19 лістапада на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. У Новаяльнянскім сельвыканкаме выступіла група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, абласная на чале са старшынёй Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў галінаў прамысловасці “Белпрафмаш” Алесяй Цыдзік – у раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці, з калектывам райвыканкама сустрэлася група старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, працавалі групы намеснікаў старшыні райвыканкама.

Сімвалічна, што напрыканцы сельскагаспадарчага года сярод тэм абмеркавалі “Беларускі каравай-2026: харчовая бяспека краіны”.

Развіццё сяла і аграрнай вытворчасці застаецца адным з ключавых кірункаў сацыяльна-эканамічнай стратэгіі Беларусі. Як адзначаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, адзін працаўнік у сельскай гаспадарцы забяспечвае работу ад сямі да дзесяці чалавек у горадзе – гэта харчовая прамысловасць, гандаль, грамадскае харчаванне, машынабудаўніцтва, навука. Беларуская мадэль харчовай бяспекі – утрымліваць сябе за кошт уласнай вытворчасці. Аднак па шэрагу пазіцый аб’ёмы значна перавысілі ўнутраныя патрэбы, што дазволіла нашай рэспубліцы ўвайсці ў лік сусветных экспарцёраў харчавання. Беларусь у топе-5 краін свету па пастаўках малочнай і ў топе-15 – па экспарце мяса птушкі, ялавічыны, каўбасных вырабаў. Доля ва ўзаемным гандлі Еўразійскага эканамічнага саюза харчовымі таварамі штогод перавышае 40 %. Ажыццяўляюцца пастаўкі харчавання ў больш чым 115 краін свету, каля 67 % з іх ідзе ў расійскія рэгіёны. Буйнейшым пасля РФ партнёрам у ЕАЭС са стабільным штогадовым ростам з’яўляецца Казахстан, галоўны рынак “далёкай дугі” – Кітай. Пры гэтым унутраны спажывецкі рынак і насельніцтва знаходзяцца ў абсалютным прыярытэце, практычна па ўсіх прадуктах першай неабходнасці попыт задавальняецца за кошт айчынных вытворцаў. Папулярнасці беларускіх прадуктаў дома і за мяжой спрыяюць строгія дзяржаўныя стандарты, якія гарантуюць высокую якасць і смак. “Беларускае – значыць якаснае” – фраза стала вядомым і ўстойлівым брэндам тавараў, вырабленых у краіне, а дзяржаўнае рэгуляванне цэн абараняе грамадзян ад інфляцыйных шокаў.

Аграпрамысловы комплекс – важнейшы сектар эканомікі нашай рэспублікі, які фарміруе амаль 12 % УВП. Рэалізуецца таксама шэраг мер па развіцці фермерскіх гаспадарак, якіх на пачатак 2026 года дзейнічала 3799 (амаль на 10 % больш, чым у папярэдняй пяцігодцы). Асноўны напрамак – раслінаводства, якое займае 90 % вытворчасці, столькі ж складае доля айчыннай тэхнікі на палях. Дзякуючы энерганасычанай і шыроказахопнай тэхніцы, яе парк скараціўся, а эфектыўнасць павысілася. Культывуецца на палетках рэспублікі 146 сартоў сельгасраслін, створаных у навуковых арганізацыях НАН Беларусі, у жывёлагадоўлі вядзецца селекцыйна-племянная работа, беларускія навуковыя распрацоўкі шырока прадстаўлены ў малочнай прамысловасці, асобным кірункам выступае вытворчасць дзіцячага харчавання, развіваецца сегмент дыетычнага і прафілактычнага харчавання.
Уборачная кампанія-2026 практычна скончана, намалочана больш за 11,4 мільёна тон збожжавых з улікам рапсу і кукурузы (унутраная патрэба – 7 мільёнаў тон). Акрамя стандартнага набору (бульба, капуста, цыбуля, буракі, морква, яблыкі), у абавязковыя аб’ёмы захоўвання на гэты сезон упершыню ўключаны агуркі і таматы абароненага грунту, каб мінімізаваць імпарт і цэны. Нарыхтоўка перавышае мінулагоднюю і дазваляе гарантавана выканаць дзяржзаказ у міжсезонны перыяд.

– Практычна пяць гадоў Беларусь жыве ва ўмовах санкцый, – зрабіў высновы Андрэй Садоўскі. – Цяжка сабе ўявіць, што было б, каб краіна самастойна не забяспечвала сябе харчаваннем. Старэйшае пакаленне яшчэ памятае дэфіцыт 90-х гадоў. Што тычыцца “каравая-2026”, то на Дзятлаўшчыне атрыманы багаты ўраджай у 110 тысяч тон збожжа. Збор рапсу ў параўнанні з мінулагоднім павялічылі ўдвая, прыбаўку па кукурузе атрымаем каля 10 тысяч тон, някепскімі выраслі бульба (больш за 300 цэнтнераў з гектара) і цукровыя буракі, якіх раён плануе рэалізаваць каля 50 тысяч тон. У сельскагаспадарчай сферы раёна, як і некаторых іншых, адзначаецца напружанне з кадрамі. Зразумела, прафесія – уласны выбар чалавека. Разам з тым, для моладзі на сяле дзяржавай прадугледжана нямала льгот, раён таксама клапоціцца пра камфортныя ўмовы для маладых спецыялістаў, прадастаўляем жыллё. Як прыклад, у лістападзе здадзены ў эксплуатацыю шматкватэрны арэндны дом у райцэнтры.

Не абышлі ўвагай яшчэ адну актуальную тэму: “Усебеларускі народны сход – гарант стабільнасці і паступальнага развіцця краіны” да 30-годдзя гэтага органа народаўладдзя. Узгадалі, што першы УНС адбыўся ў пераломны для Беларусі момант пачатку незалежнасці, нездарма пасланне Прэзідэнта гучала як “Толькі народ мае права вырашаць свой лёс”, яно вызначала сутнасць усяго грамадска-палітычнага жыцця рэспублікі. Час даказаў правільнасць падтрыманай тагачаснымі дэлегатамі стратэгіі. З 1996 года ў краіне пачаўся паслядоўны эканамічны рост. Другі сход зарыентаваў рэспубліку на замацаванне поспехаў, трэці вызначыў вектар для ўсебаковага развіцця чалавека, росту даходаў, інавацый у эканоміку, энерга- і рэсурсазберажэння, павелічэння экспарту, канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі, развіцця АПК, малых гарадоў, адраджэння сяла. Тады ж пачалі развівацца аграсядзібы, аграэкатурызм стаў візітоўкай Баларусі (сёння турызм у цэлым ператвараецца ў стратэгічна важны сектар эканомікі). Аднак галоўнае пачалося збліжэнне ўлады і народа, палітыка стала больш празрыстай, зразумелай простаму чалавеку. Дэбюракратызацыі паспрыяла з’яўленне службы “адно акно”, фарміраванне “лічбавай улады”. На чацвёртым УНС была зроблена стаўка на развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці, лібералізацыю эканомікі, спрыяльны інвестыцыйны клімат, інавацыйную структуру вытворчасці. Праз год падпісалі пагадненне аб кітайска-беларускім індустрыяльным парку “Вялікі камень”. Магутны імпульс атрымаў ПВТ. Удасканальвалася лагістыка. Пяты УНС даў штуршок павышэнню якасці жыцця насельніцтва на аснове канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацый, прычым высокія тэхналогіі ўкараняюцца ў розныя сферы жыцця, пабудавана Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя, якая не мае аналагаў на Еўразійскай прасторы, развіваюцца айчыннае аўтамабілебудаўніцтва “БелДжы”, атамная энергетыка і касмічныя праграмы. На шостым УНС дадзены старт канстытуцыйнай рэформе ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу, сам орган народаўладдзя набыў канстытуцыйны статус.

Першае пасяджэнне сёмага УНС у новым статусе прайшло ў красавіку 2024 года з дэвізам “Час выбраў нас!”, старшынёй абраны Аляксандр Лукашэнка, прыняты Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь. У снежні 2025-га адбылося другое пасяджэнне з дэвізам “Час канкрэтных спраў!”: зацверджана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады, якая скіравана на пераход да новай якасці жыцця кожнага грамадзяніна, фарміраванне самадастатковай, канкурэнтаздольнай дзяржавы, акрэслены прыярытэты. УНС даказала, што лёсавызначальныя рашэнні ў нашай краіне прымаюцца калегіяльна, адкрыта і выключна ў інтарэсах людзей.



Напрыканцы ўдзельнікам Адзінага дня інфармавання нагадалі правілы бяспекі ўласнай і дзяцей праз тэмы: “Экстрэмізм у сетцы – віртуальная пастка: метады ўцягвання моладзі ў дэструктыўную дзейнасць праз сучасныя сродкі камунікацыі”, “Неасцярожнае курэнне. АПА. Бяспека пры карыстанні ацяпляльнымі прыборамі. Тонкі лёд”.



















































Ірына СТЫРНІК
Фота Ірыны СТЫРНІК, Наталлі АВЯРЧУК, Святланы ГРЫШЫНАЙ, Вольгі ЮШКЕВІЧ, Таццяны САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ВНС_30лет