В. Макарэвіч: «Не спыняцца на дасягнутым»

Вераніка Макарэвіч працуе аператарам малочнай лініі на ўчастку канцэнтрацыі сыроваткі ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод». Адміністрацыя прадпрыемства характарызуе маладую работніцу станоўча: «Яна і адукаваны спецыяліст, і актывістка, і спартсменка, і проста прыгажуня». Сама Вераніка ў жыцці прытрымліваецца прынцыпу: «не спыняцца на дасягнутым» і прыступка за прыступкай «бярэ» новыя «вяршыні».

Вераніка — з вёскі Сачыўляны. Яна скончыла спачатку Яварскую сярэднюю школу, затым — Гродзенскі каледж лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці «тэхнік-праграміст». Пасля гэтага чатыры гады адпрацавала майстрам вытворчага навучання Нёманскага прафесійна-тэхнічнага ліцэя. Аднак доўга выкладаць «сухую тэорыю» Вераніка не збіралася — імкнулася выкарыстаць свае веды на практыцы, таму вярнулася на Дзятлаўшчыну і ўладкавалася на сыраробны завод.

Прызнаецца, што спачатку было складана, бо змена на лініі — гэта майстар і аператар, а начная змена — адзін аператар. Заставацца сам-насам з «разумным» абсталяваннем спачатку было страшнавата. З цягам часу напрацаваны вопыт пераадолеў няўпэўненасць.

Проста працаваць і ўсё — не ў характары Веранікі. І сёлета яна атрымала дыплом аб вышэйшай адукацыі: завочна скончыла факультэт практычнай псіхалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.

— А чаму б і не! — зазначае Вераніка Макарэвіч. — Цікавая прафесія, якая ў хуткім часе можа стаць актуальнай, а новымі ведамі і наогул можна пастаянна карыстацца.

Вераніка актыўна ўдзельнічае ў прафсаюзным жыцці завода. Яна ўваходзіць у турысцкую каманду, якая прымае ўдзел у моладзевым турзлёце, пастаянная ўдзельніца вандровак і мерапрыемстваў. З сабой заўсёды бярэ прафесійны фотаапарат, бо фотаздымка — адно з захапленняў Веранікі. Таксама дзяўчына любіць чытаць кнігі, вандраваць, захапляецца экстрэмальнымі відамі спорту. Адна з мараў Веранікі Макарэвіч — скокнуць з парашутам. Мяркую, яна абавязкова ажыццявіцца, бо дзяўчына ўжо скакала на тарзанцы, а тры гады таму стала на горныя лыжы і сноўборд. Прызнаецца, што вельмі любіць горы і зімой ездзіць пакатацца ў Букавель. Летам падарожнічае на мора: ужо пабыла ў Феадосіі, Ялце, Судаку, Затоцы. Спадзяецца, што калі-небудзь зможа наведаць Егіпет і Грэцыю.

Моладзі Дзятлаўшчыны Вераніка Макарэвіч жадае быць актыўнымі, вясёлымі, пазітыўнымі, мець шмат сяброў, як мага часцей сустракацца разам і ўдзельнічаць у раённых мерапрыемствах.

І. КАЎКЕЛЬ

НА ФОТАЗДЫМКУ: маладая работніца ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» В. Макарэвіч.

Фота І. КАЎКЕЛЬ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Як дружна пырснулі сады…
Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!
Святлана Лагута: “Здаровы сэнс перамог”

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации