Павышае ўраджай абмагнічаная вада

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Вацлаў Залеўскі – аграном з амаль 40-гадовым стажам.

Цяпер ён знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Займаецца вырошчваннем агародніны, бульбы. Шмат эксперыментуе. Напрыклад, некалькі гадоў таму паспрабаваў павялічыць ураджайнасць бульбы: апрацаваў насенны матэрыял абмагнічаным растворам мінеральных угнаенняў у час закладкі клубняў на яравізацыю. Вынікі атрымаў добрыя і цікавыя. Сваімі напрацоўкамі Вацлаў Браніслававіч дзеліцца з чытачамі газеты.

– Я вырошчваю бульбу ўжо больш за 35 гадоў. Не прыгадаю выпадку, каб сярэдняя ўраджайнасць была ніжэй за 350 цэнтнераў з гектара. І гэта прытым, што 70 % маіх пасадак займаюць суперраннія і раннія гатункі.

Ідэя выпрабаваць эфектыўнасць абмагнічанай вады на прыкладзе бульбы ўзнікла ў мяне пасля дасканалага вывучэння вялікага навуковага матэрыялу, у тым ліку пададзенага галоўным навуковым супрацоўнікам Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, доктарам геолага-мінералагічных навук, прафесарам Германам Каратаевым.

Так, у сакавіку 2016 года пры закладцы клубняў ранніх гатункаў на яравізацыю я пачаў гэты эксперымент. Змайстраваў прымітыўную ўстаноўку для прыгатавання абмагнічанага раствору вады ў хатніх умовах. Яна збіраецца ў наступным парадку: на пластыкавае вядро кладзём вырабленую з драўляных брускоў рашотку, на яе змяшчаем два магніты дыяметрам 133 міліметры агульнай вагой 1970 грамаў, ва ўнутраную адтуліну магніта ўстаўляем пластыкавую варонку. Выліваючы ваду ці раствор мікра- і макраэлементаў патрэбнай канцэнтрацыі праз варонку ў вядро, атрымліваем абмагнічаны раствор, які не губляе сваіх карысных уласцівасцяў на працягу сутак. Менавіта ў такім растворы (у пластыкавым посудзе) на працягу 30-40 хвілін замочваем клубні бульбы. Потым перакладваем у пластыкавыя скрынкі для далейшай яравізацыі. Важна, каб клубні і раствор нідзе не датыкаліся да метала – ні ў час падрыхтоўкі абмагнічанага раствору, ні ў час апрацоўкі ім пасадкавага матэрыялу, ні пры яравізацыі бульбы.

Першую пасадку правёў 15 красавіка 2016 года: пасяўны матэрыял для трох з 19 радкоў быў апрацаваны абмагнічаным растворам. З-за халоднага надвор’я (вясна аказалася тады зацяжная) першыя ўсходы з’явіліся толькі 12 мая, і іх давялося ратаваць ад замаразкаў, укрываючы драўняным пілавіннем на працягу чатырох сутак. Аднак нягледзячы на такія некамфортныя ўмовы, пры надыходзе цёплага надвор’я ўсходы на ўсім участку былі дружныя. Далейшыя назіранні за ростам і развіццём дадзенай пасадкі бульбы паказалі наступнае: тры рады, дзе ўжываўся абмагнічаны раствор, выгадна адрозніваліся ад суседніх радоў як справа, так і злева, ліставыя пласцінкі былі нашмат буйнейшыя, больш насычанага колеру. Цвіценне пачалося на 4-5 дзён раней за асноўную пасадку. Па першым часе расліны бульбы ў доследных радах здаваліся вышэйшымі, але бліжэй да копкі бацвінне было ўжо ніжэй за кантрольныя рады. А пры кантрольным капанні 12 чэрвеня пад доследным кустом налічыў сем таварных клубняў агульнай вагой 420 г, тады як пад кустом  побач клубні былі значна драбнейшыя. Для абагульнення вынікаў уплыву апрацоўкі насеннага матэрыялу бульбы абмагнічаным растворам на яго ўраджайнасць 17 ліпеня 2016 года выкапаў чатыры радкі плошчай 3 метры квадратныя кожны (тры радкі доследныя і адзін кантрольны). У трэцім падыспытным радку два кусты былі паражоныя рызактаніёзам, таму і агульная ураджайнасцт трэцяга варыянта аказалася ніжэй. У цэлым сярэдняя прыбаўка ўраджайнасці бульбы ў параўнанні з кантрольным аказалася вышэй на 74 цэнтнеры з гектара, ці на 115 %. Думаю, гэта добры вынік, бо на практыцы ў селькагаспадарчых выпрабаваннях прыбаўка ўраджаю звыш 10 % лічыцца выдатнай, але пры ўмове, што яна аднаўляецца на працягу некалькіх гадоў. Дарэчы, шматлікія навуковыя даныя паказваюць, што абмагнічаная вада ў розных варыянтах і ўжываннях не дае прыбаўку ўраджайнасці вышэй за 20 %.

З ранніх гатункаў беларускай селекцыі па смакавых якасцях, форме клубня, ураджайнасці мне больш за ўсё падабаецца “лілея”. Менавіта гэты гатунак, апрацаваны абмагнічаным растворам, я пасадзіў 25 красавіка 2017 года ў тры рады па 40 метраў кожны. Заўважу, што да 19 ліпеня бацвінне на пасадках усіх гатункаў бульбы практычна цалкам закрыла міжраддзі, за выключэннем “лілеі”, кусты якой былі нізкарослыя, цвіценне пышнае і багатае. Уборку бульбы беларускай селекцыі праводзіў па меры спажывання, ураджай выйшаў адмысловы.

Вясной 2018 года да моманту закладкі насення на яравізацыю

змайстраваў устаноўку для абмагнічанай вады з трох магнітаў. Атрымаўся, як сказалі б вучоныя, класічны прыбор. Захоўваючы палярнасць, тры магніты змясціў у пластыкавую трубу дыяметрам 20 сантыметраў на адлегласці 5 сантыметраў адзін ад аднаго. Пры гэтым сярэдні магніт па вонкавым дыяметры абматаў ушчыльняльнікам і шчыльна запрэсаваў у трубу, а ў першым і трэцім магніце ў цэнтры паставіў заглушкі. Пасля зборкі атрымаліся як бы дзве камеры, якія спалучаюцца, паміж рознаіменнымі палюсамі магнітаў.

Сам працэс абмагнічвання адбываецца ў наступнай паслядоўнасці. Вада паступае праз адтуліну ў “заднённым” дрэвам тарцы трубы з боку паўночнага полюса магніта (абавязкова) і, абмываючы яго па ўсім перыметры, трапляе ў першую камеру з моцным статычным магнітныям полем, праходзіць праз унутраную адтуліну другога магніта і трапляе ў наступнае магнітнае поле, цяпер ужо паміж другім і трэцім магнітам, абмывае перыметр трэцяга магніта і выходзіць вонкі праз адтуліну ў другім тарцы трубы.

У працэсе праходжання праз магнітнае поле малекулы вады на атамарным узроўні мяняюць сваю структурную формулу і, аб’яднаўшыся, выстройваюцца ў так званую “правільна структурыруемую форму”.

Пры гэтым важна забяспечыць максімальны час праходжання вады праз магнітнае поле: аб’ём не павінен быць большы за 10 літраў у хвіліну.

Бульба, апрацаваная абмагнічанай вадой перад пасадкай, зацвітае, як мінімум, на тыдзень раней за звычайную.

Дарэчы, абмагнічанай вадой я паліваў расаду капусты, усходы гарбузоў і кабачкоў. Спецыяльнага ўліку не праводзіў, але ўраджай парадаваў. І яшчэ адзін станоўчы прыклад. Восенню 2016 года пасадзіў дзве расліны фундуку чырваналістага. Вясной 2017-га адзін куст адразу пачаў актыўна расці, нават увосень арэхамі ўзнагародзіў, а другі з вясны рушыў у рост, але раптам  пупышкі пачалі ссыхацца. Тры разы паліваў абодва кусты абмагнічанай вадой. Нягледзячы на мае старанні, да 15 мая ўся сцябліна засохла, і я больш не падыходзіў да яе. Раптам прыкладна праз месяц на месцы высахлай сцябліны фундуку ўбачыў пяць атожылкаў маладога парасніку арэха вышынёй каля 40 см з круглым буйным лісцем. Пад канец вегетацыі вышыня куста дасягнула метра. Вось такія дзівосы.

Буду рады пазнаёміцца з тымі, хто актыўна ўжывае абмагнічаную ваду на практыцы і атрымаў пэўныя станоўчыя вынікі.

Рэдакцыя газеты таксама запрашае выказвацца на старонках выдання тых, хто мае цікавыя сельскагаспадарчыя напрацоўкі. Чакаем вашых допісаў.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup