17 кастрычніка на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Працавала некалькі груп.

З калектывам Дзятлаўскага лясгаса сустрэлася абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатолем Дарожкам. Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага выступіла перад работнікамі раённых участкаў паштовай і электрасувязі, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага – перад жыхарамі аграгарадка Дварэц. Працавалі і групы намеснікаў старшыні райвыканкама.

У рамках Тыдня бацькоўскай любові, які праходзіць у Беларусі з 14 па 21 кастрычніка, разгледзелі актуальную тэму – “Сямейнае выхаванне як аснова моцнай дзяржавы”.

– Пытанне вынесена невыпадкова, яно звязана з дэмаграфічнай сітуацыяй, якая складваецца ў Беларусі, Расіі, свеце ў цэлым, – адзначыў Анатоль Дарожка. – З аднаго боку, насельніцтва ў краінах Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі павялічваецца, у Еўропе і ЗША – скарачаецца. Насельніцтва – гэта аснова дзейнасці і бяспекі любой дзяржавы. Па прагнозах навукоўцаў, да 2080 года ў свеце будзе каля 10 мільярдаў людзей, аднак рэзка зменіцца ўзроставы састаў: катэгорыі 60 +, 80+ будзе значна больш, чым маладых. Як мы разумеем, усе сацыяльныя выгоды стварае працаздольнае насельніцтва, значыць, грамадства будзе няздольнае выконваць ускладзеныя на яго функцыі па ўтрыманні пажылых людзей. Таму Прэзідэнт назваў тэндэнцыі, якія навязвае нам захад, “вайной” за захаванне традыцыйных каштоўнасцяў – сям’і, шлюбу, нацыянальнай культуры. Цяжка сабе ўявіць: праваслаўная Грэцыя ўжо ўзаконіла аднаполыя шлюбы, што казаць пра еўрапейскія краіны. Звязанае з гэтым спыненне нараджальнасці ў перспектыве вядзе да самых трагічных дэмаграфічных праблем на розных узроўнях. Яшчэ нам “падкідваюць” новыя “прагрэсіўныя” цячэнні – не мець дзяцей, жыць без заключэння шлюбу. У Беларусі ўсё робіцца для таго, каб было як мага больш моцных, шчаслівых сем’яў з дзецьмі, самая сур’ёзная падтрымка аказваецца шматдзетным, рэалізуецца праграма выплаты мацярынскага капіталу. Усё гэта павінна і надалей развівацца, умацоўвацца, бо нельга страціць нацыянальныя сямейныя каштоўнасці, якія спакон веку закладваліся продкамі.

Шэраг краін вырашае праблемы дэмаграфіі за кошт міграцыі, аднак, як паказвае жыццё, такія працэсы цягнуць за забой парушэнне інтарэсаў і базавых каштоўнасцяў традыцыйных народаў, на землю якіх прыходзяць мігранты, расце злачыннасць, гвалт, дэстабілізуецца сітуацыя. Улічваючы ўсе фактары, кіраўніцтва нашай дзяржавы імкнецца стварыць моцную заканадаўчую базу, каб падтрымаць нараджальнасць і традыцыйныя сем’і з дзецьмі не толькі матэрыяльна, але і праз далучэнне да здаровага ладу жыцця, маральна-духоўных каштоўнасцяў, сумесных сацыяльных і культурных праектаў і праграм.

Для дасягнення пазітыўных вынікаў па маральна-патрыятычным выхаванні бацькам-удзельнікам Дня інфармавання былі адрасаваны слушныя парады: гаварыць дзіцяці аб краіне толькі добрае і дэманстраваць дасягненні; расказваць аб сваёй рабоце і яе карысці для людзей; знаёміць з памятнымі мясцінамі і славутасцямі Радзімы, нацыянальнай сімволікай; узгадваць пра цяжкія часы і выпрабаванні, якія годна пераадолелі продкі; разам удзельнічаць ва ўрачыстасцях з нагоды дзяржаўных свят; заахвочваць актыўнасць, бо з яе часта пачынаецца патрыятызм; прывучаць да беражлівых адносінаў, у тым ліку да прыроды.

– Яшчэ старажытныя філосафы раілі дастойна выхоўваць дзяцей, не песціць іх грашыма, развіваць фізічна, даваць годную адукацыю, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – На жаль, з-за пастаяннай занятасці ў многіх недастаткова часу, які можна правесці разам з дзецьмі, а самы важны выхаваўчы рэсурс – гэта менавіта ўласны станоўчы прыклад бацькоў.

Беларусы абараняюць сям’ю як аснову ўстойлівага развіцця і працвітання Радзімы, ставячы тым самым заслону амаральнасці, прапагандуючы традыцыйныя сямейныя каштоўнасці.

У прадаўжэнне тэмы дэмаграфічнай бяспекі нацыі пагаварылі аб фарміраванні здаровага ладу жыцця, негатыўных наступствах курэння, ужывання алкаголю і наркатычных рэчываў, а таксама якія рызыкі нясе неасцярожнае курэнне і няспраўнае ацяпленне, закранулі важнае “сезоннае” пытанне навядзення парадку на прыдамавых тэрыторыях, спыніліся і на прафілактыцы ўцягвання моладзі ў дэструктыўную дзейнасць праварадыкальных груповак, расказалі, якія прыкметы ў паводзінах дзяцей могуць аб гэтым сведчыць. Каб было больш зразумела, паглядзелі тэматычную відэастужку “Вірус нацызму”. Паколькі ў раёне актыўна ідзе вакцынацыя, запрасілі калектывы прышчапляцца ад грыпу. Праваахоўнікі нагадалі і аб махлярствах у інтэрнэце, бо некалькі дзён таму ад такога злачынства на буйную суму пацярпела наша зямлячка.

Напрыканцы Андрэй Садоўскі спыніўся на сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, адзначыў, што 2024 год у цэлым паспяховы для Дзятлаўшчыны, аб чым сведчаць шматлікія рамонты дарог, вуліц, жылога фонду, установаў адукацыі, якія бачаць дзятлаўчане і аб ходзе якіх чытаюць у раённай газеце.

Ірына СТЫРНІК
Фота Ірыны СТЫРНІК, Наталлі АВЯРЧУК, Святланы ГРЫШЫНАЙ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации