7 красавіка ў райвыканкаме з кіраўнікамі і профільнымі спецыялістамі абмеркавалі стратэгію развіцця турызму на Дзятлаўшчыне на 2026-2030 гады. Сустрэча праходзіла з удзелам намесніка старшыні камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама Таццяны Лідзяевай і начальніка аддзела турызму камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама Алены Валько.

З 1 студзеня 2026 года ў Беларусі змянілася сістэма кіравання турызмам. Па Указе Прэзідэнта № 329 ад 10 верасня 2025 года ў падпарадкаванне Савета Міністраў перайшло і стала ключавым органам рэгулявання галіны Нацыянальнае агенцтва па турызме, якое раней было ў структуры Міністэрства спорту і турызму. Цяпер яно надзелена новымі паўнамоцтвамі. Змяненні скіраваны на развіццё галіны, стварэнне турыстычных інфацэнтраў, пашырэнне паўнамоцтваў мясцовых органаў кіравання і павінны паспрыяць вырашэнню галоўнай задачы новай пяцігодкі – павелічэнню долі сферы турызму ў валавым унутраным прадукце Беларусі да 4,5 % у 2030 годзе.

На асноўных задачах і кірунках зацверджанага ў час пасяджэння Плана развіцця турызму Дзятлаўскага раёна на наступную пяцігодку спынілася намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская:

– Асновай турыстычнага патэнцыялу раёна на 2026-2030 гады застанецца санаторна-аздараўленчы турызм. Улічваючы развіццё ўнутранага турызму і геапалітычную абстаноўку, мы бачым, што сучасны турыст шукае не толькі лячэння, але і глыбокіх уражанняў. У сувязі з гэтым наша стратэгія на пяцігодку – акружыць аздараўленчы турызм колам унікальных сэрвісаў, што павялічыць не толькі час знаходжання госця на дзятлаўскай зямлі, але і сярэдні чэк.

Райвыканкамам распрацаваны План развіцця турыстычных паслуг Дзятлаўскага раёна на 2026-2030 гады. Ён вялікі і ўключае 64 пазіцыі, аднак калі абагуліць, то асноўныя напрамкі – гэта падзейны турызм, гастранамічны, аграэкатурызм, актыўны і перазагрузка, прамысловы, гісторыка-адукацыйны. Да рэалізацыі мерапрыемстваў плана падключаны сферы адукацыі, культуры, прамысловасці, сельскагаспадарчыя арганізацыі, суб’екты аграэкатурызму, санаторыі, аб’екты харчавання.

Лічым, што праз выкарыстанне комплекснага падыходу, міжведамаснае ўзаемадзеянне, прымяненне комплексных рашэнняў для нашага раёна, дзе адсутнічаюць вялікія значныя аб’екты з багатай гісторыяй і культурай, ёсць добрая магчымасць заявіць пра сябе. Несумненна, падобны шлях развіцця няпросты, бо патрабуе вялікай падрыхтоўкі, апрабіравання, укаранення. Таму пытанні, якія будуць узнікаць у час работы, мяркуецца выносіць на абмеркаванне каардынацыйнага савета.
Калі казаць пра тэмп росту экспарту турыстычных паслуг у раёне і на Гродзеншчыне ў цэлым, то ўдзельная вага Дзятлаўшчыны ў долі экспарту вобласці на сёння складае 28 %, пераважна дзякуючы санаторыям “Радон” і “Альфа Радон”.

Як бачым, турызм павінен прыносіць эканамічны эфект, павышаць імідж раёна, стымуляваць сумежныя галіны эканомікі, такія як гандаль, гасцінічны бізнес, рэстаранная індустрыя, культурна-забаўляльныя аб’екты, а таксама прыцягваць інвестыцыі.

Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае