Бяспека ў кожны дом. Да каго наведаліся ратаўнікі?

У рамках чацвёртага этапу рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Бяспека ў кожны дом”, скіраванай на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад агню, супрацоўнікі Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праводзяць сустрэчы ў працоўных калектывах Дзятлаўшчыны.

Такія прафілактычныя меры асабліва актуальныя ў перыяд маразоў, калі сітуацыя з пажарамі абвастраецца.

Адно з мерапрыемстваў нядаўна прайшло ў КСУП “Вензавец”, а 10 лютага на мехдвары ў Круцілавічах ратаўнікі сустрэліся з работнікамі ААТ “Граніт-Агра”.

Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык азнаёміў прысутных з асноўнымі патрабаваннямі правілаў супрацьпажарнай бяспекі і абстаноўкай, якая складваецца на тэрыторыі раёна і Гродзенскай вобласці ў цэлым.

Ён расказаў, што на Дзятлаўшчыне сёлета ўжо адбыліся 3 пажары і, у параўнанні з мінулым годам, адзначаецца іх рост (+1). У 2020 годзе ў раёне былі зарэгістраваны 28 пажараў, на якіх загінулі 2 чалавекі. Самая распаўсюджаная прычына ўзгаранняў з гібеллю людзей – гэта неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення. Сярод тых, хто летась на Гродзеншчыне стаў ахвярай вогненнай стыхіі, 80 % былі нецвярозыя. Два загінулыя нашы землякі з вёскі Карытніца і гарадскога пасёлка Казлоўшчына таксама не выключэнне.

Асноўныя месцы, дзе ўзнікаюць пажары – гэта жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы. Са 138 пажараў, якія адбыліся ў нашым раёне за апошнія пяць гадоў, па 56 узніклі ў дамах і гаспадарчых пабудовах. Таму Сяргей Казушчык папрасіў прысутных дома абавязкова звярнуць увагу на стан пячнога ацяплення, электраправодкі, не пакідаць без нагляду кормазапарнікі.

Што тычыцца пажараў на аб’ектах у 2020 годзе, то адзін з іх адбыўся ў вёсцы Руда Яварская. Вадзіцель запраўляў аўтамабіль: пераліваў паліва з пластыкавай каністры ў бак, пры гэтым быў апрануты не ў спецвопратку, а ў сінтэтычнае адзенне. Узгаранне адбылося з-за разраду статычнай электрычнасці. На мужчыне загарэлася адзенне, патушыць якое ўдалося дзякуючы супрацьпажарнаму палотнішчу і вогнетушыцелю. Чалавек атрымаў апёкі 25 % цела. Была ўзбуджана крымінальная справа за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, якое прывяло да траўмавання.

Пасля такога слушнага прыкладу Сяргей Казушчык заклікаў работнікаў ААТ “Граніт-Агра” насіць спецвопратку, захоўваць правілы супрацьпажарнай бяспекі і аховы працы.

З надыходам маразоў найбольш частай прычынай узгаранняў становіцца парушэнне правілаў эксплуатацыі печак. Нельга забываць, што лепш паліць у печы некалькі разоў на дзень, бо яе перакальванне вядзе да ўзнікнення расколін, выпадзення іскраў і, як следства, пажараў. Без нагляду печку пакідаць таксама нельга, а завяршыць прапальванне – за 2-3 гадзіны да сну. Попел і шлак пасля прапальвання ў печы таксама трэба выкідаць за 15 метраў ад пабудоваў і найлепш праліць вадой. Гэтага не ўлічыў адзін з жыхароў Дзятлава, які выкінуў попел пад навес, дзе захоўваліся пілаванне, дошкі, вугаль. Праз два дні адбылося ўзгаранне, агнём пашкоджана маёмасць і аўтамабіль.

Бяда найчасцей прыходзіць ноччу, калі людзі спяць і не адчуваюць паху дыму, а таму Сяргей Казушчык заклікаў абсталёўваць жылыя пакоі аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі і таксама прывёў выпадак шчаслівага выратавання, які адбыўся ў раёне. Не забыўся ён нагадаць аматарам зімовай рыбалкі аб небяспецы тонкага лёду, неабходнасці апранаць выратавальную камізэльку, браць з сабой сродкі выратавання. Таксама начальнік Дзятлаўскага РАНС назваў нумары 101 і 112, на якія неабходна тэлефанаваць пры надзвычайнай сітуацыі, заклікаў устанавіць на мабільныя тэлефоны дадатак МНС “Дапамога побач”.

Старшы інспектар Дзятлаўскага РАНС Марта Мілаш прадэманстравала і перадала ўдзельнікам сустрэчы  прафілактычны раздатачны матэрыял, у тым ліку друкаваную памятку МНС “Дапамога побач”. Яшчэ яна правяла з прысутнымі інтэрактыўную гульню “Што гэта такое?” на паўтарэнне правілаў бяспекі. Напрыканцы работнікам гаспадаркі паказалі відэастужку аб самых распаўсюджаных надзвычайных сітуацыях і правільных паводзінах пры іх узнікненні. Ратаўнікі анансавалі, што падобныя сустрэчы пройдуць і ў іншых калектывах раёна.

Ірына СТЫРНІК

administrator

Recent Posts

Вас памятае свет уратаваны. Жанчыны, якія набліжалі Перамогу

У Год беларускай жанчыны на старонках газеты “Перамога” расказваем пра нашых зямлячак, якія змагаліся на…

2 часа ago

Словы ўдзячнасці і віншавання – вам, людзі ў белых халатах!

У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў святочны канцэрт-шанаванне, прысвечаны надыходзячаму Дню медыцынскіх работнікаў.…

2 часа ago

Па 25 базавых велічыняў за няскошаную траву кожнаму

За невыкананне работ па падтрыманні належнага санітарнага стану на тэрыторыях зямель агульнага карыстання населеных пунктаў,…

4 часа ago

Прафарыентацыя. Каму падыдзе прафесія карэспандэнта

Гэта высвятлялі выхаванцы летніка “Крута” гімназіі № 1 горада Дзятлава, наведаўшыся ў рэдакцыю раённай газеты…

4 часа ago

Канікулы-2026

Чым жыве летнік Выхаванцы летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М.…

4 часа ago

22 июня в Дятлово состоится митинг-реквием

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

8 часов ago