Штогод калектыў Дзятлаўскага РАНС папаўняецца маладымі, перспектыўнымі супрацоўнікамі, якія дастойна прадаўжаюць справу вопытных ратаўнікоў. У іх ліку – начальнік дзяжурнай змены пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 горада Дзятлава, старшы лейтэнант унутранай службы Андрэй Мінакоўскі, які за два гады работы паказаў сябе як сапраўдны прафесіянал і таварыш.
З нагоды Дня ратаўніка пагутарылі з ім аб прафесіі і перспектывах.
– Андрэй Дзмітрыевіч, наша сустрэча за сёння адкладва лася двойчы, бо вас складана застаць на месцы. Як праходзіць дзяжурства?
– Сапраўды, сённяшняя дзяжурная змена атрымалася няпростай: выязджалі на загаранне аўтамабіля ў вёсцы Пенчыцы, вярнуліся, паўдзельнічалі ў падвядзенні вынікаў. Не паспела закончыцца мерапрыемства, як мы зноў выехалі на пажар – гарэў жылы дом у вёсцы Пацаўшчына. Пацярпелых там не было, усё патушылі.
– Пажарная служба – гэта мара дзяцінства ці выбар з разлікам?
– Добрая прафарыентацыйная работа і аўтарытэт старэйшых таварышаў. Не думаў загадзя, што стану ратаўніком, хацеў проста ў сілавыя структуры. Калі ў старэйшых класах выбіраў прафесію, прыслухаўся да аргументаў супрацоўнікаў РАНС і паступіў ва Універсітэт грамадзянскай абароны. Калі размяркоўваўся пасля вучобы, выбраў Дзятлава, бо тут працуе мой зямляк Сяргей Казушчык. Я не адзін з Навагрудка, на змену ездзім разам з таварышамі. Хачу ў сваёй рабоце дапамагаць людзям: тушыць пажар, вызваляць пацярпелых у складаных сітуацыях, нават кацянят ратаваць з дрэваў. Таму калі выбіраў, дзе працаваць, пайшоў не ў інспекцыю, а ў змену.

– Што запомнілася больш за ўсё за гады службы?
– Як і ў кожнага пажарнага, першы выезд. Быў дастаткова складаны пажар. Добра, што абышлося без ахвяр. Тады ўпершыню адчуў вялікую адказнасць перад жыхарамі раёна, сваёй камандай, начальствам. З удзячнасцю ўспамінаю, як старэйшыя таварышы дапамагалі мне ў першы час, тлумачылі практычныя моманты прафесіі. Многаму навучыў Яўгеній Ясюкайць, які працаваў начальнікам часці.
– Ці важная субардынацыя?
– Абавязкова: у дзяжурнай змене шмат маіх равеснікаў, ёсць і старэйшыя таварышы, пры гэтым усе адносяцца да мяне з павагай, бо разумеюць: у час дзяжурнай змены я нясу адказнасць за ўсё і за кожнага. Работа ў нас сур’ёзная, і ставімся да яе адпаведна. Гэта не перашкаджае таварыскаму духу і сяброўству, узаемнай падтрымцы.
– Ці шмат часу забірае служба?
– Дзяжурым па зменах, таму ўсё паспяваю: і адпачыць, і асабістыя справы вырашаць, і займацца самаадукацыяй. Пастаянна чытаю профільную літаратуру, бо яшчэ працую выкладчыкам у Навагрудскім каледжы тэхналогій і бяспекі па сваёй спецыяльнасці. Практычны вопыт у гэтым моцна дапамагае і наадварот, тэарэтычныя веды, якія пастаянна абнаўляю, не будуць лішнімі на рабоце.
– Якія планы на будучыню і што пажадаеце калегам з нагоды свята?
– Гэты год будзе для мяне асаблівым, бо летам я планую стварыць сям’ю. Працаваць пакуль буду тут жа, не спяшаюся на павышэнне, хоць і былі прапановы, хачу прафесійна расці паступова, каб быць дастойным старэйшых таварышаў. Ад душы віншую ўсіх з Днём ратаўніка! Жадаю моцнага здароўя, заўсёды вяртацца да сваіх родных пасля дзяжурства, поспехаў і высокіх дасягненняў, сямейнага шчасця і дабрабыту.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае