Восень, калі падумаць, – самая шчодрая пара года. Пахне восень свежымі яблыкамі, радуе золатам дрэваў, глядзіць стракатымі вочкамі астраў, свеціць рыжымі зорачкамі аксамітак, вабіць грыбным лесам. Можна сказаць, што такая ж шчодрая для людзей і восень жыцця. Чалавек залатога ўзросту – мудры і вопытны чалавек, які дакладна ведае, што яму падабаецца, да чаго ён імкнецца. Нездарма кажуць, што на пенсіі жыццё толькі пачынаецца.
Як жывуць людзі залатога ўзросту, у чым яны знаходзяць радасць для сябе, карэспандэнтка высвятляла ва ўдзельнікаў клуба “Нам гады не бяда” (кіраўнік Г. Э. Касцюк), які працуе ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.
Лілія Васільеўна Саўрасевіч:
– Калі выходзіш на пенсію, здаецца, што жыццё заканчваецца. Гэта не так – яно кардынальна мяняецца. Дзякуючы клубу “Нам гады не бяда”, у мяне з’явіліся новыя сябры, з якімі ў нас шмат агульных інтарэсаў. Напрыклад, асаблівае задавальненне прынеслі нашы летнія паездкі. Мы пабылі ў Міры, Нясвіжы, Лаўрышаўскім манастыры, ля паклонных камянёў у Горцы, на сядзібе “Каля дуба”. У клубе для нас адкрываюцца новыя магчымасці, тут можна пазаймацца на камп’ютары. Дарэчы, у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” ёсць старонка клуба “Нам гады не бяда”, на яе падпісаны шмат сяброў.
Запісала І. Каўкель.
Фота аўтара.