Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 лютага падпісаў Указ № 74 “Аб узмацненні ролі старшыняў выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў”.
Нарматыўны акт уступае ў сілу з 1 сакавіка 2025 года. Ва ўказе вызначаны новыя інструменты для павышэння дабрабыту раёнаў і іх жыхароў праз узмацненне статусу мясцовых выканаўчых камітэтаў, іх старшыняў і больш эфектыўнае мясцовае кіраванне.
Андрэй Садоўскі, старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта:
– Бясспрэчна, што ключавую ролю ў забеспячэнні высокай якасці жыцця ў раёнах маюць органы мясцовага кіравання, паколькі менавіта яны напрамую ўзаемадзейнічаюць з насельніцтвам. Гэта дазваляе рай- і гарвыканкамам дасканала ведаць патрэбы людзей, своечасова вырашаць іх праблемы, спраўляцца з комплексам задач па развіцці падведамасных тэрыторый. Мяркую, рабоце ў гэтым кірунку яшчэ больш паспрыяе замацаванае ўказам пашырэнне фінансавых магчымасцяў выканкамаў.
Не менш важным, на мой погляд, з’яўляецца і пункт аб неабходнасці ўзгаднення з райвыканкамамі рашэнняў, якія прадугледжваюць спыненне дзейнасці значных для раёна аб’ектаў ці прыпыненне дзейнасці арганізацый. Норма дазволіць прадухіліць непрадуманае скарачэнне працоўных месцаў.
У рамках Года добраўпарадкавання раённым выканаўчым камітэтам прадастаўлены правы актыўна далучаць грамадзян і арганізацыі да агульнай справы па навядзенні парадку, што таксама будзе толькі на карысць раёна.
Не сакрэт, што ад асобы кіраўніка, яго лідарскіх якасцяў напрамую залежыць паспяховае функцыянаванне і развіццё прадпрыемстваў, гаспадарак, установаў. На практыцы мы можам знайсці гэтаму нямала пацвярджэнняў. Новы ўказ істотна пашырыў кадравыя паўнамоцтвы мясцовых выканкамаў і іх старшыняў у адносінах да падбору кіруючых кадраў, вядучых спецыялістаў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, якія дзейнічаюць на падведамаснай тэрыторыі.
Яшчэ старшыні рай-, гарвыканкамаў атрымалі права выносіць пісьмовыя прадпісанні аб ухіленні парушэнняў заканадаўства і прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці работнікаў. Падобныя патрабаванні могуць быць адрасаваны кіраўнікам ніжэйстаячых выканкамаў, іншых арганізацый раёна, а невыкананне гэтых прадпісанняў цяпер будзе весці да адміністрацыйнай адказнасці. І ў першым, і ў другім выпадку новаўвядзенні скіраваны на забеспячэнне якасці выканальніцкай дысцыпліны, аб якой у сваіх выступленнях неаднаразова ўзгадваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
Усе гэтыя “рычагі ўздзеяння”, якімі новы нарматыўны дакумент надзяліў кіраўнікоў рай-, гарвыканкамаў, дапамогуць пашыраць уплыў на сітуацыю ў рэгіёнах і раскрыюць рэзервы для якаснага росту ўзроўню жыцця ў Беларусі ў цэлым.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga