Да 80-годдзя Дзятлаўскага раёна. Пакінуць сляды на зямлі

На пачатку лютага мне патэлефанаваў Вацлаў Браніслававіч Залеўскі, былы дырэктар саўгаса “Парэчча”.

Доўга гаварылі. Больш расказваў ён, а я слухала аповед пра цікавага, неардынарнага чалавека – Івана Пятровіча Саваня. Чалавека-самародка з народа, які пры больш спрыяльных абставінах, атрымаўшы добрую адукацыю, мог бы ўзначаліць не толькі любы калгас, але і нават раён. Чым жа такім незвычайным выдзяляўся сярод іншых Іван Пятровіч Савань, брыгадзір паляводчай брыгады спачатку ў калгасе імя Матросава, а потым у саўгасе “Парэчча”? Зразумець гэта змагла толькі пры сустрэчы з Вацлавам Браніслававічам, калі ён завітаў да нас у музей, прывёз відэакасету з запісам размовы з Іванам Пятровічам, раскрыў праз успаміны пра выпадкі з жыцця саўгаса, якім прыроджаным лідарам і арганізатарам быў Савань.

Вацлаў Браніслававіч Залеўскі пазнаёміўся з ім, лічы, у першы ж дзень свайго з’яўлення ў саўгасе “Парэчча” ў якасці дырэктара. Маладога Залеўскага тады не вельмі і спыталі, хоча ён узначальваць саўгас ці не: загадалі ў райкаме – не маеш права пярэчыць. Стаяў жнівень – пара ўборкі. Работы – хоць адбаўляй, а яшчэ і страшэнная спёка. Малады кіраўнік спрабаваў як найхутчэй увайсці ў праблемы гаспадаркі, разабрацца, з чаго пачынаць. І тут, лічы, у першы ж дзень яго знаходжання на новай пасадзе заходзіць у кабінет Іван Пятровіч, вітаецца, называе сябе і пачынае размову пра сваю патрэбу: яму неабходна бочка для паліву саўгаснага агарода. Калі не будзе ёмістасці, агарод загіне ад спёкі. Што за агарод, навошта бочка? Пакуль разабраўся, разгаварыліся, і Іван Пятровіч даходліва і проста, па-сялянску, раскрыў многія праблемы гаспадаркі, можна сказаць, дапамог маладому дырэктару разабрацца, з чаго пачаць, на што трэба звярнуць увагу, як паводзіць сябе з людзьмі, каб яны не наракалі на саўгас, а з радасцю ішлі на працу. З той першай размовы яны і пасябравалі, можна сказаць, на ўсё жыццё. Савань стаў для Залеўскага не толькі дарадчыкам, але і эталонам чалавека, які заўсёды даводзіць пачатую справу да канца, смела ідзе да сваёй мэты, не зважаючы на ўсе перашкоды.

А бочку Іван Пятровіч для саўгаснага агарода, безумоўна, атрымаў,  бо агарод стаў для яго месцам эксперыментаў. Там вырошчваў розныя культуры, дабіваўся высокіх ураджаяў. Спачатку паехаў у калгас 1-га Мая па вопыт, прыгледзеўся, а потым запатрабаваў участак пад агарод у “Парэччы”. “Зусім як Якуб Колас, наш вядомы класік, на сваім прысядзібным участку. Той таксама эксперыментаваў, дабіваўся высокіх ураджаяў на маленькім участачку,” – падумалася мне.

Іван Пятровіч грамаце не вучыўся, мог толькі распісацца, але яго энергіі, арганізатарскім здольнасцям мог бы пазайздросціць любы кіраўнік. Вацлаў  Браніслававіч успамінае такі выпадак: “Савань быў шчырым вернікам, праваслаўным чалавекам. Аднойчы ў Накрышках на Пятра і Паўла ладзілі фэст. Гэта было сапраўднае свята са службай у царкве, шэсцем, потым гулянне. Вяскоўцам, зразумела, хацелася пайсці. Але ж уборачная, кінуць работу немагчыма. І тады Савань  прыдумаў, як заахвоціць мужчын і пазвозіць усе снапы з саўгаснага поля на ток (жалі тады яшчэ ў снапы, а потым на таку малацілі). Ён арганізаваў для мужчын пачастунак — купіў у Карытніцы гарэлкі, узяў закуску і аб’явіў: калі работа будзе скончана, усе пачастуюцца колькі душа пажадае. Канешне, мужчыны стараліся.  Я ж не ведаў гэтага. На другі дзень, у свята, бачу, Савань едзе на кані ў Накрышкі. Крычу на яго, сваруся, а ён смяецца: “ У мяне ўжо ўсё зроблена!”

– Што Вас прываблівала ў натуры Івана Пятровіча? – пытаюся ў свайго субяседніка.

– Гаспадарлівасць, аналітычны склад розуму і неабмежаваныя арганізатарскія здольнасці. Для яго немагчымага было мала, – шчыра прызнаецца Вацлаў Браніслававіч.

Ёсць у біяграфіі Івана Пятровіча яшчэ адзін факт, што заслугоўвае шанавання і добрай памяці пра гэтага чалавека – уклад у будаўніцтва  Сабора навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве. Іван Пятровіч вельмі шчыра сябраваў з бацюшкам Комарам і падтрымліваў яго. Гэта Комар заклаў падмурак пад новую царкву. Калі бацюшкі не стала, вырашыў працягваць яго справу: ачысціў участак вакол фундамента, навазіў пры падтрымцы мясцовых уладаў камянёў, жвіру, збіраў грошы на цэглу (трэба сказаць, сумы былі сабраны на той час немалыя), дабіваўся будаўніцтва царквы на прыёме ў мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, нават у Маскве пабыў, хацеў трапіць на прыём у Сінод, але не атрымалася. За грошы, сабраныя Іванам Пятровічам, была куплена значная частка цэглы, што пайшла на будаўніцтва сабора. Аповед Івана Пятровіча пра пакуты і страты на шляху да новага храма запісаны на відэа. Калі глядзіш запіс, складаецца ўражанне, што ніякія перашкоды і выпрабаванні не маглі зламаць гэтага чалавека: жыццярадаснасць, нейкае святло ідуць ад яго і, канешне, перакананасць у тым, што рабіў, да чаго ішоў. А рабіў ён гэта не для сябе, а для нас, дзятлаўчан, якія ходзяць сёння ў новы храм, шлях да якога стаўся няпростым і доўгім.

Іван Пятровіч быў добрым бацькам і мужам, любіў дзяцей, а іх у яго трое, шанаваў жонку, якая шмат хварэла. Двое яго дзяцей жывуць у Дзятлаве – сын Лёня і дачка Аня, Ганна Іванаўна Місарэвіч, настаўніца матэматыкі СШ № 1. Трэцяя дачка, Таццяна Іванаўна, жыве ў Хвінявічах. Іх ведаюць многія жыхары Дзятлаўскага раёна, паважаюць. Кожны з іх пераняў ад бацькі часцінку апантанасці, чалавечай дабрыні і любові да жыцця, якія так неабходныя нам тут, на нашым кароткім шляху да вечнага.

У паэме Якуба Коласа “Новая зямля” ёсць радкі пра жыццё чалавечае і яго сэнс. Там сказана, што большасць лёсаў чалавечых праходзіць на нашай зямлі незаўважна, бясследна. Пражыў – пагас, і знаку не засталося. Але ёсць людзі, што пакідаюць сляды на зямлі, і колькі б ні мінула часу, сляды гэтыя застаюцца і пракладаюць шлях іншым, служаць дабру і справядлівасці. Няхай жа кожны з нас пакіне пасля сябе добры след, як зрабіў гэта Іван Пятровіч Савань.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

administrator

Recent Posts

Дзятлаўшчына маладая. Шлях да зялёнай фуражкі

Афіцэрамі не нараджаюцца, імі становяцца ў выніку ўпартай працы, вучобы, выхавання і пераадолення цяжкасцей. Так…

7 часов ago

6 верасня — Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці

Паважаныя работнікі і ветэраны галіны! Прыміце сардэчныя віншаванні з прафесійным святам! Стратэгічна важная галіна народна-гаспадарчага…

8 часов ago

О самых интересных сюжетах произведений во время Дня белорусской письменности рассказал Жук

Костюковичи /Корр. БЕЛТА/. Какие сюжеты в современной литературе самые интересные, журналистам рассказал министр информации Дмитрий…

18 часов ago

Пожар жилого дома в деревне Синевичи. Погиб человек

5 сентября в 15-08 спасателям на линию "101" поступило сообщение о пожаре жилого дома в…

19 часов ago

В Гродно проходит XIII Сырный фестиваль «Сила родных традиций»

Сегодня гродненцы отмечают 898-летие города, и уже много лет его неотъемлемой частью является масштабный Сырный…

1 день ago

Крок у свет ведаў праз бібліятэку

Пачатак верасня – час адкрыццяў, новых ведаў і шчырых усмешак. Менавіта ў гэтыя восеньскія дні…

1 день ago