Праграму святочных мерапрыемстваў да Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Дзятлаве адкрыла выстава-прэзентацыя прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый “Для цябе, родная Беларусь!”
Сваю прадукцыю і паслугі ўдзельнікам свята прадстаўляюць ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, Дзятлаўскі раён газазабеспячэння, ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, вытворчы ўчастак “Боркі” ААТ “Рагозніцкі крахмальны завод”, ААТ “Наваельнянскі камбінат хлебапрадуктаў”, санаторый “Радон”, аддзяленне паштовай сувязі горада Дзятлава, ЦБУ 407 філіяла №413 ААТ ААБ “Беларусбанк”, РКЦ №22 філіяла ААТ ААБ “Белаграпрамбанк”, ААТ “Дварэцкі льнозавод”, Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства.
Дзятлаўскія сыраробы па добрай традыцыі не толькі гандлююць сваёй прадукцыяй, а і зацікаўліваюць патэнцыяльных пакупнікоў дэгустацыяй. Іх суседзі па пляцоўцы — ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” таксама наладзілі дэгустацыю ўсіх відаў квасу, які выпускае завод.
Лясгас прадае мёд, венікі для лазні, дэкаратыўныя саджанцы, рэкламуе сядзібу “Дом паляўнічага” і паляўнічыя трафеі. Дабрачынную акцыю “Дрэва дабра” на карысць дзяцей-інвалідаў і дзяцей-сірот ладзяць работнікі паштовага аддзялення. Валанцёры раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа ў самым бойкім месцы, ля гарадской сцэны, пояць усіх жадаючых гарачым чаем. І гэта вельмі дарэчы, бо дзень пакуль не радуе цяплом.
З раніцы ля павільёнаў не вельмі шматлюдна, найбольш наведвальнікаў і пакупнікоў тут чакаюць а поўдні. Наогул, цікавага на плошчы 17 Верасня шмат, і найлепш самому ўсё пабачыць і пачуць.
І. КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара