Наш час характарызуецца цікавасцю непаўналетніх да ІТ-тэхналогій.
З адаго боку, гэта добра, бо дзіця расце і вучыцца выкарыстоўваць разумную тэхніку хутка і проста, у адрозненні ад прадстаўнікоў старэйшага пакалення. З другога, гадзіны за камп’ютарам пазбаўляюць падрастаючае пакаленне рухальнай актыўнасці, жывых стасункаў і карысных бытавых навыкаў.
Сваім меркаваннем на гэты конт падзялілася педагог-арганізатар Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ірына Мішчанка:

– Сучаснае дзяцінства ўсё часцей праходзіць перад экранам смартфона. Сацыяльныя сеткі, камп’ютарныя гульні і бясконцы інтэрнэт-кантэнт выцясняюць жывыя размовы і актыўны адпачынак. Пры гэтым лічбавае асяроддзе нясе не толькі забавы, але і сур’ёзныя рызыкі: кібербулінг, інтэрнэт-махлярствы, небяспечныя знаёмствы, уцягванне падлеткаў у супрацьпраўную дзейнасць, у тым ліку дроперства. Як дапамагчы дзіцяці не згубіцца ў гэтым патоку інфармацыі і правільна арганізаваць вольны час?
Адно з рашэнняў прапаноўвае Дзятлаўскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У нас непаўналетнія могуць знайсці заняткі па інтарэсах, выйсці за межы школьнай праграмы і правесці свабодны час з карысцю. Робататэхніка, камп’ютарная графіка, блогінг, краязнаўства, валанцёрскія праекты – такія сучасныя кірункі дазваляюць не проста атрымліваць новыя веды, але і ствараць уласныя праекты, асвойваць тэхналогіі, працаваць у камандзе. Замест пасіўнага знаходжання ў інтэрнэце – рэальныя задачы, дасягненні і сябры па інтарэсах. Карысць падобных заняткаў не абмяжоўваецца набыццём новых навыкаў. Даследаванні канадскіх вучоных з удзелам больш за 28 тысяч падлеткаў паказалі, што дзеці, якія наведваюць арганізаваныя пазашкольныя гурткі, у сярэднім менш часу надаюць забаўляльнаму экраннаму кантэнту. У іх адзначаліся пазітыўныя адносіны да жыцця, менш праяўляліся сімптомы трывожнасці і дэпрэсіі. Гэта яшчэ адзін аргумент на карысць таго, што цікавая справа і жывыя стасункі важныя для псіхалагічнага здароўя.
Сёння ў Беларусі працуюць 224 цэнтры дадатковай адукацыі, у якіх амаль 348 тысяч дзяцей займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах. Дзятлаўскі цэнтр – частка гэтай вялікай сістэмы, задача якой пры насычанай школьнай праграме знаходзіць час для любімай справы.
Паважаныя бацькі, не дазваляйце смартфону замяняць дзецям сяброў і карысныя захапленні. Падтрымлівайце іх інтарэсы, дапамагайце знаходзіць аднадумцаў. Дзятлаўскі цэнтр дадатковай адукацыі гатовы стаць месцам, дзе вольны час дзіцяці ператвараецца ў магчымасці для развіцця, сустрэч, новых дасягненняў.
Даведацца больш падрабязна пракірункі работы, дзейнасць аб’яднанняў і магчымасцях заняткаў можна па адрасе: г. Дзятлава, вул. Чапаева, 18, або па тэлефоне 6-69-48. Інфармацыю аб рабоце аб’яднанняў ва ўстановах адукацыі можна ўдакладніць у педагогаў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga