на кантроль адказных службаў пастаўлена дзейнасць новых уласнікаў.
****
Дарожная і камунальная службы займаюцца ямачным рамонтам і падсыпкай вуліц.
Напрыклад, на вуліцы Ф. Скарыны ў Дзятлаве праведзена падсыпка, на бягучым тыдні будуць апушчаны каналізацыйныя люкі, на наступным – плануецца правесці акувечванне.
Вуліца Лермантава таксама знаходзіцца “ў рабоце”. Пасля грэйдзіравання яе падсыплюць асфальтагранулятам.
На вуліцу Кабяка рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя, яе рамонт запланаваны ў 2026 годзе.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga