У рамках святочнай праграмы да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне дзятлаўчан чакала яркае паказальнае выступленне байкераў пры ўдзеле мотасупольнасці 1-ы рэгіён Баранавічы.

Па-святочнаму ўпрыгожаная мотакалона праехала па цэнтры горада і спынілася на стадыёне “Колас”, дзе яе сустракалі сотні гледачоў. Байкеры прадэманстравалі трукі, фігурнае ваджэнне, гонкі, да якіх была магчымасць далучыцца і ў мотааматараў нашага раёна. Яшчэ прысутныя мелі магчымасць разгледзець “сур’ёзную” тэхніку, пафатаграфавацца і нават пакатацца.
















– У Дзятлаве мы не першы раз, – расказаў старшыня мотасупольнасці горада Баранавічы Уладзімір Гарошка. – Стараемся ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах. Асноўная наша мэта – дапамога хворым дзецям. Спачатку гэта былі дзеці са спінальна-мышачнай атрафіяй, цяпер і з іншымі захворваннямі. Цяпер збіраем грошы для жыхаркі Баранавічаў Ганны Новік, у якой нейрабластома. Хочам, каб гледачы нам крыху дапамаглі, а мы пакажам прадстаўленне: элементы хуткаснага манеўравання, конкурсы на гучны выхлап, на павольную язду.

– Мы вельмі актыўна займаемся дабрачыннасцю і з’яўляемся заснавальнікамі руху “Байкеры – дзецям”, – прадоўжыў тэму прадстаўнік мотаклуба Devoid of Rights, старшыня пярвічнай арганізацыі Лідскага РАТ ДТСААФ “Стальныя Вораны” Алег Бялоў. – Праводзім дабрачынныя акцыі і канцэрты з удзелам групаў “Дразды”, “KAS”.
Дзень Перамогі для нашага пакалення – свята са слязамі на вачах, бо мы яшчэ засталі жывымі ўдзельнікаў вайны. Наша Беларусь, як ніякая іншая краіна, пацярпела ў Вялікай Айчыннай вайне. Наш абавязак – перадаць гістарычную памяць дзецям і ўнукам, бо народ жыве, пакуль памятае. Я рады, што ў Беларусі свята Перамогі адзначаецца маштабна, ярка, усенародна.











Выступленне байкераў выклікала жывую цікавасць і спадабалася гледачам.


– Вельмі рады, што прыехалі ўдзельнікі мотасупольнасці, атрымалася цудоўнае шоу, і настрой выдатны, – падзяліліся ўражаннямі Святлана Міхайлаўна і Анастасія Добышы з Дзятлава. – Мы ўжо другі раз на іх выступленні. Шчаслівыя, што ўдзельнічаем у юбілейным свяце, бо галоўнае – гэта мірнае неба над галавой.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#ВОВ #нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина