Мабыць, любы жыхар Казлоўшчынскага сельсавета ведае свайго земляка Уладзіміра Грышука і скажа пра яго толькі добрыя словы: працавіты, добразычлівы і моцны духам. Сапраўды, на жыццё Уладзіміра Аляксандравіча выпала нямала выпрабаванняў, але ён усё старанна пераадольваў і ніколі не апускаў рукі.

Нарадзіўся Уладзімір Грышук у далёкім 1949 годзе ў вёсцы Скрундзі Дзятлаўскага раёна ў сям’і сялян. Скончыўшы сярэднюю школу, перад юнаком паўстала пытанне: куды пайсці вучыцца далей? І ён выбраў прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 13 горада Севастопаля. Гады вучобы праляцелі хутка, і маладога спецыяліста прынялі на работу на Севастопальскі суднабудаўнічы завод імя С.Арджанікідзэ слесарам-судназборшчыкам. Адтуль у 1968 годзе быў прызваны ў рады Савецкай арміі.

Але ўвесь час сэрца Уладзіміра Аляксандравіча рвалася на родную зямлю, туды, дзе нарадзіўся і вырас. Пасля дэмабілізацыі вырашыў: еду на малую радзіму. На работу ўладкаваўся ў калгас “Слава працы” імя 50-годдзя камсамола Беларусі загадчыкам вытворчага ўчастка, затым працаваў галоўным аграномам і адначасова ўзначальваў камсамольскую арганізацыю гаспадаркі, у саставеякой было больш за 120 членаў.Пазней давялося папрацаваць і старшынёй дадзенага сельгаспрадпрыемства.

Праца ў сельскай гаспадарцы патрабавала адпаведных ведаў, і тады было прынята рашэнне паступіць у Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум наспецыяльнасць“аграномія”. Прытрымліваючыся народнай мудрасці “век жыві, век вучыся”, Уладзімір Грышук паспяхова скончыў і Мінскую вышэйшую партыйную школу пры ЦК КП Беларусі, пасля чаго яго накіравалі на работу ў Дзятлаўскі РК КПБ інструктарам арганізацыйнага аддзела.

У 1981 годзе зноў яго лёсвяртае ў сельскую гаспадарку. На працягу шасці гадоў Уладзіміру Аляксандравічу давялося ўзначальваць калгас “Чырвоны Кастрычнік” Дзятлаўскага раёна. За гэты час ён зарэкамендаваў сябе як граматны кіраўнік і дарадца, таму яго вопыт з цікавасцю пераймалі навучэнцы Казлоўшчынскага ПТВ-191, дзе пасля Уладзімір Грышукпрацаваў выкладчыкам, а пазней – матарыстам, намеснікам дырэктара па курсавой падрыхтоўцы. Пятнаццаць гадоў узначальваў ён прафсаюзны камітэтгэтайнавучальнай установы.

Многа сілаў і энергіі аддаваў мужчына на пасадзе старшыні Казлоўшчынскага пасялковага Савета дэпутатаў.Для таго, каб яго землякам жылося камфортна, па ініцыятыве Уладзіміра Аляксандравіча была прабіта дадатковая свідравіна для пітной вады, якуюаб’ядналі ў адзіную сістэму, каб жыхары новых шматпавярховых дамоў не мелі перабояўз вадой. Праз савецкі дзяржплан дамогся для пасёлка газаразмеркавальную станцыю і як вынік – пасёлак стаў поўнасцю газіфікаваны. А каб адходы прадпрыемстваў не зліваліся ў раку, пабудавалі каналізацыйна-помпавую станцыю і палі фільтрацыі. Акрамя гэтага, быў уведзены штат работнікаў камунальнай службы, каб вуліцы пасёлка заўсёды былі чыстымі, зарабіла кацельня на мясцовых відах паліва, а ў 2005 годзе ўвялі ў эксплуатацыю мясцовую бальніцу, якая лічылася даўгабудам.

– Вельмі хачу, каб у маім родным пасёлку Казлоўшчына жыла моладзь, з’яўляліся сем’і, раслі шчаслівыя дзеці, – адзначае Уладзімір Аляксандравіч.

Уладзімір Грышук неаднаразовавыбіраўся дэпутатам мясцовага і раённага Савета дэпутатаў.

Цяперён знаходзіцца на заслужаным адпачынку, яго працоўны шлях і грамадская дзейнасць адзначана ўрадавымі ўзнагародамі і Ганаровымі граматамі дзяржаўных і грамадскіх органаў улады і кіравання, ёнз’яўляецца ветэранам працы.

Узнагароды Уладзіміра Грышука:

– ордэн Працоўнай Славы III ступені;

 юбілейны медаль “За воінскую доблесць” у азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна;

– ганаровы знак ЦК ВЛКСМ “Залаты колас”;

– нагрудны знак узнагароды ЦК КПБ “Вернасць”;

– знак ЦК КПСС Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК УЛКСМ “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1973 года”;

– памятныя медалі “80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” і “80 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”;

– Ганаровыя граматы абласнога Савета дэпутатаў, упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў АПК, а таксама грамата ЦК Беларускага патрыятычнага саюза моладзі.

На пенсіі Уладзімір Аляксандравіч не сумуе, вядзе актыўны лад жыцця, з’яўляецца членам Дзятлаўскай раённай партыйнай арганізацыі КПБ, яго запрашаюць на сустрэчы з моладдзю, на якіх з цікавасцю расказвае пра гісторыю Дзятлаўшчыны.

Ён таксама і руплівы гаспадар: завіхаецца ў справах каля дома, падтрымлівае ўзорны парадак на сядзібе, захапляецца вырошчваннем садавіны і агародніны, асабліва бавяць вока яго залацістыя сланечнікі. А багаццем і радасцю лічыць сваіх дзяцей і унукаў.

Таццяна ГРЫЦУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации