“Дажынкі-2026”, будаўніцтва прафілакторыяў, наступствы стыхіі, завяршэнне капітальных рамонтаў дамоў, – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Будні сельскай гаспадаркі
У суботу, 29 жніўня, аграрыі раёна адсвяткуюць галоўную сваю ўрачыстасць – “Дажынкі-2026”. На бягучым тыдні гаспадаркі ставяць кропку на ўборцы зерневых і зернебабовых культур, напрыканцы і сяўба азімага рапсу.
Андрэй Садоўскі паставіў задачу сельгаспрадпрыемствам паскорыцца па ўборцы саломы, актыўней уключыцца ў ворыва глебы, рыхтавацца да збору цукровых буракоў і ўборкі бульбы.
На парадку дня сельгаспрадпрыемстваў будаўніцтва і здача прафілакторыяў для маладняку. Як далажыў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік, у Таркачах ААТ “Граніт-Агра” завяршае работы па ўстаноўцы даху, усталяванні малочнай кухні. У КСУП “Хвінявічы” ажыццяўляецца афармленне дакументаў для ўводу прафілакторыя ў эксплуатацыю. Астатнія аб’екты будаўніцтва таксама на кантролі. Нагадаем, на Дзятлаўшчыне ўзводзяцца шэсць прафілакторыяў у пяці гаспадарках раёна.
Стыхія міма не прайшла
Цыклон “Прыска” пранёсся па Беларусі 22 жніўня. Стыхія закранула і Дзятлаўскі раён. Супрацоўнікі РАНС дзевяць разоў выязджалі на дапамогу насельніцтву раёна па распілоўцы паваленых дрэў; 36 населеных пунктаў, адна малочна-таварная ферма засталіся без электрычнасці. Дзякуючы аператыўнай спрацоўцы аварыйных брыгад, электразабеспячэнне было адноўлена ў лічаныя гадзіны. Увогуле ў Гродзенскай вобласці зафіксаваны 161 выпадак падзення дрэў, пашкоджаны дахі пяці будынкаў і пяці легкавых аўтамабіляў. Аднаўлялі электразабеспячэнне на працягу дня 185 аварыйных брыгад.
Разбойны напад
Рэдкая з’ява ў нашым раёне. Між тым, рэзанансны выпадак адбыўся ў адной з вёсак у мінулыя выхадныя.
Ураджэнец Дзятлаўшчыны, грамадзянін Расійскай Федэрацыі, вярнуўся на малую радзіму каля пяці гадоў таму. Уладкаваўся на працу ў сельскагаспадарчае прадпрыемства жывёлаводам. Добрымі паводзінамі не адрозніваўся. Чатыры разы летась прыцягваўся да адказнасці за парушэнне правапарадку. У студзені бягучага года праваахоўнымі органамі было адкрыта справаводства па ануліраванні яго віду на жыхарства і распачата працэдура высылкі. Аднак, месца жыхарства змяніў не на краіну-суседку, а на турэмную камеру.
У мужчыны і яго “сябра” не было грошай на алкаголь, таму завіталі да суседкі-пенсіянеркі. Прасілі грошы або любое гарачыльнае, хоць лекі на спіртавым растворы. Жанчына адмовіла. Праз некаторы час мужчына вярнуўся адзін і сваю настойлівую просьбу падмацаваў рэальнай пагрозай: узяў са стала кабель зарадкі да тэлефона і накінуў на шыю жанчыне, душыў да той пары, пакуль яна не дастала кашалёк і не аддала з яго 20 рублёў. Пазней высветлілася, што мужчына ўчыніў у гэты ж дзень яшчэ і крадзеж грошай з незачыненага дома гэтай жа суседкі, калі яна была ў агародзе. Злачынца затрыманы, знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Узбуджана крымінальная справа. Яго чакае ад 3 да 10 гадоў турэмнага зняволення.
Іншыя тэмы коратка
РУП ЖКГ плануе завяршыць у верасні ўсе капітальныя рамонты дамоў, запланаваныя на 2026 год. Таксама ў першы месяц восені закончыцца рамонт дваровай тэрыторыі па вуліцы Снітко ў гарпасёлку Наваельня, да канца кастрычніка – па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве.
****
У Беларусі ў сувязі з пачаткам навучальнага года з 25 жніўня па 5 верасня праходзіць акцыя “Увага – дзеці!”. Вадзіцелям трэба перамяшчацца ў светлы час сутак з уключаным блізкім святлом фар.
У ДТЗ на дарогах Беларусі з пачатку 2026 года траўмы атрымалі 245 непаўналетніх.
****
Сёлета 36 дзятлаўчан ізаляваны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі.
****
Да правядзення раённага свята “Дажынкі-2026” адказныя службы актыўна наводзяць парадак. Упрыгожваюць не толькі горад – уздоўж аўтамабільных трас сельгаспрадпрыемствы ўстанаўліваюць саламяныя арт-аб’екты. Такія аб’екты з’явяцца і ў цэнтры горада, іх творчым афармленнем займаюцца арганізацыі Дзятлава. На плошчы 17 Верасня хутка размесціцца тэматычны банер. РУП ЖКГ правядзе замену ўязных знакаў.
****
16 верасня плануецца ўрачыстае адкрыццё пасля рэканструкцыі Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
28 жніўня з 10 да 12 гадзін намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела па працы і…
Время подталкивает Беларусь и Россию к тому, чтобы работать вместе. Об этом Президент Беларуси Александр…
У час Адзінага дня інфармавання да адной з інфармацыйных груп звярнулася дзятлаўчанка. Жанчына наракала на…
В ходе контрольных мероприятий Комитета государственного контроля Гродненской области неоднократно устанавливались нарушения трудовой дисциплины в…
На тэрыторыі Гродзенскай вобласці сістэматычна рэгіструюцца небяспечныя метэаралагічныя з’явы, якія негатыўна ўплываюць на функцыянаванне аб’ектаў…
В Островце завершился 14-й тур чемпионата Гродненской области по футболу (вторая лига, региональный этап). В…