(Віль Селуянаў, сын Праскоўі Якушавай, партызанскай сувязной, акушэркі Дзятлаўскай грамадзянскай бальніцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны)
Перад самай вайной мы жылі ў польскім горадзе Замбруве. Бацька, маёр медыцынскай службы 119 палка 13 стралковай дывізіі, у красавіку 1941 года быў накіраваны на курсы ўдасканальвання ў Мінск. Мы ж утраіх, я, мама і малодшы брацік Жэнька, засталіся адны ў сваёй аднапакаёвай кватэры ў ваенным гарадку. Былі радасныя дні, калі бацька прыязджаў на пару дзённа свята 1 Мая. Тады ўся нашасям’я збіралася за святочным сталом. Бацька насіў нас на руках, даставаў шакаладкі, падарункі, расказваў нешта цікавае маме, а потым мы ўсе разам ішлі глядзець на сапраўднае свята ў ваенным гарадку. Асаблівае захапленне ў хлопчыкаў выклікалі бронемашыны, якія праязджалірадамі, зенітныя ўстаноўкі, а ў чыстым небе двухкрылыя знішчальнікі расстрэльвалі “конусы”, напоўненыя паветрам. Кавалерысты на скаку спрытна секлі саламяныя пудзілы, якія нагадвалі японцаў-самураяў, і спрытна нанізвалі на клінкі невялікія металічныя калечкі. Байцы спявалі вясёлыя песні, а на стрэльбішчы за гарадком пачыналіся спаборніцтвы.
Мама, як і многія жонкі камандзіраў, умела страляць не толькі з вінтоўкі, але і з кулямёта, нядрэнна кідала гранаты. Я,праўда, вельмі спужаўся, калі яе кулямёт аглушальна загрымеў: кінуўся бегчы дадому, а Жэньку – хоць бы што! Вярнуўшыся, я заўважыў, што іншыя хлопцы затыкаюць вушы, але не ўцякаюць. Страх прайшоў, стала нават весела.
Вечарам у кінатэатры з паўкруглым дахам дэманстраваўся фільм з хронікай. Калі ў хроніцы з’яўляліся члены нашага ўрада разам са Сталіным, чуліся апладысменты. Фільмы заўсёды былі вельмі цікавыя. Байцам жа паказвалі кіно проста пад адкрытым небам, мы паспявалі і туды.
Наша дывізія размяшчалася ў раёне станцыі Чырвоны Бор. Мяжа была тут жа, а за ёй – немцы.
Невялікі польскі гарадок Замбрув быў для нас дзіўным сваёй ажыўленасцю, шматлікімі дробнымі лаўкамі, майстэрнямі, фотаатэлье на вузкіх утульных вулачках, строгім касцёлам і кветнікамі перад кожным домам. А рынак быў яшчэ больш шматлюдным. Яйкі прадавалі не дзясяткамі, як у нас, а цэлай “капой”, па шэсцьдзясят штук. Паўкілаграмовыя брыкеты сметанковага масла былі акуратна ўпакаваны ў пергамент. Віселі свіныя тушы, рады птушкі, прысмакі. Дома мы разглядалі яркія польскія дзіцячыя кніжкі і малявалі кракаўскімі фарбамі”Іскра” з шасціканцовымі зорачкамі. Насельніцтва гарадка – палякі, беларусы, яўрэі і нават трохі рускіх, бежанцаў часоў Першай сусветнай вайны, якіяаселі тут з 1922 года. У ваенным гарадку мы жылі адасоблена, выходзілі ў горад толькі па пільнай патрэбе.
Мама працавала акушэркай і наведвала шматлікія гурткі і курсы, амаль абавязковыя для жонак камандзіраў. У клубе вечарамі праводзіліся палітзаняткі, працаваў драмгурток, курсы машынапісу, лекцыі. Жыццё было цікавае і паўнавартаснае.
Аднаго разу над Замбравам кружыў нямецкі самалёт. Незвычайны гул матораў. Нашы ястрабкі не падымаліся ў неба. Было спакойна, цёпла і хораша. Самалёт пакружыўся і паляцеў у бок Чырвонага Бору. А 19 чэрвеня па гарадку пранеслася вестка, што нашы затрымалі дваіх шпіёнаў з таго боку. Іх некуды павезлі.
У суботу, 21 чэрвеня, з вучэнняў вярнуўся 119-ы полк. Вечарам я пабег у артполк глядзець кіно пад адкрытым небам. Мама з Жэнькам і са знаёмымі жанчынамі пайшлі ў клуб глядзець фільм “Сяброўкі”. Мне падабалася глядзець кіно разам з байцамі. Здаровы пах ботаў, махоркі, гімнасцёрак, гумар і апекаванне над намі, дзецьмі.
Калі вярнуліся дадому, заўважылі, што кошка стала нейкай неспакойнай. Выцягнула са скрыначкі сваё адзінае кацяня і пачала насіць яго ў розныя месцы. Мама расказала, што і індычкі ў хляве таксама ўвесь дзень былі неспакойныя. Залезлі пад дах, мітусіліся там.
Страшная бяда насоўвалася на нас.
Пад раніцу мама разбудзіла мяне і браціка і пачала апранаць.
– Уставайце, дзеткі мае, вайна!
У мяне з’явілася дрыготка ў каленях. Жэнька ніяк не прачынаўся. Я пачаў мітусіцца. Схапіў свой цацачны лінкор, затым узяў кацяня, якое вылезла са скрыначкі, зноў паклаў яго на месца.
Недзе далёка, у раёне аэрадрома, быў пажар. Чуліся трывожныя галасы на вуліцы. Мама пабегла ўніз, а я адчыніў сундук на кухні, дзе заўсёды ляжалі цукеркі. Падняў крышку – там нічога, толькі кавалкі цукру. Напхаў у кішэні цукру.
На лесвіцы голас:
– Зноў герман ляціць!
Прыбегла мама, схапіла Жэньку на рукі – і ўніз. Я следам за ёй. Там ужо шмат жанчын і дзяцей. Палітрук Мутасаў патрабуе, каб усе ішлі ў бомбасховішча, але ніхто не ідзе.
– Усіх вас эвакуіруем і ахову дадзім. Але зараз трэба ўсім быць разам. Наша дывізія пайшла на Германію.
З’явіліся зялёныя ваенныя палутаркі.
—Першыя – жанчыны з дзецьмі. Спакойна! – камандуе нехта.
Некалькі байцоў у касках і з вінтоўкамі таксама з намі. Але пачалася неразбярыха. Нехта ўдарыў мяне ботам у грудзі, і я сарваўся з борта машыны. Але моцныя рукі падхапілі мяне ўверх да мамы. Перашкаджаюць поўныя кішэні, але я маўчу. Побач, прытуліўшыся, сядзіць хлопчык гадоў 13, Валя Кулікоў. Яго прывёў бацька-камандзір.
–Баюся за вас, – кажа ён маме. – Такое робіцца ў дарозе. Можа, куды ў вёску адвезці. Не ведаю сам, як лепш.
–Нельга тут заставацца, – крычыць жанчына з Ломжы. – Немцы там з радзільнага дома ўсіх выкінулі.
Супакойваюць байцы ў касках і з вінтоўкамі, якія моўчкі сядзяць спераду і па бартах машын. У пярэдняй машыне камандзір Багачэнка. У суседняй –начальнік клуба Алебашаў. Усёй адпраўкай заняты камандзір Навумаў. Паехалі ў бок Чырвонага Бора, а затыму бок Беластока. Зусім светла. Адразу ж каля дарогі ўбачылі спаленыя грузавікі і бронемашыну. Моцны пах гарэлага. Пранесліся на вялікай хуткасці побач. Ніякіх прыпынкаў. Трымаліся, хто як можа, інакш вылеціш за борт.
Самае страшнае пачалося, калі ўдалечыні з’явіліся фашысцкія самалёты. Першы з жоўтай паласой пранёсся так нізка, што відаць быў твар лётчыка. Пачуліся крыкі жанчын. Ніхто яшчэ не разумеў, што здарылася. Але калі ўбачылі першую кроў забітых і параненых жанчын і дзяцей, людзі змоўклі.
Другі самалёт прамільгнуў нейкімі жоўта-чорнымі колерамі, і яго гул знік за лесам. Мы не ведалі, што рабілася ў пярэдніх машынах. Байцы страляюць услед самалётам. Абганяем пярэднюю машыну, якая з’ехала набок, і на вялікай хуткасці праносімся побач з людзьмі. Рэзкі прыпынак, затым паварот у лес. Над шашой зноў пралятаюць два самалёты, паліваючы машыны з кулямётаў. Людзі выскокваюць за байцамі. Я падаю тварам на зямлю, толькі іскры ў вачах. Мама, закрываючы Жэньку сабой, крычыць мне, каб падаў на зямлю.
У лесе страшэнны грукат. Самалёты бамбяць уздоўж шашы ўсю лясную паласу. У вушах звон ці то ад падзення з машыны, то ад разрываў бомб. Мама крычыць, што трэба адкрываць рот і затыкаць вушы. Забітыя застаюцца ў лесе. Параненых перавязваюць хто чым можа. Самалёты знікаюць, але ў лесе крычаць. Садзімся ў машыну. Мы ўсе разам, але ў многіх усё перамяшалася: дзеці ў адной машыне, маці – у другой. Крычаць, каб прыглядвалі.
Наступныя налёты вызначаюцца невядома як. Машыны раптам зварочваюць у лес, а людзі скачуць праз барты. Я зноў лячу тварам уніз. Не адчуваю ніякага болю. Байцы бягуць некуды далёка ў лес. Яны ж першыя і вяртаюцца, пакуль мы яшчэ поркаемся каля ўзбочыны дарогі. Бомбы ўзрываюцца з металічным лязгатам.
Мама перавязвае аднаго параненага байца. Уся галава ў крыві, не відаць вачэй. Яна адрывае частку сукенкі і перавязвае яго далей. Другі баец, прытуліўшыся да сасны, просіць застрэліць яго – увесь жывот у крыві. Побач хлопчык з вырваным бокам жывата і вываленай адтуль ныркай. Санітарная сумка мамы пустая. Мама рве адзенне і перавязвае яго. Параненыя просяць вады. Гараць дрэвы ў лесе. Некалькі машын разбіта дашчэнту. Хто застаўся жывы, неяк стараецца залезці ў машыну. Хтосьці прапаноўвае жанчынам завязаць на галовы белыя хусткі, каб з самалётаў было відаць, што тут мірныя людзі. Нічога гэта не дало: апошні налёт яшчэ больш жорсткі – дзясяткі забітых і ў белых хустках, і без іх. У адной з машын я раней заўважыў бабульку, якая пры налёце не выскоквала з кузава машыны, але засталася жывая. Зараз яе не відаць. За паваротам гарыць лес. Праносімся на вялікай хуткасці. За дымавой заслонай спыніліся. Байцы саскокваюць, але нам загадваюць сядзець. Хутка вяртаюцца і працягваюць каскі і пілоткі з вадой. Прагна п’ю ўсю цёплую балотную ваду.
Прапаў шасцігадовы Вова Ялінскі. На ім было белае футра. Яго мама Ганна бегае сярод людзей з немаўляткам на руках, распытвае. Не відаць сонца ад дыму. Дазволілі вылезці з машын. На шашу нельга выязджаць. Усе ідуць да балота і зноў п’юць цёплую ваду. Грызём цукар і запіваем балотнай вадой.
Гучыць каманда: “Па машынах!” Чуюцца размовы, што нам трэба прарвацца да Беластока, а там – на цягнік. Хутчэй трэба. Выязджаем на шашу і на вялікай хуткасці імчымся наперад. Толькі б не наляцелі самалёты!
Удалечыні відаць лес – хоць бы паспець! Наступны налёт. Фашысты, напэўна, вырашылі знішчыць усё жывое ў гэтым беластоцкім лесе. Каб нехта не падхапіў мяне, я не паспеў бы выскачыць з машыны. Побач усё страсянулася так, што я ледзь не аглух. Паўзу за мамай, а ў яе ўся нага ў крыві. Не відаць Жэнькі, нічога не чую. Мама перавязвае нагу. У вушах – звон. Мама перавязвае і мне галаву, я бачу свае рукі ў крыві. Левая рука ў мяне нібыта перарэзана ўпоперак. А мне не баліць. Мама перавязвае і руку. Утыкаюся ў маміны калені і ляжу нерухома. Стала лепш. Чую ужо, як мама крычыць:”Жэня!” Яго нідзе няма. На ўзлеску – густое жыта. З-пад разбітай машыны чутны сіпаты Жэнькаў голас. Мама кідаецца туды. Ён! Ляжыць на баку, а яго прыкрывае паранены баец. Ад крыку Жэня зусім асіп. У байца паранены абедзве нагі. Мама з пілоткай байца паўзе да балотца па ваду. Гэты баец – мамін знаёмы, ён працаваў у сталоўцы ваенгандлю, здаецца, родам з Мінска. Мама перавязвае яму ногі, разарваўшы яго ж кашулю. Пакуль працягваўся налёт, баец так і заставаўся пад машынай, закрываў Жэню.
Налёт скончыўся, і мы пашлі ў лес шукаць Валю Кулікова. З ім здарылася жудаснае: калі наляцелі самалёты, ён выскачыў першы і кінуўся ў лес, але бомбы траплялі гэтым разам менавіта на лес. Яны рваліся, зносячы агромністыя сосны са страшэнным трэскам. Хлопчык у жаху мітусіўся сярод агню і грукату. Яго кідала выбуховай хваляй з такой сілай, што ён траціў прытомнасць. Мы знайшлі яго каля вялікай сасны. Ён ненатуральна закідаў галаву назад. Асколак прабіў яму скроню і левае вока. Адтуль цякла кроў нейкімі згусткамі. Мама выцірала яго, а ён усё паказваў, дзе ўзарвалася бомба. І не плакаў, нават не стагнаў. Мама перавязала яго, адарваўшы падкладку ад паліто, якое мы не кідалі. Пайшлі, падтрымліваючы адзін аднаго, да шашы. На шашы некалькі разбітых палутарак і бітком набітая бронемашына. Мама ўціскае туды Валю, больш нікога не бяруць. Астатнія жывыя садзяцца ў дзве палутаркі. З цяжкасцю выязджаем на шашу і едзем некалькі кіламетраў. Прыпынак. Два байцы ідуць на разведку. Ужо цёмна. Зварочваем з шашы і спыняемся ў кустах ля балотца. Успыхвае неба на ўсходзе. Там нашы…
Падрыхтавала да друку
Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея
У другой палове дня ў райвыканкаме практычную частку мерапрыемства змяніла пасяджэнне выязной калегіі ўпраўлення культуры…
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда ў…
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда наведаў…
Президент Беларуси Александр Лукашенко в интервью французскому журналу Le Point 17 ноября высказался о роли…
Перечень заготовителей и объемы поставок (закупок) сельскохозяйственной продукции и сырья для республиканских государственных нужд на…
Вопрос: Будет ли иметь право на дополнительную профессиональную пенсию в системе профессионального пенсионного страхования (далее…