Неаднойчы на асабісты прыём да члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутата Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэя Жамойды паступалі пытанні аб ходзе рамонту фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Дзятлаве.

У час чарговага візіту на Дзятлаўшчыну ён разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім наведаў аб’ект будаўніцтва.


Парламентарый упэўніўся ў тым, што работы вядуцца актыўна: другую чаргу рамонтных работ, як і першую, завершаную ў мінулым годзе, праводзіць ТАА “Зодчий” з горада Слоніма. Фінансаванне праекта вядзецца, і ў верасні ён павінен быць здадзены.


Пераўвасоблены фізкультурна-аздараўленчы комплекс, у якім размесцяцца грамадская лазня, басейн, масажны кабінет, цырульня і іншыя бытавыя кабінеты, адчыніць свае дзверы. Андрэй Пятровіч ацаніў важнасць такой падзеі для дзятлаўчан:

– Моцныя рэгіёны – моцная краіна! Гэта не проста лозунг, а наша стратэгія развіцця, агучаная на нацыянальным узроўні. Зрабіць рэгіёны не толькі эканамічна ўстойлівымі, але і прывабнымі для жыцця людзей – адна з ключавых задач, пастаўленых Прэзідэнтам краіны перад Урадам і кіраўнікамі ўсіх узроўняў. Правільна, што разам з рэалізацыяй грунтоўных эканамічных ініцыятыў, як “Адзін раён – адзін праект”, увасабляюцца ў жыццё праекты сацыяльнай скіраванасці, такія як капітальны рамонт фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Дзятлаве. Яго адкрыццё ў абноўленым выглядзе, безумоўна, стане знакавай падзеяй для раёна і яго жыхароў, – адзначыў сенатар.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga