Пра паслугу “Разумны дом” ад кампаніі “Белтэлекам”, даступную цяпер і дзятлаўчанам, коратка, па-сутнасці, раённая газета ўжо пісала. Аднак жаданне жыхароў Дзятлаўшчыны дасканала разабрацца ва ўсіх дэталях тэхнічнай навінкі засталося. Унікнуць, для чаго і навошта “Белтэлекам” спрабуе зрабіць нашы дамы і кватэры хоць крыху разумнымі, дапамог начальнік Дзятлаўскага вузла электрасувязі Пётр Сокал.

 — Пётр Палікарпавіч, з’яўленне паслугі “Разумны дом” дыктуе сучасны свет?

— Давайце паразважаем. Чалавек усёй сваёй сутнасцю імкнецца стварыць вакол сябе камфорт. Сёння рэдкая гаспадыня мые бялізну рукамі – з гэтым спраўляецца яе памочніца пральная машына. На кухні мультыварка сама смажыць-варыць, яшчэ і падагравае прыгатаваную страву. Гаспадар каля тэлевізара адчувае сябе царскай асобай: націснуў на пульце пару кнопачак – і вось табе любімы футбол, а калі падключыў інтэрактыўнае тэлебачанне, дарэчы, таксама паслугу “Белтэлекам”, дык яшчэ і ўчарашні матч паглядзеў. І ўсё гэта, не ўстаючы з месца. Заўважце, размова ідзе пра бытавыя зручнасці, якія аблягчаюць нам жыццё, а паслуга “Разумны дом”, акрамя спрашчэння некаторых хатніх зручнасцяў, яшчэ клапоціцца і пра бяспеку жылля, адпаведна, пра наш душэўны спакой.

 — Якім чынам ажыццяўляецца бяспека дома?

— Пры падключэнні паслугі абанент атрымлівае ў карыстанне кантролер, які ўмее выходзіць у інтэрнэт і акумулюе працу ўсіх сэнсараў, а таксама тры датчыкі: задымленасці, руху і адкрыцця/закрыцця дзвярэй або вокнаў. Датчыкі адкрыцця/закрыцця дзвярэй або вокнаў выглядаюць як пластыкавыя брусочкі, устаноўка якіх спрашчаецца тым, што яны намагнічваюцца, і іх можна проста павесіць на металічную частку аконнай рамы або дзвярэй. Прынцып работы датчыка яшчэ прасцейшы, чым устаноўка. Калі хтосьці адчыніў дзверы або акно, дзве паловы сэнсара разамкнуліся, зачыніў – зноў злучыліся. Кожнае дзеянне фіксуецца, а інфармацыя аб ім перадаецца абаненту. Датчык дыму, як зразумела, улоўлівае задымленне. Адпаведна, устанаўліваць яго варта ў месцы з павышанай рызыкай узгарання чаго-небудзь. На мой погляд, максімальная карысць ад яго на кухні або ў памяшканнi, дзе знаходзяцца электрапрыборы, якія пастаянна працуюць. Апошні датчык з базавага набору ўмее адсочваць рух. Як жартуюць часта ў нашым прыярытэтна мужчынскім калектыве вузла сувязі, “калі ў вашу адсутнасць у дом пракралася цешча, вы даведаецеся пра гэта першым”. Датчык руху зафіксуе ўсе перамяшчэнні нечаканага госця. Зноў-такі, замацаваць датчык даволі проста: ён мае магнітнае “пуза” і асобную магнітную падкладку. Прымацавалі да дзвярнога вушака, а следам пад патрэбным вуглом прыляпілі сэнсар – і усё пад кантролем.

 — Вы расказалі толькі пра асноўныя датчыкі, але некаторыя абаненты, з якімі мне давялося сустракацца, лічаць, што не менш цікавыя прылады – гэта відэакамера і разумная разетка, якія не ўваходзяць у базавы камплект.

— Так, у “Разумнага дома” ёсць дадатковае абсталяванне. Па неабходнасці, абанент можа атрымаць пажаданую колькасць дадатковых датчыкаў задымленасці, руху і адкрыцця дзвярэй/вокнаў, а таксама іншыя прылады: відэакамеру, сірэну, разумную разетку, датчыкі тэмпературы і вільготнасці, датчыкі працякання вады. Што чалавека больш хвалюе, напрыклад, працяканне пральнай машыны, небяспечнае парушэнне работы электрапрыбораў, кантроль пры дапамозе відэакамеры за непаўналетнім дзіцём, якое прыйшло са школы, такія дадатковыя датчыкі ён і ўстанаўлівае. Плануецца ў бліжэйшы час прадстаўляць у карыстанне такія жыццёва неабходныя датчыкі, якія будуць паведамляць аб перавышэнні нормы чаднага газу, прысутнасці ў паветры прыроднага ці звадкаванага газу.

 — На якіх умовах можна заказаць дадатковы камплект?

— Калі абанент заключыў дагавор на базавы камплект “Разумнага дома”, а гэта кантролер і тры датчыкі: задымленасці, руху і адкрыцця/закрыцця дзвярэй або вокнаў, ён мае права заказаць любыя дадатковыя прылады. За карыстанне базавым камплектам налічваецца штомесячная абаненцкая плата. Да яе дадаецца плата за кожную адзінку дадатковага пакета.

 — Пётр Палікарпавіч, якім чынам абанент атрымлівае інфармацыю з датчыкаў?

— На ўласны мабільны тэлефон або планшэт з аперацыйнай сістэмай Android (версія 4.2.2 або больш позняй версіі) або iOS, падключаны да сеткі Інтэрнэт ад любога аператара. Дарэчы, абанент можа не проста атрымліваць інфармацыю з датчыкаў, але і наладзіць сцэнарый падзеяў пад свае індывідуальныя патрэбы. Напрыклад: пры спрацоўванні датчыка руху актывізуецца запіс камеры назірання; пры з’яўленні задымленасці спрацуе сірэна; пры павышэнні тэмпературы ў памяшканні вышэй зададзенага парога можна запраграмаваць адключэнне разеткі і многае іншае. Ведаю нават гаспадыню, якая ў разумную разетку ўключыла электрачайнік, а па сцэнарыі прапісала, што пры адчыненні ўваходных дзвярэй павінна ўключыцца разумная разетка. Так, пакуль гаспадыня, прыйшоўшы дадому, распранецца і памые рукі, у яе ўжо вада ў чайніку закіпае. Зразумела, чалавек не заўсёды мае пакдлючэнне да Інтэрнэту анлайн, таму “Разумны дом” прадугледжвае адпраўку смс-паведамлення на мабільны тэлефон у выпадку ўключэння сцэнарыя.

 — Ці дапамогуць спецыялісты Дзятлаўскага вузла электрасувязі будучым абанентам разабрацца, правільна падключыць, наладзіць паслугу “Разумны дом”?

— Абавязкова. Спецыялісты сэрвiснага цэнтра “Белтэлекам” любому, хто зацікавіцца “Разумным домам”, растлумачаць усе нюансы паслугі, зарыентуюць у дадатковых прыладах, пратэсціруюць мабільнае ўстройства або планшэт на падтрымку спецыяльнай праграмы, пакажуць наглядна датчыкі (на вузле электрасувязі створаны адпаведны стэнд). Кантактныя тэлефоны: спецыялістаў 2-26-93, тэхнічнай падтрымкі 123 (кругласутачна, званок у сетцы “Белтэлекам” бясплатны). Дадаткова пра паслугу можна даведацца на сайце www.beltelecom.by.

Гутарыла І. КАМАРОВА

About Author
administrator
View All Articles
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации