Чаго можна дасягнуць, калі разам узяцца за добрую справу, карэспандэнтцы газеты расказалі дырэктар Наваельнянскай сярэдняй школы М. Я. Лашкоўская і настаяцель прыхода храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы пасёлка Наваельня Валерый Мануйла.

Марына Яўгенаўна Лашкоўская:

— Духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў — адна з асноўных задач школы, і нашы педагогі праводзяць сістэмную работу па прывіцці маральных якасцяў дзецям. На пачатку кожнага навучальнага года мы адкрываем факультатыўныя заняткі, скіраваныя на вырашэнне гэтай задачы. Сёлета адкрыты факультатывы “Чалавек у свеце каштоўнасцяў”, “Асновы праваслаўнай культуры”, “Этыка міласэрнасці”. Іх наведваюць дзеці розных узростаў: ад навучэнцаў малодшых класаў да старэйшых школьнікаў. У студзені 2015 года запланавана пачаць рэалізацыю праекта па супрацоўніцтве з праваслаўнай царквой “Сем промняў дабрыні”.

У школьнай бібліятэцы дзейнічае выстава праваслаўнай літаратуры, якая абнаўляецца раз на чвэрць, наладжана падпіска на дзіцячы праваслаўны часопіс “Колыбель”. 45 навучэнцаў нашай установы наведваюць нядзельную школу, прымаюць удзел у богаслужэннях. Айцец Валерый — часты ўдзельнік школьных мерапрыемстваў. Раз у чвэрць у нас праходзіць Тыдзень духоўнага выхавання з запрашэннем святара. Праз школьны музей “Дзеці ліхалецця” актывізавана даследчая дзейнасць навучэнцаў у гэтым накірунку: дзеці і настаўнікі заняліся распрацоўкай тэмаў “Праваслаўныя храмы Дзятлаўшчыны” і “135 гадоў царкве Нараджэння Прасвятой Багародзіцы”. Яшчэ адна традыцыйная форма работы са школьнікамі — прагляд і абмеркаванне кінастужак. Апошняя стужка, якую паглядзелі і правялі размову са святаром, — “Штучнае шчасце”. Летась мы пачалі актыўна практыкаваць флэшмобы, у час якіх дзеці выходзяць на вуліцы гарпасёлка, раздаюць жыхарам брашуркі, расказваюць пра дабрыню, заклікаюць змагацца з дрэннымі звычкамі. У школе рэгулярна праходзяць лекторыі і круглыя сталы на актуальныя тэмы маральнасці: “Уцягненне моладзі ў дэструкцыйныя секты”, “Аб шкодзе абортаў”, “Праблемы выхавання маральнасці”. На класных гадзінах настаўнікі таксама абмяркоўваюць гэтыя тэмы з навучэнцамі.

Сярод актыўных формаў работы — экскурсіі і паездкі па памятных мясцінах і аб’ектах духоўнай культуры. На восеньскія канікулы запланавалі экскурсію па маршруце Наваельня — Жыровічы — Сынкавічы. У школе распрацаваны план правядзення экскурсій, выбраны маршруты, якія могуць зацікавіць навучэнцаў. Ну і вядома, адна з важнейшых падзей, якая нядаўна адбылася і да якой мы старанна рыхтаваліся, — адкрыццё нядзельнай школы. Парадавала, што дзеці самі прасіліся прыняць удзел ва ўрачыстасці, з задавальненнем рыхтавалі песні і вершы.

У нашай школе вучацца не толькі выхадцы з праваслаўных сем’яў, але і каталікі, баптысты. А таму педагогі прывіваюць дзецям паважлівыя адносіны да прадстаўнікоў розных веравызнанняў. Мы цесна супрацоўнічаем і з ксяндзом Веславам, ён таксама часты госць у нашай школе.

Рахункуючы сказанае, хачу ўзгадаць словы Песталоці: “Дзейсная любоў да людзей — вось прызначэнне настаўніка”. Я таксама лічу, што мяняць жыццё людзей да лепшага можна толькі з любоўю. Настаўнікі — гэта прыклад для вучняў. А царква — наш надзейны памочнік у гэтай справе. Сама атмасфера храма і прысутнасць святара выхоўваюць. Дзецям гэта цікава, ім падабаецца такое супрацоўніцтва, яны самі становяцца ініцыятарамі многіх ідэй, захопліваюць імі нас, дарослых. Лічу, што вера і любоў — гэта той падмурак, на якім фарміруецца ўсебакова развітая маральна і духоўна ўстойлівая асоба.

Айцец Валерый Мануйла:

— Сёлета нашаму храму Нараджэння Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Наваельня спаўняецца 135 гадоў. Радуе, што гэтая дата звязана з яшчэ адной значнай падзеяй — адкрыццём духоўна-асветніцкага Цэнтра ў гонар святога праведнага Іаана Кранштадскага. Справа ў тым, што нядзельная школа пры нашай царкве дзейнічала ўжо даўно, але знаходзілася яна далёка, і дзецям да нас было нязручна хадзіць. Для вырашэння праблемы па благаславенні ўладыкі Гурыя мы змаглі перанесці яе ў новы будынак.

Новы духоўна-асветніцкі Цэнтр дапаможа ўдасканаліць і пашырыць работу царквы з дзецьмі, бо, як мы бачым, цяперашняе пакаленне ўпадае ў грахоўнае жыццё. Гэта ўжыванне алкаголю, уседазволенасць, наркотыкі. Не сакрэт, што краіну “наваднілі” небяспечныя для жыцця падлеткаў “спайсы”, пад уздзеяннем якіх людзі становяцца падобныя на жывёлін. Вядома, Гасподзь стварыў і нас, і братоў нашых меншых жывымі істотамі, але, у адрозненні ад жывёлін, чалавека ён надзяліў магчымасцю думаць, рабіць добрыя справы, мікнуцца да Бога. А што значыць імкнуцца да Бога? Гасподзь сказаў: “Будзьце дасканалыя, як я дасканалы ёсць”. Гэтым чалавек і адрозніваецца ад іншых істотаў. А цяпер атрымліваецца так, што чалавек, якому Бог даў розум, становіцца падобны на таго, у каго розуму няма, адбываецца дэградацыя грамадства. Гэта праблема актуальная для нашай дзяржавы і для царквы. Царква павінна выхоўваць у людзях духоўнасць — тое імкненне да дасканаласці, якое запаведаў Бог. Як паказвае практыка, старэйшае пакаленне “настаўляць” на правільны шлях ужо складана. Вось і адкрываюцца нядзельныя школы, каб выхоўваць дзетак яшчэ з маленства, прывіваць ім духоўныя і маральныя якасці, хрысціянскую любоў, імкненне да дабра. Нават такія простыя навыкі, як павітацца, саступіць дарогу варта выхоўваць у раннім узросце, а калі дзіця падрасце, яно будзе паводзіць сябе, як навучылі. Калі ж малое не бачыць станоўчага прыклада ці расце ў ненадзейнай сям’і, чаго можна чакаць? Задача нядзельных школ — навучыць нашых дзяцей рабіць добрае.

Акрамя вывучэння “Закона Божага” і катэхізацыі, у нашым Цэнтры дзеці займаюцца вязаннем, маляваннем, наведваюць гурток харавых царкоўных спеваў (працуюць тры выхавальнікі і выкладчык спеваў). Галоўнае, што імкнёмся прывіць вучням — любоў і павагу да блізкіх, настаўнікаў, старэйшых — гэта аснова ўсяго. Выхоўваем маральныя якасці, вучым пазбягаць непатрэбных мерапрыемстваў. Яшчэ псалмаспевец цар Давід казаў: “Блажен муж, иже не идет на совет нечестивых”. Мы тлумачым дзецям, чаго не варта рабіць, дзе не варта бываць. Стараемся ўсебакова развіваць школьнікаў, закранаем і бытавыя пытанні: як правільна апрануцца дяўчынцы, чаму неабходна чысціць абутак, быць акуратным. Простыя паняцці, абмеркаваныя са святаром, застаюцца у сэрцах вучняў назаўсёды.

Мы стараемся, каб дзецям у нас падабалася, каб ім было цікава, прапаноўваем розныя заняткі: лекцыі і маляванне, прагляды кінастужак і вязанне, збіраемся паставіць некалькі трэнажораў, каб вучні мелі магчымасць актыўна адпачыць, хочам набыць для дзяўчынак швейныя машынкі. Добрых задумак шмат, і мы пастараемся зрабіць усё неабходнае, каб школьнікі ішлі да нас з радасцю, атрымлівалі тут тыя веды і выхаванне, якія дапамогуць ім стаць годнымі людзьмі.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации