20 ліпеня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Працавала некалькалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. У ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” выступіла група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, абласная – у аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама, з калектывамі раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, Дварэцкіх сярэдняй школы і дома культуры сустрэлася група старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, працавалі групы намеснікаў старшыні райвыканкама.

Разгледзелі актуальную тэму сучаснасці “Экалагічная культура – адказнасць кожнага”. Сёння чыстае паветра, доступ да пітной вады, прыгожая прырода ўспрымаюцца беларусамі як дадзенасць, хаця ў многіх краінах гэтыя рэсурсы лічацца раскошай: людзі носяць маскі, абараняючыся ад смогу, прагноз надвор’я замяняюць індэксам забруджанасці паветра, а доступ да пітной вады стаў паўсядзённай барацьбой, а не стандартам жыцця. Чыстыя лясы, вадаёмы, асяроддзе не толькі гонар, але і адказнасць, а экалагічная культура не даніна модзе, а ўсвядомлены выбар кожнага грамадзяніна. За гады незалежнасці Беларусі ў выніку мэтанакіраваных намаганняў плошча нацыянальных лясоў была павялічана больш чым на мільён гектараў і дасягнула максімальнага значэння за стогадовы перыяд. Наша краіна з’яўляецца адным з сусветных лідараў па абнаўленні балот і праводзіць сістэмную работу па паўторным забалочванні тэрыторый былых тарфянікаў. Дзякуючы сістэме прыродаахоўных мерапрыемстваў, багаты і разнастайны жывёльны свет, дзе многія віды дэманструюць рост колькасці і пашырэнне месцаў пражывання, а тыя, што маюць патрэбу ў першачарговай абароне, уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Іх абараняюць на асабліва ахоўваемых тэрыторыях. На Дзятлаўшчыне часткова знаходзіцца рэспубліканскі заказнік Ліпічанская пушча і прыродны помнік рэспубліканскага значэння Камень-волат. ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” сочыць за захаванасцю 48 рэдкіх біятопаў, 47 месцаў вырастання дзікіх раслін і 8 – пражывання дзікіх чырванакніжных жывёл. 

Наша краіна не проста абараняе, але і памнажае свае прыродныя багацці, забяспечваючы ўстойлівую станоўчую дынаміку па ўсіх ключавых кірунках. Так, сістэматычна зніжаюцца выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра – больш чым на трэць за апошняе дзесяцігоддзе. У дастатковай меры мы забяспечаны воднымі рэсурсамі: узровень даступнасці вады для насельніцтва вышэйшы за сярэднееўрапейскі, а ў выніку будаўніцтва і мадэрнізацыі ачышчальных збудаванняў скідванне бруднай вады ў вадаёмы скарацілася ў сем разоў, яе ачыстка даведзена да 99,7 %.

Важнейшым кірункам дзяржаўнай экалагічнай палітыкі з’яўляецца фарміраванне камфортнага і здаровага асяроддзя для грамадзян. У рэспубліцы ажыццяўляецца сістэмная работа па азеляненні гарадскіх тэрыторый, прычым людзі прымаюць у гэтым працэсе актыўны ўдзел, у тым ліку на суботніках. У Дзятлаве ўзровень азелянення 56,8 %, што ў два разы вышэйшы за нарматыў. Дзяржава чакае ад грамадзян дапамогі ў знішчэнні на ўчастках і ў сельскай мясцовасці інвазійных раслін, якія могуць наносіць вялікі ўрон асяроддзю і сельскай гаспадарцы.

Важны кірунак, які патрабуе работы, – гэта ўстойлівая тэндэнцыя да павелічэння аб’ёмаў цвёрдых камунальных адходаў: за тры дзесяцігоддзі на аднаго жыхара амаль у 2,5 раза. Сёння ў краіне 140 дзеючых і 19 закрытых палігонаў: іх тэрыторыя супаставіма з паловай такога буйнога прамысловага горада, як Жодзіна. Для вырашэння праблемы развіваецца інфраструктура раздзельнага збору смецця, будуюцца сучасныя сартавальныя і перапрацоўчыя прадпрыемствы. Аднак без удзелу людзей усё гэта не можа быць эфектыўным. Па выніках 2026 года мы дабіліся, што паўторна выкарыстоўваецца амаль палова адходаў (на Дзятлаўшчыне – 56 %).

Павышаецца ў Беларусі і адказнасць гаспадароў за хатніх гадаванцаў. Менавіта прынцып гуманнасці лёг у аснову новага закона, які замацаваў прававыя нормы рэгістрацыі жывёлін-кампаньёнаў (сабак і катоў), рэгламентаваў дзеянні валанцёраў, патрабаванні да пунктаў часовага размяшчэння і прытулкаў.

Каб захаваць экалогію і камфортную прыгожую краіну для будучых пакаленняў, нам заўжды важна памятаць, што адказнасць за прыроду пачынаецца не з гучных лозунгаў, а з паўсядзённых правільных і энергазберагальных учынкаў, звычак, якія дапамагаюць берагчы і памнажаць важныя рэсурсы, а галоўнае – з перадачы карыснага вопыту і паводзінаў дзецям. Для кожнага беларуса ашчадныя адносіны да навакольнага асяроддзя павінны стаць светапоглядам і нормай жыцця.

Звяртаючыся да тэмы, старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што ў Беларусі шмат лясоў і заказнікаў, аднак не заўжды беларусам, і дзятлаўчанам у прыватнасці, дастае экалагічнай культуры. Улесе пакідаюць нямала пластыку і шкла, а гэта наша здароўе. Разам з тым, у раёне арганізаваны вываз смецця, у тым ліку раздзельны яго збор. Сёлета набыты два новыя смеццявозы і 2160 кантэйнераў для раздзельнага збору, якія раздадуць жыхарам гарпасёлкаў Наваельня і Казлоўшчына. На гэта з раённага бюджэту выдаткавана 280 тысяч рублёў, яшчэ 260 тысяч выдзелілі аператары другасных рэсурсаў. Як бачым, для падтрымання экалогіі, адпаведна, і здароўя нацыі трацяцца значныя сумы. Важна і надалей фарміраваць адказныя адносіны людзей да прыроды.  

Не абышлі ўвагай на Адзіным дні інфармавання актуальныя тэмы бяспекі. Ратаўнікі нагадалі, як не заблукаць у лесе, пагаварылі аб падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона, спраўнасці пячнога ацяплення, навядзенні парадку на прысядзібных участках, вялікую ўвагу супрацоўнікі экстраннай службы надалі абмеркаванню такой праблемы, як папярэджанне дзіцячага свавольства з агнём.

Напрыканцы Андрэй Садоўскі спыніўся на ходзе жніва ў раёне, закрануў іншыя пытанні. Зазначыў, што гаспадаркі Дзятлаўшчыны зжалі 87 % плошчаў, прычым поўнасцю завяршылі работы КСУП “Хвінявічы” і “Жукоўшчына”. Вынікі радуюць. Нарыхтавана 16,5 тысячы тон алеянасення рапсу і каля 60 тысяч тон збожжа.  

Закрануў кіраўнік раёна работу ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”. Акцэнтаваўшы ўвагу, што сёлетні год для прадпрыемства менш паспяховы, чым 2025-ты: паказчыкі выкананы на 70-75 %. Старшыня райвыканкама ўпэўнены: каб змяніць сітуацыю да лепшага, неабходна асвойваць выпуск новых, запатрабаваных відаў прадукцыі, адсочваць попыт на рынках. Асноўны від вытворчасці сельгастэхнікі – гэта даільныя залы. Цяпер у Беларусі яны мадэрнізуюцца, абсталяванне становіцца рабатызаваным, разумным. Наспеў час мяняцца ў гэтым кірунку. У прадпрыемства дастатковая вытворчая база, таму ўкараненне новай прадукцыі, пашырэнне яе відаў – гэта магчымы крок наперад.

Ірына СТЫРНІК
Фота Ірыны СТЫРНІК, Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации