Categories: Падзеі

Дзятлава наведала сям’я Дварэцкіх з Ізраіля

Дзятлава наведала сям’я Дварэцкіх з Ізраіля, якія ў складзе чатырох чалавек прыляцелі ў Беларусь, каб пабыць на радзіме сваіх продкаў. Адзін з гасцей, дзіцячы ўрач, прыляцеў спачатку з Аргенціны ў Ізраіль, каб разам са сваёй раднёй   дакрануцца да мацэл сваіх блізкіх і сабраць каменьчыкі на яўрэйскіх могілках у Дзятлаве.

Як стала вядома з размовы, госці аказаліся  ўнукамі роднай сястры  Альтара Дварэцкага, вядомага ўсім яўрэям, якія выжылі ў Дзятлаве ў гады Халакосту. Сястра выехала з сям’ёй за мяжу ў 1926 годзе, а малодшы брат застаўся ў Дзятлаве.

Хто ж такі Альтар Дварэцкі? Каб адказаць на гэта пытанне, трэба вярнуцца ў гады акупацыі Дзятлава.

Перад  вайной у Дзятлаве  жыло 2376 яўрэяў — амаль 60% мясцовага насельніцтва. У 1939-1941 гадах у горад прыбыло мноства яўрэйскіх уцекачоў з заходняй і цэнтральнай Польшчы, захопленай Германіяй. Да чэрвеня 1941 года  яўрэйскае насельніцтва Дзятлава ўзрасло  больш чым да 4500 чалавек.

Мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй 3 гады — з  30 чэрвеня 1941 года да 9 ліпеня 1944 года. Адразу пасля акупацыі ваенны камендант Дзятлава загадаў  яўрэям пад пагрозай смерцi прышываць спераду і ззаду жоўтыя нашыўкі на адзенні, без іх яўрэі не мелі права з’яўляцца на вуліцах.

Немцы вельмі сур’ёзна ставіліся да магчымасці яўрэйскага супраціўлення і таму ў першую чаргу забівалі яўрэяў-мужчын ва ўзросце ад 15 да 50. Па гэтай прычыне 23 ліпеня 1941 году каля 120 з найбольш паважаных яўрэяў са спісу, складзенага айнзацгрупай, сабралі на плошчы. Сярод арыштаваных былі Альтар  Дварэцкі, рабін  і Янкель Каплан. За хабар, дадзены паліцаям, удалося вызваліць Дварэцкага і рабіна. Астатніх забралі нібыта на прымусовыя работы, але праз два дні высветлілася, што іх забілі ў лесе каля казармы ў г. Наваградку.

У канцы жніўня 1941 года быў сфарміраваны юдэнрат- яўрэйскае самакіраванне ў гета. Яўрэйскае гета- гэта месца прымусовага перасялення яўрэяў горада Дзятлава падчас акупацыі. У склад юдэнрата ўвайшлі Альтар Дварэцкі, Гірша Віньямовіч, Іегуда Лускі, Мошэ-Мендэль Лейзяровіч, Элі Наваленскі, Давід Сендзяроўскі, Файвель Эпштэйн, Шауль Каплінскі, равін Іцхак Рэйсера  і Берл Рабінові. Шмуэль Кусцін быў прызначаны старшынёй юдэнрата, а Дварэцкі — яго намеснікам. Неўзабаве 37-гадовы Дварэцкі (ён атрымаў адукацыю адваката ў Берліне і Варшаве) замяніў Кусціна ў якасці кіраўніка юдэнрата.

28 лістапада 1941 года яўрэяў Дзятлава прымусілі здаць усе каштоўныя рэчы. Лібэ Геркоўскага абвінавацілі ва ўтойванні золата і застрэлілі на вачах у людзей. 15 снежня 1941 году каля 400 яўрэяў-мужчын адправілі ў працоўны лагер мястэчка Дварэц  на будаўніцтва аэрадрома пад кантролем нацысцкай арганізацыі Тодта.

22 лютага 1942 года нацысты сагналі ўсіх дзятлаўскіх яўрэяў (4500 чалавек) у гета, якое было арганізавана ў раёне сінагогі. Гета было закрытага тыпу, цалкам ізалявана ад знешняга свету, абгароджана драўляным плотам з калючым дротам і кругласутачна ахоўвалася, двое мясцовых паліцаяў заўсёды дзяжурылі каля брамы.

Любыя кантакты з неяўрэйскім насельніцтвам, нават размовы, забараняліся пад страхам смерці, перадача ежы ў гета каралася расстрэлам абодвух бакоў. Тым не менш  мясцовыя  жыхары  знаходзілі магчымасць прыносіць у гета ежу, прадаючы яе за золата, адзенне і іншыя рэчы. Яўрэяў, выводзячы з гета ў калонах на прымусовыя работы, старанна ахоўвалі.

У дамы немцы засялілі па 5-6 сем’яў, многія  сем’і былі падзелены. У кожным пакоі былі вымушаны туліцца па 8 і больш чалавек. Мэбля з дамоў у гета была вынесена, каб змясціць усюды двух’ярусныя ложкі.

Восенню 1941 года, яшчэ да стварэння гета, Альтар Дварэцкі арганізаваў падпольную групу супраціўлення колькасцю каля 60 чалавек. Ён усталяваў сувязі з яўрэямі ў бліжэйшых вёсках, а таксама з групай аператыўнікаў Чырвонай Арміі, якія арганізоўвалі партызанскія атрады ў нашым раёне. Дварэцкі падзяліў групу на 20 ячэек, кожная з якіх складалася з 3-х чалавек. Некаторую  колькасць зброі яны змаглі набыць  яшчэ за месяц да стварэння гета. Каля дзесяці сябраў падпольнай арганізацыі здолелі ўвайсці ў склад яўрэйскай паліцыі гета, каб валодаць аператыўнай інфармацыяў і пры неабходнасці папярэдзіць астатніх.

Група на чале з Дварэцкім ставіла наступныя мэты: збіраць грошы, каб купіць зброю і прынесці яго ў гета; падрыхтаваць запас зброі для нападу на ваенную камендатуру ў тым выпадку, калі немцы пачнуць ліквідоўваць гета.

20 красавіка 1942 года Дварэцкі і 6 яго паплечнікаў былі вымушаны  бегчы ў лес, таму што немцы даведаліся аб іх арганізацыі; сам Альтар Дварэцкі неўзабаве пасля гэтага быў забіты ў засадзе.

Гета ў Дзятлаве было знішчана  ў  выніку двух масавых расстрэлаў вязняў — у красавіку і жніўні 1942 года. У многіх дакументах і сведчаннях ліквідацыя Дзятлаўскага гета вядомая пад назвай «Разня ў Дзятлаве».

На гэтым скончылася гісторыя не толькі Дзятлаўскага гета, але і яўрэйскай абшчыны Дзятлава. Усяго за час акупацыі гітлераўцы замучылі і забілі ў Дзятлаве 5800 яўрэяў. Некалькі соцень яўрэяў змаглі выратавацца і  дажылі да вызвалення ў сямейным партызанскім лагеры. Сёння вядомы няпоўныя спісы забітых яўрэяў Дзятлава. З 3500 забітых прозвішчы 1601 чалавека да цяперашняга часу ўстанавіць не ўдалося.

Сям’я Дварэцкіх наведала Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, музей гімназіі № 1 г.Дзятлава, гістарычны цэнтр горада, дзе праходзіў “Зецельскі фэст”, яўрэйскі могільнік, магілы масавых расстрэлаў яўрэйскага насельніцтва Дзятлава.

Алена АБРАМЧЫК, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

Читайте также:

Абрад «Юр’я» на Дзятлаўшчыне

Беларусь хацелася наведаць даўно

Каменныя могільнікі Дзятлаўшчыны

З гісторыі Жукоўшчынскага парку

administrator

View Comments

  • Радуе, калі людзі не забываюць свае карані

Recent Posts

Дзень пажарнай службы – у Дзятлаўскім РАНС

Ратаўнікі Дзятлаўшчыны прынялі ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных Дню пажарнай службы. Гасцямі святочнага канцэрта сталі…

12 часов ago

Як аформіць імігранта на работу?

У Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце прайшоў семінар па тэме “Аб парадку прыцягнення замежнай рабочай сілы…

13 часов ago

Прынялі ўдзел у акцыі “Павер у сябе!”

У рамках акцыі “Павер у сябе!” у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна адбылася прафарыентацыйная…

13 часов ago

«Чтобы не утонули в волоките». Лукашенко собрал совещание по реализации ключевых инвестпроектов за рубежом

Президент Беларуси Александр Лукашенко собрал совещание о путях ускорения работы по ключевым инвестиционным проектам с…

15 часов ago

Віншаванні прымалі работнікі гандлю Дзятлаўшчыны

Па добрай традыцыі напярэдадні Дня работнікаў гандлю на Дзятлаўшчыне віншаванні прымалі супрацоўнікі гэтай сферы. Тым,…

15 часов ago

В Беларуси вырастут размеры пособия по уходу за ребенком в возрасте до 3 лет

С 1 августа увеличиваются размеры пособия по уходу за ребенком в возрасте до 3 лет,…

15 часов ago