Сёлета спажывецкая кааперацыя Рэспублікі Беларусь адзначае свой 100-гадовы юбілей. Роўна стагоддзе задавальняе патрэбы спажыўцоў самая буйная гандлёвая сетка краіны. Праўда, у Заходняй Беларусі, у сувязі з вядомымі гістарычнымі падзеямі, яна пачала функцыянаваць крыху пазней. Так, на Дзятлаўшчыне першае сельскае спажывецкае таварыства было заснавана ў 1940 годзе – у Стралянскім сельсавеце. Праз некаторы час узніклі Наваельнянскае, Дварэцкае, Ахонаўскае, Раготнаўскае сельскія спажыўтаварыствы. У райспажыўсаюз, згодна з рашэннем агульнага сходу заснавальнікаў, яны былі аб’яднаны ў 1945 годзе, а ў 1960-ым, пасля скасавання Казлоўшчынскага раёна, арганізацыйныя структуры спажыўкааперацыі былі падпарадкаваны Дзятлаўскаму райспажыўсаюзу. У 1995 годзе Дзятлаўскі райспажыўсаюз быў рэарганізаваны ў раённае спажывецкае таварыства.

Векавыя традыцыі спажывецкай кааперацыі цесна звязаны з імёнамі работнікаў таварыства. Больш за палову свайго жыцця Дзятлаўскаму райспажыўтаварыству прысвяціў Віктар Сцяпанавіч Новік – яго лёс стаў адной са старонак гісторыі гэтай арганізацыі.

Нарадзіўся ён у 1948 годзе ў вёсцы Еўлашы Шчучынскага раёна. Працоўную дзейнасць пачынаў на Скідзельскім цукровым камбінаце. У 1974-ым скончыў Маладзечанскую інструктарска-рэвізійную школу і быў прыняты на пасаду старшага рэвізора Шчучынскага занальнага аддзела кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення Гродзенскага аблспажыўсаюза. З гэтага моманту і да нашых дзён жыццё Віктара Сцяпанавіча цесна звязаны са спажывецкай кааперацыяй Гродзеншчыны. У 1981 годзе ў Гомельскім кааператыўным інстытуце ён атрымаў вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “бухгалтарскі ўлік, кантроль і аналіз гаспадарчай дзейнасці”. Некаторы час узначальваў Астрынскае спажыўтаварыства, а ў 1985 годзе пераехаў на Дзятлаўшчыну. Спачатку працаваў намеснікам старшыні Дзятлаўскага райспажыўсаюза па гандлі, а ў ліпені 1986 года сам узначаліў спажывецкую кааперацыю раёна.

Віктар Сцяпанавіч Новік, з’яўляючыся кіраўніком, вялікую ўвагу надаваў развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы райспажыўтаварыства. У час яго кіраўніцтва райспажыўтаварыствам былі пабудаваны Дом гандлю, каўбасны і жывёлазабойны цэхі, шэраг гандлёвых прадпрыемстваў у сельскай мясцовасці, якія прыйшлі на змену хатнім крамам, іншыя аб’екты. Адным словам, была створана трывалая гандлёва-вытворчая база для далейшага развіцця спажывецкай кааперацыі раёна. У 2008-2009 гадах па выкананні фінансавых і гаспадарчых паказчыкаў Дзятлаўскае спажыўтаварыства займала першае месца ў вобласці і яшчэ шмат гадоў было сярод лепшых. На базе нашага раёна праходзілі рэспубліканскія семінары па абмене вопытам у развіцці галінаў дзейнасці.

Віктар Сцяпанавіч працаваў старанна, таму і цяпер яго ведаюць і цэняць. Сорак гадоў, пражытых на Дзятлаўшчыне, былі насычанымі і багатымі на падзеі. Але апошні запіс у працоўнай кніжцы былога старшыні яшчэ не зроблены: Віктар Сцяпанавіч Новік да гэтага часу ўзначальвае прафсаюзную арганізацыю работнікаў спажывецкай кааперацыі раёна. Калегі жадаюць яму плённай працы на прафсаюзнай ніве.

І. КАЎКЕЛЬ

НА ФОТАЗДЫМКУ: старшыня прафсаюзнай арганізацыі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства В. Новік.

Фота прадастаўлена філіялам Гродзенскага аблспажыўтаварыства

About Author
administrator
View All Articles

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации