Адбылася рабочая нарада пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Дзмітрыя Баравіка. На ёй абмеркавалі падрыхтоўку да святкавання на Дзятлаўшчыне 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Дзмітрый Расціслававіч патлумачыў, што ў юбілейны год у нашым раёне будзе рэалізаваны экскурсійна-патрыятычны праект “Летапіс Вялікай Перамогі, або Лясной сцяжынкай да партызанскага шпіталя”, распрацаваны комплекс мерапрыемстваў, ажыццявіць якія неабходна да 9 Мая.

Больш падрабязна аб праекце расказала галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка. Яна адзначыла, што на маршруце будуць не толькі аб’екты, непасрэдна звязаныя з ваеннымі падзеямі на Дзятлаўшчыне, але і месцы былых мануфактур Радзівілаў па вырабе жалезнай руды, шкла, касцёл і царква ў вёсцы Руда Яварская – усяго дзевяць прыпынкаў. У адрозненні ад вандроўкі з экскурсаводам, удзельнікаў мерапрыемства на кожным аб’екце будуць сустракаць навучэнцы ўстановаў адукацыі раёна. Дзеці падрыхтуюць прэзентацыі гэтых вядомых мясцін. Мяркуецца, што вандроўка будзе веласіпедная.

Адметна, што сёлета ў Ліпічанскай пушчы (на фінішы маршрута) з’явіцца яшчэ і незвычайная фотазона. Яна дапаможа турыстам зрабіць іх падарожжа цікавым і запамінальным. Аб планах па арганізацыі будаўніцтва і добраўпарадкавання зямлянкі-фотазоны паблізу ад уваходнай групы, якая вядзе да партызанскага шпіталя, расказаў загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда. Падкрэсліў, што работы з-за цяжкага доступу тэхнікі мяркуецца выканаць гаспадарчым спосабам. Будаўнічыя матэрыялы ёсць, яны засталіся ад былой Рудаяварскай школы-інтэрната. Узвядзенне будзе праходзіць пад наглядам спецыялістаў лясгаса і Дзятлаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Стварыць новы аб’ект збіраюцца за 5-6 суботнікаў сіламі спецыялістаў-добраахвотнікаў.

З удзельнікамі пасяджэння вопытам рэалізацыі падобнага праекта да 60-годдзя Вялікай Перамогі каля вёскі Трахімавічы падзяліўся старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар. Ён расказаў, якім чынам у 2005 годзе былі адноўлены партызанскія зямлянкі, як яны выглядалі, якія матэрыялы выкарыстоўваліся. Гасцямі гэтага аб’екта ў далейшым сталі не толькі ветэраны Дзятлаўшчыны, але і ўдзельнікі вайны са Смаленскай, Бранскай абласцей Расіі.

У час рабочай нарады быў намечаны план рэалізацыі юбілейнага праекта і вызначана, што асноўныя будаўнічыя работы пачнуцца ў красавіку.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#туризм #Дятловщина #нашалепшае #нашелучшее

Похожие публикации