23 мая з рабочым візітам Дзятлаўшчыну наведаў першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Аляксандр Садаўнічы.
Ён паўдзельнічаў у пасяджэнні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, а затым правёў прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію, за час якіх з пытаннямі звярнуліся пяць заяўнікаў.
– Сённяшні свой візіт на Дзятлаўшчыну ацэньваю, як даволі паспяховы, бо раён спрацаваў добра, а заўжды прыемна прысутнічаць на справаздачах, дзе спецыялістам ёсць аб чым расказаць, – падзяліўся сваім меркаваннем Аляксандр Садаўнічы. – Па выніках трох месяцаў выкананы практычна ўсе даведзеныя мэтавыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Адзінае выключэнне пакуль складае ўвод у эксплуатацыю жылля, аднак, як запэўнілі на пасяджэнні выканкама, і ён будзе дасягнуты да канца года. Зразумела, што ёсць пэўныя пытанні ў сельскай гаспадарцы, аднак і тут адзначаецца рост, удалося захаваць пагалоўе жывёлы, але па аднаўленні статку (не ва ўсіх гаспадарках сітуацыя аднолькавая) ёсць праблемы, і тут трэба папрацаваць. У астатнім і заработная плата вырасла, і паказчык па прыцягненні інвестыцый, і даведзеныя паказчыкі ў сацыяльнай сферы выконваюцца. Што ж тычыцца добраўпарадкавання, то нават не трэба сачыць за статыстыкай, дастаткова праехаць па вуліцах. Удала спрацавалі па зянятасці насельніцтва: праблема важная, бо ў цэлым у рэгіёне штогод практычна на паўтара працэнты скарачаецца колькасць людзей занятых у эканоміцы. Захаваць гэтыя кадры, знайсці ім працоўныя месцы важна. Плюс ёсць пазітыўныя зрухі па выпраўленні сітуацыі, калі колькасць звольненых перавышае колькасць нанятых: яшчэ не поўны парытэт, але тэндэнцыя станоўчая.
Што тычыцца прыёму грамадзян – гэта адзін з важнейшых складальнікаў работы КДК. Нічога экстраардынарнага ў Дзятлаўскім раёне, чаго б не было ў іншых, няма. Тым не менш, увагу варта звярнуць на сістэму аховы здароўя: ёсць сур’ёзныя нараканні найперш за няўважлівыя адносіны да людзей, чэрствасць, нежаданне пагаварыць. Здараліся выпадкі, калі пацыенты сядзелі ў чарзе, хаця на прыёме нікога не было. Таму адбылася размова з намеснікам галоўнага доктара, пытанне будзе ўзята на дадатковы кантроль. Зразумела, калі гаворка ідзе пра якасць медыцыны, непрафесіяналы могуць памыляцца, але калі праяўляюцца непаважлівыя адносіны, людзі іх заўважаюць, крыўдзяцца. Вось момант, які аднёс бы да негатыўных, астатнія – рабочыя пытанні.

Напрыклад, аднавіць ранейшы графік руху аўтобуса праз вёску Горка (раней хадзіў па чацвяргах, але перанеслі на аўторак). Людзям важна ў базарны дзень зрабіць карысныя пакупкі, таму плануецца сустрэча са старшынёй райвыканкама: не бачу вялікай праблемы ў вырашэнні пытання. Вяскоўцы з Горкі яшчэ адзначылі, што да іх населенага пункта не дакладзены асфальт. Будзем разбірацца, якія планы, што з фінансаваннем. Па асфальтаванні дарог робіцца шмат, магчыма і тут ёсць рашэнне. Прагучала зямельнае пытанне: сям’я жыве ў сталіцы, маці ім падарыла дом у Дзятлаве, аднак не задавальняе памер участка, і заяўнікі лічаць, што ім неабгрунтавана адмаўляюць у выдзяленні дадатковай зямлі. Начальніку аддзела землеўпарадкавання дадзены даручэнні дэталёва разабрацца. Магчыма, будзе і адмова, аднак яна павінна быць растлумачана, па якіх прычынах, калі ж іх няма, то вырашыць пытанне трэба станоўча. Так у цэлым можна ацаніць сённяшні прыём і пасяджэнне райвыканкама, а яно было няпростае, бо прагучала справаздача па выніках работы за першы квартал. Гэта пэўная кропка адліку, і раёнам яна пройдзена дастойна.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#КГК #приемграждан #РИК