Сёлета на Дзятлаўшчыне стыпендыятамі Гродзенскага абласнога аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” сталі навучэнцы гімназіі № 1 Гардзей Самахвал і сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Дзяніс Мацюк.

– Аб’яднанне штогод ініцыіруе прэміраванне дзяцей з прыёмных, шматдзетных, маламаёмных сем’яў, дамоў сямейнага тыпу, дзяцей-інвалідаў стыпендыямі за высокія дасягненні ў вучобе, творчасці, спорце, сацыяльнай і грамадскай дзейнасці, – расказала старшыня Дзятлаўскага раённага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская. – Гэты год не выключэнне. Я хадайнічала перад установамі адукацыі, і яны прапанаваілі дастойныя кандыдатуры для ўзнагароджання. У Гардзея Самахвала высокі бал за вучэбную дзейнасць, ён быў фіналістам інтэлектуальнай тэлевізійнай гульні “Я ведаю”, вынікова ўдзельнічае ў алімпіядным руху па хіміі. У Дзяніса Мацюка пераважаюць спартыўныя дасягненні: абараняў гонар раёна па цяжкай атлетыцы, мае дастойныя вынікі па валейболе, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, працоўных і валанцёрскіх справах. Юнакі на ўрачыстых лінейках з нагоды заканчэння навучальнага года атрымалі прэміі Беларускага дзіцячага фонду, а цяпер я ўручаю ім дыпломы і значкі. Жадаю Гардзею і Дзянісу, каб іх узнагароды сталі надзейнай стартавай пляцоўкай для новых дасягненняў, каб заўжды была матывацыя жыць з цікавасцю, з мэтамі, дасягаць іх. Дзяніса віншую з завяршэннем першай экзаменацыйнай кампаніі, жадаю паспяховага жыццёвага выбару.

Юнакі падзяліліся сваімі ўражаннямі і сакрэтамі, як дабівацца поспеху ў вучобе і грамадскіх справах.

Дзяніс Мацюк, скончыў 9-ы клас:

– Узнагарода парадавала. Гэта не першыя грошы, якія я сам зарабіў. Раней быў у працоўным атрадзе, гэтым летам у школьнай бібліятэцы буду займацца рамонтам кніжнага фонду. Атрыманыя грошы патрачу на асабістыя патрэбы, тым больш што сёлета збіраюся паступаць. Я захапляюся валейболам і цяжкай атлетыкай, пастараюся прадоўжыць свае заняткі спортам. Каб стаць паспяховымі, жадаю сваім равеснікам мець любімыя захапленні, пажадана, каб сярод іх былі і спартыўныя, паколькі гэта загартоўвае характар і волю. Яшчэ важна быць добразычлівым і ўважлівым, ахвотна ўключацца ў карысныя грамадскія справы.

Гардзей Самахвал, скончыў 8-ы клас:

– Настрой цудоўны, узнагарода парадавала. Грошы мне будуць вельмі дарэчы, бо збіраюся на адпачынак у абласны профільны летнік “Навука”, што ва ўрочышчы Парэчча пад Гродна. Сваю фінансавую капілку яшчэ мяркую папоўніць, бо паспею папрацаваць на рамонце кніжнага фонду ў бібліятэцы. Гэта не першая мая стыпендыя, грашовай прэміяй сёлета адзначаны і ад Фонду міру. Я захапляюся хіміяй, заняў першае месца ў абласной прадметнай алімпіядзе. У “Навуцы” свае веды абавязкова папоўню, ба гэта профільны летнік для матываваных дзяцей, кожны дзень там будуць праходзіць заняткі з выкладчыкамі ГрДУ імя Янкі Купалы.

Школьнікам я жадаю старанна вучыцца, мець любімыя дысцыпліны, бо менавіта цікавасць і матывацыя рухае нас наперад.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации