Сярод маладых навасёлаў, якія засяліліся ў новы арэндны шматкватэрны дом па вуліцы Чапаева, 18А – міліцыянер-вадзіцель групы затрымання ўзвода міліцыі Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС, прапаршчык міліцыі Аляксандр Савасцюк. Разам з жонкай Вікторыяй яны засяліліся ў двухпакаёвую кватэру. У гонар святочнай нагоды яны запрасілі на чай шаноўных гасцей мерапрыемства – тых, дзякуючы каму маладая сям’я паверыла ў цуд і атрымала запаветныя квадратныя метры.



Аляксандр падзяліўся сваімі эмоцыямі ад новага жылля і расказаў пра сваю сям’ю:

– Разам з жонкай Вікторыяй засяляемся ў новую двухпакаёвую арэндную кватэру. Настрой цудоўны. Раней нам даводзілася наймаць жыллё ў райцэнтры, бо я родам з аграгарадка Раклевічы, а Вікторыя наогул з Мар’інай Горкі. Жылымі ўмовамі вельмі задаволены: пакоі тут светлыя, утульныя, застаецца толькі абставіць іх мэбляй на свой густ. Ствараць утульнасць і падбіраць дызайн інтэр’ера лепш умее Вікторыя, а я буду ёй ва ўсім дапамагаць. Асабліва прыемна, што новы дом прыгожы яшчэ і звонку, ён больш нагадвае навамодныя сталічныя жылыя комплексы накшталт “Мінск-Мір”. Думаю, усе жыхары і госці райцэнтра будуць любавацца на дзятлаўскі “Метраполь”. Стаіць ён у зручным месцы: насупраць дзіцячы сад, побач – цэнтр горада. Адным словам, прыгожа, камфортна, даступна, пазітыўна. Вялікі дзякуй за гэта раённаму выканаўчаму камітэту, будаўнікам. Дзятлава з кожным годам становіцца ўсё больш прыгожым і сучасным, гэта цудоўны горад для маладой сям’і, і ў нашых планах тут застацца.

– Ці маглі вы ў пачатку кар’еры паверыць у тое, што хутка станеце навасёлам? – спытаўся ў гаспадара намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Жук.
– Калі бачыў, як за апошнія гады прыгажэе горад Дзятлава, колькі новых дамоў будуецца для людзей, стаў верыць, што і нам пашанцуе. Прыемна, што так усё і адбылося.

Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі пажадаў маладым людзям дабрабыту і ладу ў новым доме, папаўнення ў сям’і і працоўных поспехаў на Дзятлаўшчыне.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае