18 снежня Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка выступіў на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу, дзе звярнуўся з пасланнем да беларускага народа і парламента.

Сродкі масавай інфармацыі і грамадзяне актыўна абмяркоўваюць выступленне кіраўніка дзяржавы, не засталіся ў баку і дзятлаўчане.

Анастасія Лагуцік, вядучы спецыяліст сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, дэпутат раённага Савета дэпутатаў:

– Згаджуся з выказваннем Аляксандра Рыгоравіча аб тым, што “вёска – гэта аснова-асноў нашага жыцця. Не будзе вёскі – загінем. Дзяржава існаваць без гэтага не можа”.

Я нарадзілася і вырасла ў Беларусі, у населеным пункце пад назвай Дварэц, цяпер – аграгарадок. Тут пачынала свой прафесійны працоўны шлях, знайшла вопытных настаўнікаў. Менавіта ў Дварцы часцінка майго роду, мая сям’я, дзеці. З упэўненасцю магу сказаць, што для беларуса вёска – гэта сэрца нацыянальнай культуры і аснова беларускага этнасу, месца ўзнікнення беларускага народа, яго самазахавання і аснова для адраджэння і развіцця краіны ў цэлым.  Як ДНК чалавека робіць кожнага з нас па-свойму ўнікальным, так і беларуская вёска з’яўляецца ключавым элементам нацыянальнага кода кожнага беларуса. Месцам, дзе цесна пераплецены сельская гаспадарка, народны побыт, унікальныя звычаі і сувязь з зямлёй.

Ці можна быць паспяховым у невялікім горадзе, вёсцы? Адназначна можна! Заўжды ўсё залежыць ад самога чалавека, яго імкнення да самарэалізацыі. Нездарма Прэзідэнт любіць паўтараць: “Дзяржава будзе паспяховай тады, калі кожны на сваім месцы будзе працаваць адказна і на карысць сваёй Радзімы”.

Я пачынала свой працоўны шлях педагогам-псіхолагам у Дварэцкай сярэдняй школе, працавала першым сакратаром Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ”. Пасля дэкрэтнага водпуску – у Дварэцкім дзіцячым садзе выхавальнікам, затым намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў школе. Цяпер я спецыяліст раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і для мяне гэта сапраўднае шчасце і крыніца натхнення. Калектыў Дзятлаўскага РАНС – гэта не проста калегі, але і сапраўдныя сябры, якія раздзяляюць са мной радасці і цяжкасці. Узаемадапамога і добразычлівыя адносіны ствараюць адчуванне адзінства і ўпэўненасці. Я з радасцю і захапленнем займаюся сваёй работай, імкнуся развівацца і дасягаць новых вышыняў. У невялікім горадзе ці вёсцы работа – гэта не толькі неабходнасць, але і заклік душы. Працуючы на малой радзіме я адчуваю сваё дачыненне да нечага значнага, бачу рэальныя вынікі сваіх намаганняў. Плённая праца дае адчуванне поспеху, перамогі і натхнення для новых здзяйсненняў. У сучасным свеце, дзе хуткасны рытм і мітусня часцяком зацягваюць у вір падзей, менавіта спакой і прыгажосць малой радзімы дапамагаюць мне захоўваць гармонію і энергію. Сваіх дзяцей я таксама вучу, што не месца красіць чалавека, а чалавек – месца, і калі жыццё ў нейкі момант прывяла цябе ў вёску або невялікі гарадок, не варта засмучацца, бо і ў такіх мясцінах можна знайсці натхненне для сваіх спраў і бязмежнай творчай дзейнасці. Жыццё ў сельскай мясцовасці дазваляе захоўваць ўнутраную гармонію, напаўняе маю душу цяплом, а сэрца ўдзячнасцю за ўсё, што маю. Я шчаслівая, што магу жыць і працаваць у гэтым утульным кутку, дзе цэняцца простыя радасці, праца і шчырая сувязь з прыродай і людзьмі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #ВНС

Похожие публикации