У красавіку адбылася доўгачаканая ўрачыстасць для Беларускага дзіцячага фонду – адкрыццё выставы дзіцячага выяўленчага мастацтва “Свет маімі вачыма” ў Нацыянальным гістарычным музеі па выніках аднайменнага рэспубліканскага конкурсу для дзяцей-сірот і дзяцей з інваліднасцю. У экспазіцыю ўвайшлі 40 работ дзяцей, якія сталі пераможцамі конкурсу і талент якіх адзначаны членамі журы. Сярод лепшых работ прадстаўлена карціна 11-гадовай Анастасіі Леўчанка з аграгарадка Гезгалы. Юная мастачка заняла першае месца ў намінацыі “Жывапіс”.
Развіццём таленту дзяўчыны займаецца яе прыёмны бацька, выкладчык Гезгалаўскага аддзялення Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Віктар Жылянін. Для Анастасіі ён – аўтарытэт, паколькі сам стварае цудоўныя палотны з акварэллю, малюе пастэллю, алеем.
З Насцяй і Віктарам мы сустрэліся ў невялікім мастацкім класе, але хочацца яго называць творчай студыяй: тут адчуваецца асаблівая атмасфера, дзе лунае фантазія і кружыць натхненне.
Маленькая светлавалосая дзяўчынка сядзіць за партай і працуе над новай карцінай, не звяртаючы ўвагі на ўсе вакол. Можа, рыхтуецца да новага конкурсу?
– Насця, не саромейся, – падбадзёрвае яе Віктар Жылянін. А ці трэба ёй гэта? Яна, здаецца, у сваім свеце, які не хоча пакідаць. З гэтай хвіліны стала зразумела, што разгаварыць дзяўчынку будзе няпроста. Не яе гэта стыль – балбатаць марна. Лепш пісаць. На палатне.
Было цікава даведацца крыху пра сам конкурс, які прынёс пяцікласніцы першае месца ў рэспубліцы. На жаль, убачыць пераможную карціну не было магчымасці, паколькі яна радуе наведвальнікаў выставы ў Мінску, але Віктар Міхайлавіч паспеў яе сфатаграфаваць. Напісаная ў змешанай тэхніцы акварэлі і васковай пастэлі бялявая дзяўчынка пад вадой сярод рыб… Напэўна, у гэтым ёсць асаблівы сэнс, вядомы толькі Насці. Дарэчы, ёсць у гераіні твора падабенства з аўтарам.
– Ці не сябе ты адлюстравала? – пытаюся ў мастачкі асцярожна і з надзеяй на згоду.
– Так, мне падабаецца плаваць, хочацца самой убачыць гэтых рыб, – ціхі, але ўпэўнены адказ таіў нейкую загадку.
Цікава тое, што на перамогу ў конкурсе Насця настройвалася адразу, а ўсё таму, што работа ёй спадабалася самой. Гэта рэдкасць, калі аўтар цалкам задаволены сваёй творчасцю і ўпэўнены ў сваіх сілах. За нядоўгі перыяд свайго творчага жыцця ў юнай мастачкі ўжо выпрацавалася сваё правіла: калі работа яе задавальняе, значыць, будзе вынік. Так і здараецца. Ці можна гэта лічыць шостым пачуццём?
– Ведаеце, гэта, магчыма, звязана з Італіяй, – кажа Віктар Жылянін пра ідэю работы. – Насця там не раз адпачывала на моры, бачыла мядуз, малюскаў.
Вось і разгадка ўсёй задумы. Сціплая, аб Італіі не сказала ні слова, але пры аповедзе Віктара адно пахвальна ківала галавой. Настальгія па вандроўцы. У вадзе Насця адчувае сябе спакойна і свабодна, суадносіць сябе з тымі марскімі насельнікамі, якіх бачыла і хацела б убачыць яшчэ не раз. Русалачка ў марах.
На першы погляд можа здацца, што Насця песімістычная, але думаць так – вялікая памылка. Нягледзячы на сур’ёзны выраз твару і нешматслоўнасць, яна вельмі жыццярадасная і пазітыўная дзяўчынка. Інтраверт з сапраўднай бурай унутры, творчая і з тонкай душэўнай арганізацыяй.
– Магу сказаць, што дома з яе таксама слова выцягнуць складана. Гэта кокан, які стрымлівае, каб не сказаць лішняга, – тлумачыць прыёмны бацька. – Яна жыве ў нас з чатырох гадоў, таму мы ведаем адзін аднаго вельмі добра.
– Можа, ёй прасцей выказаць думкі на паперы? Малюнак для яе – як шанц выказацца, – мяркую ўслых.
– Так, – пацвярджае мой суразмоўца, – для яе папера – як сябар, а маляванне – як размова з ім.
Дыялог з паперай у дзяўчынкі атрымліваецца добры, але ці можа гэта папера яе пачуць так, як гэта зробяць блізкія людзі? Трэба сказаць, што сям’я Віктара Жыляніна вялікая і абсалютна творчая: пяцёра дзяцей, і гэтак жа, як бацькі, малююць ўсе. Насця стала маляваць з першага класа, і ў ёй адразу быў бачны патэнцыял. Цяпер яна падрастае і дасягае таго ўзросту, калі маштабы конкурсаў значна павялічваюцца, таму што ў большасці з іх прыняць удзел можна толькі з дванаццаці гадоў.
Па словах настаўніка, актыўнасці Насці няма мяжы. Яна заўсёды знаходзіць сабе занятак, і гэта не толькі творчасць. Дзяўчынцы падабаюцца розныя віды спорту, і яна спрабуе сябе ва ўсім, што толькі ёй даступна.
– Па ёй плача гімнастыка, гнуткасці можна пазайздросціць. Наогул, дай Насці волю – трава бы пад ёй гарэла, – сцвярджае Віктар Жылянін, –паралельна дастаючы шмат захаваных карцін, напісаных Насцяй.
На яе малюнках няма ні адной лішняй рысы, але ў кожнай рабоце мастачка віртуозна перадае эмоцыі – часцей за ўсё некалькімі лініямі. На кожнай карціне няма месца цёмным або змрочным колерам, толькі светлыя і яркія фарбы. І шмат жывёл. Заўважаю, што жывёлы на малюнках пераважна тыя, якія маюць прыродны рыжы колер.
– Ты, напэўна, любіш жывёл? – пытаюся ў Насці і пераконваюся ў тым, што так і ёсць. – Якая твая любімая жывёла?
– Рысь! – нечаканы і нестандартны адказ.
Даволі моцная жывёла. І быццам мяккая котка, але ў той жа час сябе ў крыўду не дасць. А ці можа быць гэта адлюстроўваннем унутранага свету дзяўчынкі, якая “размаўляе” з паперай?
– Рысь – гэта дакладна яе татэм, – кажа прыёмны бацька. – Спакойная, але ў патрэбны момант зможа выпусціць кіпцюры і за сябе пастаяць.
Пакуль яна дзіця, набліжаецца да падлеткавага ўзросту, калі чужое меркаванне іграе не самую важную ролю, а ў прыярытэце – адстаяць сваё.
– Упэўнены, што яна вырасце максімальна справядлівай да людзей і да сябе, – падсумаваў Віктар Жылянін. І такая кульмінацыя размовы не проста філасофія, а шчырыя надзеі.
Юлія БАКУНОВІЧ
Дзясяты адкрыты фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” запрасіў сёння на спартыўную пляцоўку тых, хто сябруе…
На “Зецельскім фэсце” працавалі адразу некалькі інтэрактыўных пляцовак на любы густ. Сапраўднай сенсацыяй фестывалю стаў…
30 мая ў рамках дзясятага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” горад Дзятлава ператварыўся ў сапраўдную…
Урачыста, прыгожа, з цудоўным настроем пачалося свята сямейнага адпачынку "Зецельскі фэст" ў Дзятлаве. Пад гукі…
На Зецельскім фэсце гуляе народ,На плошчы вясёлы вядзе карагод,Танцуе, спявае і славіць сям’ю,А хтосьці газеце…
Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…