Categories: Падзеі

Аказваецца, блізнят блытаюць і ў… дакументах

Калі пачынаеш распавядаць пра сустрэчы з людзьмі падчас камандзіровак, у адказ чуеш розныя пытанні: пра дасягненні новых знаёмых, пра характар і захапленні, звычкі і праблемы. На гэты раз толькі пачынаў казаць пра дзяўчат-блізнят з Дзятлаўскага лясгаса, чуў адно: «Мусіць, іх часта блытаюць?» Прызнаюся, карцела і мне пачаць гутарку з імі такім жа чынам, але першым было іншае пытанне: «Няўжо разам, удваіх, без дыскусій вы вырашылі прысвяціць свой лёс лясной гаспадарцы?»

А даведаўся я пра дзяўчат ад дырэктара Дзятлаўскага лясгаса Аляксандра Ківулі:

— Факт працы ў нашай гаспадарцы блізнят ужо сам па сабе цікавы. Але галоўнае іншае — па ўсім відаць, яны прыйшлі працаваць у лясную сферу невыпадкова і надоўга. Да сваіх абавязкаў ставяцца адказна.

Калі мы сустрэліся з дзяўчатамі, я нават спачатку разгубіўся — якія яны блізняты? Але хутка зразумеў: так здаецца спачатку, бо валасы іначай зачэсваюць, адна выглядае вышэй, бо на абцасах. І робяць яны тое, падумалася, каб сапраўды іх не блыталі. Потым, падчас гутаркі, у сваіх меркаваннях я ўпэўніўся.

Што тут казаць — працоўны досвед у іх невялікі. Ды і жыццёвы. Ліда і Ліля Каспяровіч пасля заканчэння Юрацішскай сярэдняй школы, што месціцца ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці, паступілі ў Полацкі лясны каледж на спецыяльнасць «лясная гаспадарка».

Сям’я ў іх шматдзетная, ніхто з бацькоў у лясной гаспадарцы не працуе. Але лес вабіў заўсёды. Старэйшая сястра стала медыцынскім работнікам, і блізняты маглі пайсці яе шляхам. Ды пасля сумесных разваг выбралі лясную справу.

— Для нас галоўнае — быць разам, — ледзь не ў адзін голас казалі Ліда і Ліля.

— І што, моцна адчуваеце прывязанасць адна да адной?

— Так, асабліва калі не побач…

Працуюць сёстры Каспяровіч майстрамі лесу. Лідзія — у Руда-Яварскім лясніцтве, Лілія — у Вензавецкім. Андрэй Ерамейчык, яго ляснічы, з якім мы сустракаліся раней, абмяркоўвалі розныя пытанні, пра работу дзяўчыны адказаў коратка: «Пажывём — пабачым».

Ляснічы Руда-Яварскага лясніцтва Дзмітрый Шостак быў больш шмат­слоўным. Ён прызнаўся, што стараецца быць са сваёй падначаленай патрабавальным:

— Адна справа знаходзіцца на практыцы, а сёстры яе праходзілі тут, другая — самастойная праца. І ўжо на першы план выходзіць не столькі афармленне папер, колькі стасункі з людзьмі.
Пра іх, гэтыя стасункі, я перапытаў блізнят.

— Калектыў дружны, дапамагаюць нам, — сказалі дзяўчаты.

— Вы ж яшчэ зусім маладыя спецыя­лісты. Напэўна, не вельмі лёгка са старэйшымі работнікамі…

— Наадварот!

Высветлілася: якраз з равеснікамі больш складана, а вось са старэйшымі прасцей — і падкажуць, і дапамогуць.

Ляснічы Дзмітрый Шостак дадаў:

— У калектыве трэба думаць не толькі пра сябе, але і пра ўсіх…

Ён, відаць, кіраўнік хоць і малады, але строгі. Ды, здаецца, дзяўчаты разу­меюць, як трымацца ў калектыве.
Іх сапраўды блыталі, асабліва хлопцы ў школе. Але што цікава — такое здараецца не толькі ў побытавым жыцці, але і пры афармленні розных дакументаў. Ініцыялы ж у Ігараўнаў супадаюць — «Л. І.».

А ўвогуле і праўда — аднолькавых людзей не бывае. Ліля любіць спяваць, Ліда малюе, вось і агарод каля дома, выдзеленага лясгасам у вёсцы, пасадзіла, схіляецца да тэхнікі. Дарэчы, і Лілі лясгас аплачвае жыллё. А сёлета яна паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.

…Ці задумваліся вы над выразам «малады спецыяліст»? Якое слова ў ім важнейшае — «малады» ці «спецыяліст»? Для саміх маладых людзей, відаць, усё ж першае. Але ж хто не хоча стаць спецыя­лістам? Не намінальна, а па форме, па сутнасці. Добрым спецыялістам, якога цэняць. Спадзяюся, у Ліды і Лілі Каспяровіч з Дзятлаўскага лясгаса гэта атрымаецца.

Па матэрыялах «Беларускай лясной газеты»

administrator

Recent Posts

Внимание! Новый способ мошеннической активности!

Злоумышленники, представляясь сотрудниками Фонда социальной защиты населения, органов социальной защиты или пенсионных отделов, сообщают гражданам…

2 часа ago

Жаночае шчасце пачынаецца… з бульбы

У рамках рэспубліканскага праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё” ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і…

6 часов ago

Аляксандр Садаўнічы: “Важна даваць людзям зваротную сувязь”

11 верасня ў памяшканні райвыканкама прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію правёў першы намеснік старшыні…

7 часов ago

Назначэнні. У аддзеле ЗАГС райвыканкама – новы кіраўнік

11 верасня 2026 года начальнікам аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама была назначана Ганна Буцько. Нарадзілася Ганна…

9 часов ago

Гордость в каждой детали!

Мастера отдела традиционного искусства и ремесел агрогородкаГезгалы создали поистине особенное украшение — эксклюзивные броши с…

9 часов ago

Маршрутные транспортные средства и такси!

С 14 по 20 сентября Госавтоинспекция проведет профилактические мероприятия, в целях профилактики, а также снижения…

9 часов ago