14 чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Міжнародны дзень блогера, які зусім нядаўна ўвайшоў у наш каляндар. Немагчыма адмаўляць, што ў сучасным грамадстве блогінг набыў статус прафесіі, а яе прадстаўнікі занялі сваю нішу ў медыяпрасторы.

Напярэдадні свята мы звярнуліся да топавых блогераў Дзятлаўшчыны з просьбай адказаць на некалькі пытанняў аб сабе і сваіх блогах. Знаёмцеся, сёння нашы суразмоўцы – вядомы на ўсю краіну аграблогер Дзяніс Трафімчык; блогер-мільённік, мастак, выкладчык раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Роберт Асіпук; блогер з Вензаўца, аўтар папулярнага Tik-Tok-канала “Філасофія жыцця” Алена Малько.

– Як вы сталі блогерам?

Дзяніс Трафімчык:

– Працуючы ў ААТ “Граніт-Агра”, пачаў здымаць на тэлефон відэа пра работнікаў сельгаспрадпрыемства, і яны сталі папулярнымі ў інтэрнэт-гледачоў.

Роберт Асіпук:

– Першапачаткова такой мэты не было. Хацелася праявіць свой талент у маляванні і паказаць людзям, як я ўмею гэта рабіць, падзяліцца рознымі тэхнікамі і падыходамі да малюнка, якія, магчыма, некага натхняць на творчасць.

Алена Малько:

– Плана стаць блогерам не было, а Tik-Tok стварыла для таго, каб самой праглядваць і захоўваць карысныя відэа. На ролікі, ілюстрацыі, песні пачалі прыходзіць людзі, якія папутна звярталіся па нейкія парады, расказвалі пра сваё жыццё. Адзін чалавек напісаў у каментарыях крык душы, і гэта мяне падштурхнула ўпершыню запісаць уласнае відэа са словамі падтрымкі. У далейшым відэа сталі публікавацца сістэматычна. У іх я расказваю людзям, што жыццё цудоўнае, не трэба нічога баяцца, шчасце ўнутры нас.

– Што блогерства прынесла ў ваша жыццё?

Дзяніс Трафімчык:

– Люблю паўтараць, што спачатку ты шукаеш магчымасці, а потым яны знаходзяць цябе. За гэты час я сустрэў шмат добрых цікавых людзей, якія сталі героямі маіх сюжэтаў, папрацаваў вядучым на тэлебачанні, запісаў песні, якія сталі гімнам уборачнай, пасяўной кампаніі, касьбы. Атрымаў магутны водгук і пазітыўную ацэнку сваёй работы, узнагароды, галоўная з якіх – Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мая работа ў блогерстве прадаўжаецца, а значыць, наперадзе яшчэ шмат новага.

Роберт Асіпук:

– Найперш, я ўпэўніўся, што няма нічога немагчымага, а любыя рамкі і межы – толькі ў нашай галаве. Напачатку часта чуў, маўляў, навошта гэта табе, ёсць і так шмат блогераў, ты не станеш папулярным. На той момант я не думаў аб папулярнасці, але яна прыйшла. У мяне з’явілася вялікая аўдыторыя як пацвярджэнне таго, што ўсё ў нашых сілах. Па-ранейшаму найперш лічу сябе мастаком і выкладчыкам. У Беларусі не так шмат блогераў з вялікай аўдыторыяй, і быць у іх ліку вельмі прыемна.

Алена Малько:

– Упэўненасць у сабе і тым, што я раблю. Неаднаразова пераканалася ў тым, што мой канал прыносіць людзям карысць, аб гэтым сведчаць словы ўдзячнасці, якія мне пішуць штодня. А значыць, усё раблю правільна.

– Чаго пажадаеце пачынаючым блогерам і тым, хто марыць імі стаць?

Дзяніс Трафімчык:

– Быць смелымі, шукаць сваю непаўторную нішу, а не капіраваць іншы кантэнт, быць шчырымі і гатовымі шмат працаваць, бо блогерства – гэта вялікая праца, нават калі на першы погляд здаецца інакш.

Роберт Асіпук:

– Праверанага гатовага рэцэпту няма. Аднак за гады я ўпэўніўся, што блогерства – гэта не толькі пра папулярнасць, а пра развіццё. Вельмі раю ўсім брацца за стварэнне блога толькі тады, калі вы нечым па-сапраўднаму гарыце і маеце што сказаць аўдыторыі – танцы, мастацтва, музыка, тэатр. Дзяліцеся тым, што сапраўды вам падабаецца. Напрыклад, ёсць блогер, які здымае па-сапраўднаму смешныя скетчы, у яго выдатна атрымліваецца, і гэта “заходзіць”. Але проста скапіраваць яго манеру і стаць папулярным наўрад ці атрымаецца, гэтым трэба жыць.

Алена Малько:

– На пачатку вашага шляху жадаю не баяцца таго, што нехта асудзіць, не баяцца негатыўных каментарыяў, бо без іх таксама немагчыма. Навучыцеся любіць людзей, прымаць любыя іх эмоцыі з павагай і прадаўжайце рабіць тое, што вы лічыце правільным.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Предыдущая новость

Похожие публикации