Першая ў 2026 годзе рабочая нарада старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з кіраўнікамі і спецыялістамі службаў раёна пачалася з аналізу работы экстранных службаў і прадоўжылася разглядам іншых буднічных пытанняў, вырашэнне якіх спрыяе паступоваму і планамернаму развіццю раёна цяпер ужо ў новым годзе і новай для Беларусі пяцігодцы 2026-2030 гадоў.

Вялікія выхадныя былі спакойнымі

Аб гэтым расказалі кіраўнікі Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык і АУС райвыканкама Вадзім Шчурскі.

Як было адзначана, ратаўнікі і спецыялісты сельскіх саветаў раёна, згодна з графікамі, праводзілі маніторынгі ў жылым сектары, катэгарыраваным групам грамадзян былі раздадзены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, устаноўка якіх будзе знаходзіцца на кантролі Дзятлаўскага РАНС.

Андрэй Садоўскі звярнуў увагу прысутных, што гэтаму пытанню неабходна надаць асабліва пільную ўвагу, як і вядзенню спецыялістамі ўсіх сельвыканкамаў раёна базы ПАК “ИнспектКом”, паколькі гэта тычыцца бяспекі і жыццяў людзей.

У дзяжурную службу аддзела ўнутраных спраў паступіла 34 паведамленні. У рамках крымінальна-працэсуальнага заканадаўства зарэгістраваны два здарэнні. Першае тычылася пагрозы забойствам у час сямейна-бытавога канфлікту: вінаваты быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, пазней у судзе абодва бакі прымірыліся, матэрыял застаецца ў рабоце. Другое – гэта крадзеж таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў з магазіна аграгарадка Хвінявічы. Злодзей затрыманы, абставіны высвятляюцца. У навагоднюю ноч усе святочныя мерапрыемствы ў раёне прайшлі без здарэнняў. Міліцыя рыхтуецца да забеспячэння парадку ў час набажэнстваў і ўрачыстасцяў да праваслаўнага свята Нараджэння Хрыстова.

У новы год – з новымі задачамі

Нягледзячы на тое, што за вокнамі снег, сельгасарганізацыі раёна прыступаюць да рамонту тэхнікі, якая будзе задзейнічана на сяўбе яравых культур. У кожнай гаспадаркі для гэтага распрацаваны графік, якога будуць прытрымлівацца спецыялісты. Справіцца яны павінны да спрыяльнага надвор’я, калі прагучыць каманда выходзіць на палеткі.

Завяршаецца і нарыхтоўка насеннага фонду: па раёне лічба набліжаецца да 81,6 %, не поўнасцю падрыхтавана насенне ў філіяле “АграМілк”, КСУП “Войневічы” і “Жукоўшчына”.

Пачатак года закладвае базу для будучых вынікаў па ўсіх кірунках аграпрамысловай сферы, а таму самая пільная ўвага ў гэтыя дні надаецца і жывёлагадоўлі, асабліва надоям малака. Калі частка сельгасарганізацый Дзятлаўшчыны паспяхова спраўляецца з пастаўленымі задачамі, то крыху “праселі” па малаку Войневічы, Жукоўшчына, Хвінявічы, якім належыць выправіць сітуацыю.

Увогуле, у ліку “зімовых” складальнікаў, якія спрыяюць плённай рабоце ў аграпрамысловым комплексе, гэта цёплыя мехмайстэрні, нарыхтоўка і правільнае захоўванне мінеральных угнаенняў, захаванне ў маразы ўсіх неабходных тэхналогій вытворчасці і, безумоўна, забяспечанасць працоўнымі кадрамі.

Зімовыя радасці і клопаты

На Дзятлаўшчыне да 14 студзеня прадаўжаюцца рэспубліканскія навагоднія акцыі “Нашы дзеці” і “Ад усёй душы”, а таму віншаванні працягваюць прымаць юныя і сталыя жыхары раёна, а радасць і добры настрой ім дораць службы, установы, грамадскія арганізацыі і іншыя дабрадзеі, сэрцы якіх адкрыты для высакародных спраў. Нават зіма нарэшце вырашыла парадаваць беларусаў снегам і маразамі, а таму прыняць удзел ёсць магчымасць не толькі ва ўрачыстых мерапрыемствах, але і ў традыцыйных зімовых забавах, напрыклад, у Дзятлаве пачаў сваю работу каток, дзе прадугледжана выдача ў пагадзінны пракат канькоў, якіх маецца аж 90 пар – хопіць усім жадаючым. Працуе ў райцэнтры і трэнажорная зала, што знаходзіцца ў будынку былой школы-інтэрната.

У сувязі са снежным надвор’ем Андрэй Садоўскі звярнуў увагу ўсіх службаў на расчыстку снегу, і гэта тычыцца не толькі вуліц і дарог, але і тэрыторый установаў, прадпрыемстваў і арганізацый. Паколькі ж дарогі цяпер апрацоўваюцца пясчана-солевай сумессю, то клапаціцца варта і аб своечасовай мыйцы службовага транспарту, а ён пераважна ўвесь абноўлены.

Іншыя тэмы коратка

5 студзеня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі сферы сацыяльнай абароны.    

Распрацавана два варыянты перадпраектнай дакументацыі на пабудову ў Дзятлаве пляцоўкі са штучным лёдам.

Вызначана фінансаванне на другую чаргу рамонту, якая прадугледжвае рамонт басейна ў лазнева-аздараўленчым комплексе райцэнтра. Установа пасля завяршэння работ будзе пераведзена ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

У 2026 годзе будуць адрамантаваны шматкватэрныя жылыя дамы ў Дзятлаве па вуліцах Першамайскай, 11 і Клары Цэткін, 5. У бліжэйшы час адбудуцца сходы жыхароў, на якіх у тым ліку разгледзяць пытані па рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў па добраўпарадкаванні.

Прадоўжацца і рамонты дваровых тэрыторый.

На новую змену ў Беларускі тэхнапарк 8 студзеня адправяцца дзятлаўчане Кірыл Шайбак з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, гімназіст Максім Дзяхцевіч і Лізавета Маліка з Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук.

У рамках акцыі “Нашы дзеці” і калядных святаў на Дзятлаўшчыне мяркуецца правесці традыцыйныя Калядны турнір па валейболе і раённы фестываль школьнікаў “Хрыстаславы”.

На кантролі ў раёне застаюцца пытанні школьнага харчавання, якія будуць ацэнены на міжведамасным савеце ў райвыканкаме. Установы адукацыі забяспечаны неабходным тэхналагічным абсталяваннем і кадрамі, справа – за захаваннем натуральных нормаў харчавання, перспектыўнага меню, санітарных правіл.

Прадоўжыцца работа з індывідуальным падыходам з дзятлаўчанамі, якія не жадаюць працаваць. Як правіла, большасць з іх – гэта парушальнікі антыалкагольнага заканадаўства, а таму яны могуць атрымаць “пуцёўкі” ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Так, за 2025 год падобных аматараў моцных напояў па раёне ізалявана на лячэнне 34 чалавекі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации