Рэалізуецца 15-ы сезон праекта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “100 ідэй для Беларусі”.
20 снежня ў сярэдняй школе № 7 горада Слоніма прайшоў занальны этап конкурсу, у якім удзельнічалі маладыя вынаходнікі і іх педагогі з Дзятлаўскага, Слонімскага, Навагрудскага, Карэліцкага раёнаў.

Як расказала першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, усяго на выставе-прэзентацыі былі прадстаўлены 22 інавацыйныя праекты. Свае распрацоўкі прэзентавалі навучэнцы школ, гімназій, каледжаў, а таксама працоўная моладзь. Тэматыка работ ахапіла аграрную, прамысловую, медыцынскую ІТ-сферы, а таксама сацыяльныя і экалагічныя напрамкі, іншыя актуальныя галіны.
Навучэнцы ўстановаў адукацыі Дзятлаўшчыны на занальным этапе прадстаўлялі пяць праектаў. Так, Лізавета Якубоўская з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы ў намінацыі “Грамадства і сацыяльная сфера” выступіла з праектам “Гарадскія востравы цяпла” ў камфортнае асяроддзе жыццядзейнасці гарадскога насельніцтва”.

Іван Урбановіч з гімназіі № 1 горада Дзятлава прадставіў праект “Квантавы спектр і яго ўплыў на рост праросткаў пшаніцы” ў намінацыі “Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства”. Яшчэ адзін гімназіст Максім Дзяхцевіч выбраў намінацыю “Нацыянальная бяспека і абарона ад надзвычайных сітуацый”, у якой заявіўся з праектам “Маніторынг навакольнага асяроддзя і стану чалавека ва ўмовах надзвычайных сітуацый”.





Лізавета Маліка з Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук у намінацыі “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі” падрыхтавала праект “Сістэма VR-музея аўтамабільнай тэхнікі з інтэлектуальным гідам на аснове штучнага інтэлекту”, а навучэнец гэтай жа ўстановы Аляксей Умоўскі – праект “Антыдронавая абарона аб’ектаў” у намінацыі “Нацыянальная бяспека і абарона ад надзвычайных сітуацый”.

Кампетэнтнае журы выбрала ідэі юных вынаходнікаў з чатырох раёнаў, якія будуць змагацца за званне лепшых на абласным этапе, што пройдзе ў студзені 2026 года. Пераможцамі сярод дзятлаўчан прызнаны Лізавета Якубоўская, Іван Урбановіч, Максім Дзяхцевіч, Лізавета Маліка. Жадаем нашым землякам далейшых поспехаў.

Ірына СТЫРНІК
Фота Кацярыны ХІЛІМОНЧЫК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga