У час рэспубліканскай акцыі “Канікулы без дыму і агню” работнікі Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях наведалі аздараўленчыя летнікі раёна. Ратаўнікі паказвалі дзецям тэматычнае відэа, праводзілі з імі прафілактычныя гутаркі, гульні, віктарыны, самыя актыўныя ўдзельнікі якіх атрымлівалі падарункі.
Сустрэлася з ратаўнікамі і першая змена рэспубліканскага летніка “Баравічок”.  Мерапрыемства пачалося з выступлення інспектара РАНС Аляксандра Беленкі. Ён прывёў статыстыку гібелі дзяцей на пажарах, расказаў аб прычынах трагедый, у ліку якіх ёсць і дзіцячае свавольства з агнём. Таксама Аляксандр Анатольевіч засяродзіў увагу хлопчыкаў і дзяўчынак на правілах паводзінаў на вадаёмах, аказання першай дапамогі чалавеку, які тоне.
Затым з дзецьмі была праведзена тэматычная гульня. Так, дзве каманды спаборнічалі ва ўменні без словаў растлумачыць адзін аднаму, што забаронена рабіць пры купанні на вадаёме.  Пераможцы былі ўзнагароджаны кнігай “Што рабіць, калі…” і наклейкамі.
Дапамагалі інспектару ў правядзенні акцыі актывісты моладзевай арганізацыі ратаўнікоў-пажарных сярэдняй школы №1 г. Дзятлава, у тым ліку ў вобразе роставых лялек Фількі і Лількі .
Захапленне і цікавасць у дзяцей выклікала дэманстрацыя тэхнічнага аснашчэння ратаўнікоў. Жадаючыя агледзелі кабіну пажарнага аўтамабіля “МАЗ”, цыстэрна якога змяшчае 5 тон вадкасці, паспрабавалі апрануць “баёўку” – спецвопратку ратаўнікоў, у якой яны працуюць пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Самыя актыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі “працавалі” з гідраінструментамі, а пасля прынялі ўдзел у конкурсе з выратавальнай вяроўкай. Завяршылася дэманстрацыя тэхнічнага аснашчэння падачай вады з лафетнага ствала.
Ратаўнікі плануюць правесці падобнае мерапрыемства ва ўсіх трох зменах летніка “Баравічок”.
І. КАМАРОВА

About Author
administrator
View All Articles

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации