Педагог і літаратуразнавец, паэт, перакладчык, публіцыст, выдавец, вучоны-гуманіст, нарэшце, рэвалюцыянер і вядомы грамадскі дзеяч.

Ігнат Дварчанін нарадзіўся 27 мая (8 чэрвеня) 1895 года ў вёсцы Погіры Слонімскага павета ў беднай сялянскай сям’і. Ігнат ужо на сёмым годзе жыцця служыў пастушком. Толькі пяць гадоў наведваў мясцовую школу.

У 1906 годзе трапіў у школу вышэйшай ступені, у якой з самых здольных вучняў рыхтавалі народных настаўнікаў. Калі яму споўнілася 17 гадоў,  здаў экзамен на званне народнага настаўніка. Яго накіравалі вучыць дзяцей у вёску Хмяльніца Слонімскага павета.

У 1915 годзе Iгната Дварчаніна мабілізавалі ў войска.

Лютаўская рэвалюцыя застала яго на фронце. Ігнат пакінуў полк і падаўся ў Мінск, дзе разам з іншымі актывістамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) арганізоўваў розныя з’езды і канферэнцыі. У верасні 1917-га ўдзельнікі салдацкага з’езда на Заходнім фронце выбралі яго членам выканаўчага камітэта, а неўзабаве і членам Ваеннага савета ўсіх франтоў.

У 1918 годзе пяць месяцаў працаваў сакратаром культурна-асветнага аддзела Белнацкама. Актыўны ўдзел прымаў у рабоце нарады настаўнікаў школ Беларусі, якая адбылася ў Маскве 21-23 ліпеня 1918 года.

Ігнат Дварчанін зрабіў даклад пра задачы школы Беларусі, адзначыў пільную патрэбу беларусазнаўства, каб “народ беларускі пазнаў самога сябе і лічыў сябе не нізшым сярод другіх, а чуў сябе роўным з роўнымі”, – паведаміла газета “Дзянніца”.

Вясной 1919-га, пасля вызвалення Заходняй Беларусі ад нямецкіх войскаў, Iгнат Дварчанін прыехаў на Дзятлаўшчыну. Заснаваў беларускую школу ў вёсцы Пецюкі і культурна-асветны гурток у Дзятлаве. Тут і заспелі яго белапольскія войскі.

Дварчаніна, ужо вядомага беларускага актывіста, арыштавалі, зняволілі ў Беластоцкім канцлагеры, але яму ўдалося ўцячы. Дабраўся да Мінска, а затым да Вільні дайшоў пехатой.

Не пакідала яго думка пра вышэйшую адукацыю. Выбраў Прагу – туды кіраваліся беларусы. Але Пражскі ўніверсітэт прымаў на вучобу толькі з сярэдняй адукацыяй – з атэстатам сталасці. Такога дакумента Iгнат Дварчанін не меў, хоць быў у яго неблагі вопыт настаўніцтва. I ў свае 25 гадоў ён не пасаромеўся сесці на школьную лаўку ў Віленскай беларускай гімназіі. Залічылі як вольнага слухача. На жыццё зарабляў, працуючы начным вартаўніком.

У 1921 годзе падаўся ў Чэхію. Здзяйснялася мара, ажыццяўлялася даўняя думка вучыцца ў жаданым Карлавым універсітэце.

Захапіўся гісторыяй беларускай літаратуры, наогул беларускай гісторыяй. Яго даследаванне светапогляду і дзейнасці беларускага асветніка і першадрукара Францішка Скарыны лягло ў аснову доктарскай дысертацыі “Францішак Скарына як дзеяч і гуманіст на беларускай ніве”.

Дварчанін быў удастоены навуковай ступені доктара філасофіі. Яму прапанавалі месца на кафедры філалогіі ўніверсітэта. Але Ігнат Сымонавіч вярнуўся ў Вільню.

Чытаў лекцыі ў віленскім гуртку Грамады.

У пачатку 1928 года разгарнулася актыўная падрыхтоўка да выбараў у польскі буржуазны сейм. Тады прозвішча нашага земляка Дварчаніна занеслі ў спісы кандыдатаў у дэпутаты па выбарах у сейм ад рабоча-сялянскага адзінства.

Ігнат Сымонавіч балаціраваўся па 61-й Навагрудскай акрузе. Пасламі (па-цяперашняму дэпутатамі) польскага сейма сталі Ігнат Дварчанін, Язэп Гаўрылік, Павел Крынчык.

Разам з беларускімі пасламі Дварчанін стварыў у сейме самастойную фракцыю – Беларускі пасольскі клуб “Змаганне за інтарэсы сялян і рабочых”. Паліцыя не змірылася з дзейнасцю “Змагання”. У студзені 1930 года яна арыштавала ўсіх супрацоўнікаў Цэнтральнага сакратарыята, а ў жніўні – і “недатыкальных” паслоў.

Усе пяць судовых працэсаў над Ігнатам Дварчанінам былі  пераважна за выступленні на мітынгах у Пінску, Алекшычах і іншыя. За паасобныя справы яму вынеслі прысуд на 21 з палавінай гадоў турмы. Першы год Iгнат Дварчанін сядзеў у Гродзенскай турме, затым паўгода – у турме па вуліцы Стэфанскай у Вільні.

У красавіку 1932 года яго вывезлі ў Равіч.

15 верасня таго ж года адбыўся абмен польскіх палітычных зняволеных на вязняў Савецкага Саюза. Сярод іх быў і Iгнат Дварчанін.

У Мінску яго запрасілі на працу ў Акадэмію навук БССР – у камісію па вывучэнні Заходняй Беларусі. У 1933-м Iгната абвінавацілі ў сувязях з “нацдэмаўскім цэнтрам”, які нібыта дзейнічаў на карысць буржуазнай Польшчы.

Жыццё Ігната Сымонавіча Дварчаніна трагічна абарвалася 8 снежня 1937 года.

Рэабілітаваны ён быў у 1956 годзе.

Друкаваўся з 1917 года, пісаў вершы, артыкулы. Склаў  “Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры” для  старэйшых класаў беларускіх сярэдніх школ, выпушчаную пяццю асобнымі часткамі і адзіным выданнем у Вільні ў 1927 годзе.  Пад псеўданімам І. Гудок пераклаў на беларускую мову паэму А. Блока “Дванаццаць”.

Па матэрыялах кнігі “Памяць. Дзятлаўскі раён”

Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации