20 красавіка ў Беларусі, Дзятлаўшчына не выключэнне, праходзіць Рэспубліканскі суботнік.
Сумесная праца дзеля дабрабыту роднай старонкі – выдатная традыцыя, якой ужо не адзін дзясятак гадоў.
Цікава было пачуць меркаванне дзятлаўчан, чаму суботнік – гэта добра.
Таццяна Трашчаліна, начальнік групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна:
– Кожны чалавек прыбірае ў сябе дома, у кватэры, аднак важна, каб і ў горадзе, пасёлках, сельскай мясцовасці таксама было чыста. Суботнікі дапамагаюць талакой наводзіць парадак, паказваць прыклад падрастаючаму пакаленню, прывіваць разуменне, што чыста не там, дзе ўбіраюць, а там, дзе не смецяць. Думаю, кожны павінен разумець, што гэта наш агульны абавязак – клапаціцца аб прыродзе, родным куточку, іх чысціні і дагледжанасці. Ніхто не будзе спрачацца, што прыемна гуляць па добраўпарадкаваных вуліцах, любавацца прыгожымі дрэвамі, клумбамі, гарадскімі краявідамі.
Суботнік – выдатная магчымасць правесці час разам. Калі людзі працуюць талакой, гэта збліжае. Мы выконваем агульныя задачы, робім свет вакол сябе чысцейшым і прыгажэйшым. І ў гэтым працэсе мы ўсе аднолькавыя: разам грабём, мяцём, чысцім, выносім смецце, размаўляем, жартуем – так працаваць весялей.
Іна Петрукевіч, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна:
– Суботнік – цудоўны спосаб праявіць наша жаданне жыць у прыгожым і чыстым свеце. Для працоўных калектываў гэта магчымасць пабыць разам у неафіцыйнай абстаноўцы на свежым паветры, што згуртоўвае, спрыяе паляпшэнню псіхалагічнага клімату.
Парадак павінен быць як у чалавеку, так і вакол яго. Калі мы нешта добраўпарадкуем, укладваем у гэта сваю працу, то пачынаем больш цаніць. А яшчэ, калі працуеш на карысць Радзімы, гэта ўмацоўвае патрыятычны дух. Выдатна, што ў нашай роднай Беларусі ёсць такая цудоўная традыцыя – праводзіць суботнікі. Важна падтрымліваць яе і надалей, перадаваць маладому пакаленню.
Наша краіна прыгожая і чыстая, што заўжды адзначаюць госці з-за мяжы, гэта прыемна. Не менш прыемна прайсціся пасля суботніка па чыстым горадзе, убачыць, як усё папрыгажэла, адчуць, што і ты ўнёс свой уклад у агульную справу па навядзенні парадку.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga