У Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла дыялогавая пляцоўка “Жанчына – сэрца нацыі”, прымеркаваная да Года беларускай жанчыны і 8 Сакавіка.

Пагрузіцца ў атмасферу свята прысутным дапамаглі вершы, а задумацца над магчымасцямі і талентамі суайчынніц – відэаролік “Восем беларусак, якія памянялі свет”.


Выказванне, што за кожнай паспяховай жанчынай стаіць яе неардынарная асабістая гісторыя, а таксама працавітасць і мэтанакіраванасць, пацвердзілі выступленні ўдзельніц дыялогавай пляцоўкі.

Так, начальнік аддзела адукацыі Марына Лашкоўская зазначыла, што педагагічнай дзейнасці на Дзятлаўшчыне яна прысвяціла 35 гадоў. За гэты час прайшла шлях ад піянерважатай Стараяльнянскай базавай школы да кіраўніка аддзела і сёння ўпэўнена, што зрабіла правільны жыццёвы выбар. У сваёй рабоце старалася прытрымлівацца наказаў матулі – цаніць працу і не крыўдзіць людзей, а дапамагаць ім. Як вопытны кіраўнік, яна ведае: нічога не робіцца само па сабе, без намаганняў і волі, ахвяраў і стараннай работы.


Дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Таццяна Ваніслаўчык паразважала наконт паняцця “жаночай слабасці” і вынесла вердыкт, што на самой справе лепш казаць пра “жаноцкасць”, якая заключаецца ў тым, каб захоўваць сваю веру, любіць радзіму, берагчы ўласны дом і навучыць гэтаму дзяцей.

Першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, якая з’яўляецца моладзевым лідарам раёна ўжо дзесяць гадоў, упэўнена, што дасягнуць поспехаў у грамадскай дзейнасці ёй дапамог актыўны і бойкі характар і, безумоўна, прыклад старэйшых калегаў-педагогаў, бо працоўную дзейнасць у раёне яна пачынала менавіта ў якасці настаўніцы.

Дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вераніка Паўлоўская нагадала прысутным, што магчымасць самарэалізацыі павінна быць для кожнага пуцяводнай зоркай ў жыцці, а ідучы за ёю, трэба прыкласці намаганні, каб тваю працу заўважылі, галоўнае – не схіляцца перад цяжкасцямі, бо і яны патрэбныя, каб людзі раслі і самаўдасканальваліся.

– Жанчына не толькі сэрца, але і душа нацыі, – вынес вердыкт старшыня раённага Савета дэпутатаў і раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Аляксандр Бараноўскі.

Ён анансаваў, што з гэтай сустрэчы партыйцы “Белай Русі” Дзятлаўшчыны пачынаюць цыкл штомесячных мерапрыемстваў да Года беларускай жанчыны. Аляксандр Станіслававіч падзякаваў работнікам бібліятэкі за цёплае, шчырае мерапрыемства, прысвечанае прадстаўніцам “лепшай паловы чалавецтва”, павіншаваў жанчын раёна са святам, пажадаў простага шчасця, утульнасці ў дамах, натхнення і вясновага настрою.

Карыстаючыся момантам, ён уручыў білеты новым членам партыі з ліку тых, хто прысутнічаў на сустрэчы.





Прыемным апошнім акордам мерапрыемства сталі падарункі спікерам ад дэпутатаў вучнёўскай палаты моладзевага савета восьмага склікання пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў і каардынатара іх дзейнасці Ірыны Мішчанкі.


Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае