У Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці віншаванні з прафесійным святам прымалі работнікі сферы адукацыі раёна.
Самыя шчырыя словы на іх адрас прагучалі ад прадстаўнікоў раённай улады, грамадскіх арганізацый, духавенства, калегаў.
Першымі педагогаў павіталі, вядома ж, дзеці. Пасля на сцэну для настаўнікаў Дзятлаўшчыны ўнеслі святочныя кветкі – падарунак старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Сёлета ў ліку важкіх дасягненняў педагогаў раёна – заслужаныя ўзнагароды: на абласным педагагічным свяце начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская адзначана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”, Ганаровай граматай міністэрства ўзнагароджана галоўны спецыяліст аддзела Алена Чайкоўская, Падзячны ліст Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі атрымаў Дзятлаўскі раённы вучэбна-метадычны кабінет у асобе загадчыцы Таццяны Кулеш, у Кнігу пашаны маладых спецыялістаў Гродзеншчыны ўнесена імя настаўніцы англійскай мовы Круцілавіцкай сярэдняй школы Карыны Папко.
– У кожнага чалавека ёсць настаўнікі, чыя мудрасць і добрыя парады дапамаглі сфарміраваць светапогляд і маральныя каштоўнасці, вызначыцца з выбарам жыццёвага шляху. Высакародная праца настаўніка фарміруе асобу маладога грамадзяніна, закладвае будучыню Рэспублікі Беларусь, – адзначыў, віншуючы педагогаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён уручыў лепшым заслужаныя ўзнагароды ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.
Самыя цёплыя словы прагучалі на адрас работнікаў адукацыі раёна і педагогаў-ветэранаў ад Марыны Лашкоўскай. Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь яна ўручыла загадчыцы Гезгалаўскага дзіцячага сада Святлане Гурскай, грамату міністэрства – намесніку дырэктара Вензавецкай сярэдняй школы Наталлі Тамашовай, Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама – настаўніцам Новаяльнянскай сярэдняй школы Алене Варанец і Казлоўшчынскай сярэдняй школы Жанне Цяцерынай, Граматы ўпраўлення – настаўніку-дэфектолагу дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава Святлане Духоўнік, музычнаму кіраўніку Гезгалаўскай сярэдняй школы Наталлі Капковіч, настаўніцы Новаяльнянскай сярэдняй школы Вользе Юшкевіч. Заслужаныя ўзнагароды раённага аддзела адукацыі райвыканкама атрымалі і іншыя педагогі.
Эстафету віншаванняў пераняў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ігар Кухарэвіч. З высокай узнагародай “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” ён павіншаваў Марыну Лашкоўскую, а таксама ўручыў падарункі ад “Белай Русі” актывістам раённага аб’яднання з ліку педагогаў.
Узнагароды ад Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ўручыў старшыня раённай арганізацыі Станіслаў Фабішэўскі.
Віншавальны ліст педагогам ад намесніка Жыровіцкай Свята-Успенскай абіцелі архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя прачытаў благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель. Іконай на плённую працу ён блаславіў новага начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Марыну Лашкоўскую.
Як знак павагі і пашаны педагогам-ветэранам, прысутным у зале, дзеці падарылі святочныя букеты кветак.
Яркі сюрпрыз у форме святочнага канцэрта для работнікаў сферы адукацыі падрыхтавалі іх вучні, калегі, артысты і творчыя калектывы Дзятлаўшчыны.
Ірына СТЫРНІК