Рэалізацыя інвестыцыйных праектаў, работы ў палях і на малочнатаварных комплексах, дарожная бяспека, акцыя лясной гаспадаркі, Дзень бацькі – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Стварэнне ўмоў для прыцягнення інвестыцый
Некалькі гадоў таму задачу развіваць кожны рэгіён паставіў Прэзідэнт. Былі распрацаваны ўмовы і крэдытная палітыка для праектаў “Рэгіянальная ініцыятыва”, “Моцныя рэгіёны”, “Турыстычны патэнцыял”, “Тэхналагічная самадастатковасць”, “Новыя прадукты”. Іх галоўная мэта – каб у раёны прыйшлі інвестыцыі, з’явіліся новыя працоўныя месцы.
На абласной, а пасля і раённай нарадах абмеркавалі, якія праекты цяпер рэалізуюцца. Усяго па праграме “Моцныя рэгіёны” ў вобласці заяўлены 35 праектаў, 4 з іх рэалізуюцца на Дзятлаўшчыне. Таксама ў бягучым годзе запланавана завяршэнне аднаго праекта “Рэгіянальнай ініцыятывы”.
Андрэй Садоўскі абазначыў тэмы распрацоўкі праектаў у рамках праграмы “Турыстычнага патэнцыялу”. Ён падкрэсліў, што гэты фінансавы прадукт дазволіць павысіць прывабнасць невялікіх населеных пунктаў раёна для жыцця і развіцця турыстычнай сферы, паставіў задачу свайму намесніку Вользе Жэлезоўскай прапрацаваць з прадстаўнікамі малога бізнесу гэту ідэю.
Бульба, салома, кукуруза
Не сціхае работа сельскагаспадарчай тэхнікі на палях. Дзятлаўскім гаспадаркам неабходна ўбраць 1850 гектараў кукурузы на сілас. Як падкрэсліў кіраўнік раёна, на мінулым тыдні добра “падцягнулі” гэты від работ, аднак зніжаць тэмп нельга, аб’ёмы ўборкі як на сілас, так і на зерне вялікія.
Да серады пастаўлена задача сельгаспрадпрыемствам убраць бульбу (засталося 14 гектараў) і вывезці салому з палёў (яшчэ занята 253 гектары). Недастатковую работу па ўборцы саломы паказвае СГФ “АграМілк”, што перашкаджае наступнай апрацоўцы глебы і іншым агратэхнічным мерапрыемствам.
Не застаецца без увагі тэма жывёлагадоўлі. Старшыня райвыканкама абазначыў тэрмін – да 1 лістапада – падрыхтаваць малочнатаварныя комплексы і фермы да зімова-стойлавага перыяду. Такая работа ўключае падрыхтоўку памяшканняў, кармавой базы, сістэм утрымання жывёлы і тэхналагічнага абсталявання, што дазволіць забяспечыць бесперабойную вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі ў халодную пару года.
“Засвяціць” сельгастэхніку
У час нарады акцэнтавалі ўвагу кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў на арганізацыі бяспекі пры рабоце сельгастэхнікі ў цёмны час сутак.
– Цпер працуе буйнагабарытная тэхніка на палях. Яе перамяшчэнне па дарогах агульнага карыстання ў рамках кароткага светлавога дня стварае пэўныя нязручнасці для іншых удзельнікаў дарожнага руху. Тэхніка павінна быць абсталявана ўсімі неабходнымі знешнімі светлавымі прыборамі, святлоадлюстроўваючымі прыстасаваннямі і маркіроўкай, – адзначыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі.
Вадзім Васільевіч нагадаў і пра выкарыстанне пешаходамі флікераў, веласіпедыстамі – святлоадлюстроўваючых камізэлек. Прывёў прыклад трагічнага здарэння, якое адбылося ў выхадныя ў Гродзенскім раёне, калі мужчына на аўтамабілі ў цемры пераехаў суседа, якія ляжаў на дарозе. Звычайны флікер, якога не аказалася на адзежы загінулага, мог выратаваць яму жыццё.
Іншыя тэмы коратка
24 верасня з 9 да 13 гадзін у Дзятлаве на рынку па вуліцы Слонімскай пройдзе апошні ў гэтым сезоне сельскагаспадарчы кірмаш. Арганізатары абяцаюць музычнае суправаджэнне і традыцыйную латарэю.
****
З 17 па 24 кастрычніка праходзіць добраахвотная грамадская акцыя “Дай лесу новае жыццё!”. Яе мэта – фарміраванне ў насельніцтва беражлівых адносін да лясных рэсурсаў. У рамках кампаніі акцэнт зроблены на аднаўленні лясных масіваў.
****
21 кастрычніка ў цудоўнае свята Дзень бацькі ў Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава пройдзе спартыўна-культурнае свята для мужчын “Тата можа ўсё!”, якое завершыць Тыдзень бацькоўскай любові.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga