Напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у Дзятлаўскай раённай бібліятэцы ладзілася дыялогавая пляцоўка, прымеркаваная да гэтага дзяржаўнага свята. У чытальнай зале сабраліся дзятлаўчане, якія цікавяцца мінулым сваёй краіны і актыўна ўдзельнічаюць у яе развіцці сёння.


– Усе мы з’яўляемся грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, – пачалі сустрэчу вядучыя. – Гэта ганаровае званне дае нам пэўныя правы і абавязкі, якія зафіксаваны ў Канстытуцыі. На сучасным этапе развіцця яна гарант дэмакратыі, незалежнасці нашай краіны. У Канстытуцыі вызначана ўстройства нашай дзяржавы, абвешчана, што вышэйшая яе каштоўнасць – чалавек, пералічаны асноўныя правы і абавязкі грамадзяніна, што можна рабіць, а чаго нельга. Напрыклад, кожны мае права на жыццё, ахову здароўя, адукацыю.


Асобны раздзел Канстытуцыі прысвечаны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
Удзельнікі сустрэчы падзяліліся сваімі думкамі і разважаннямі аб неабходнасці і важнасці дакумента як у нашай краіне, так і ўвогуле ў свеце.

– Канстытуцыя – асноўны закон краіны, няма яе – няма дзяржавы, –адзначыла памочнік пракурора Дзятлаўскага раёна Ірына Забеліна. – Ствараюцца новыя дзяржавы, і пакуль не запісана, хто імі кіруе, якая ў іх мэта, рэлігія, грамадства, дагэтуль яшчэ няма дзяржавы. Гэты дакумент – сапраўды гарант законнасці.

Уключылася ў размову і першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. Яна акцэнтавала ўвагу на тым, што ў абноўленай два гады таму рэдакцыі Канстытуцыі артыкул 32 прысвечаны моладзі. Тут сказана, што дзяржава стварае ўсе неабходныя ўмовы для духоўнага, маральнага, фізічнага, інтэлектуальнага развіцця моладзі. Але ў сваю чаргу дзяржава чакае, што маладое пакаленне будзе ўносіць дастойны ўклад у развіццё нашай краіны.


– У нас сапраўды мэтанакіраваная, таленавітая моладзь, і ў рамках акцыі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, якая стартавала 10 сакавіка, тром нашым навучэнцам будуць уручаны іх першыя дакументы. У Доме Ураду пашпарт атрымае навучэнка сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы Вікторыя Шупа, у Міністэрстве адукацыі – навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Ангеліна Ламака, у Гродне – навучэнка Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук Аляксандра Міклаш.

Напрыканцы мерапрыемства ўсе госці актыўна ўключыліся ў віктарыну “Дзень Канстытуцыі”.




Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #нашалепшае #нашелучшее