16 красавіка на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага сустрэлася з працоўным калектывам Дзятлаўскай ЦРБ, рэспубліканская група пад кіраўніцтвам першага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Сяргея Сыранкова выступіла перад працоўнымі калектывамі ТАА “Триал эксперт” і СТАА “Суперпак инвест”, абласная група на чале з першым намеснікам старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама Канстанціна Цехановіч – перад працоўнымі калектывамі ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” і Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, з працоўнымі калектывамі і грамадзянамі па месцы жыхарства сустрэліся групы старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага і намеснікаў старшыні райвыканкама.

Ключавой тэмай размовы стала дата, якая аб’ядноўвае мінулае, сучаснасць і будучыню: 26 красавіка спаўняецца 40 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая стала найбуйнейшай у гісторыі атамнай энергетыкі. Нягледзячы на тое, што рэактар выбухнуў на сучаснай тэрыторыі Украінскай Рэспублікі, у выніку Беларусь пацярпела больш за іншыя краіны. Амаль чвэрць тэрыторыі аказалася забруджанай радыенуклідамі, перасталі існаваць 479 населеных пунктаў у Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Сумарная шкода ад наступстваў аварыі ацэньвалася ў 32 бюжэты рэспублікі 1985 года.

Той страшны год стаў адпраўной кропкай для беларусаў у доўгім складаным шляху па мінімізацыі наступстваў аварыі, адраджэнні забруджаных тэрыторый і вяртанні звыклага і бяспечнага жыцця. У цэнтры ўвагі дзяржавы, як і заўсёды, было жыццё і здароўе людзей. Тэрмінова правялі адсяленне і дэзактывацыю забруджаных тэрыторый, пахаванне радыеактыўных адходаў, прыняты меры па максімальным зніжэнні доз выпраменьвання.

З гэтай мэтай у 1988 годзе на адселеных тэрыторыях Брагінскага, Хойніцкага і Нараўлянскага раёнаў быў створаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік плошчай 217 га.
За гэтыя гады было рэалізавана шэсць дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС і сацыяльна-эканамічным развіцці пацярпелых рэгіёнаў. На сёння ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічае Дзяржаўная праграма “Інфраструктура бяспекі насельніцтва”, якая з’яўляецца лагічным працягам папярэдніх.

За пасляаварыйны перыяд былі адноўлены 1657 населеных пунктаў нашай краіны (45 % ад усіх забруджаных у выніку аварыі), у сельскагаспадарчы абарот вернуты 20,5 тысячы гектараў земляў. Прадукцыя, якая вырошчваецца на іх, праходзіць строгі радыелагічны кантроль. У нашай краіне дзейнічаюць больш жорсткія, чым у ЕАЭС, дапушчальныя ўзроўні ўтрымання радыенуклідаў у прадуктах харчавання, якія разам з тым гарантуюць іх высокую якасць. З мэтай кантролю ў краіне працуе разгалінаваная сетка лабараторый і пастоў, якія пастаянна праводзяць дыягностыку глебы і гатовай прадукцыі.
Пад кантролем і стан нашых лясоў: у комплекс ахоўных мерапрыемстваў уваходзіць абавязковы радыяцыйны кантроль і прафілактыка.

У ліку прыярытэтаў у Рэспубліцы Беларусь застаецца сацыяльная абарона насельніцтва. Больш за палову сродкаў, якія выдзяляюцца штогод на мінімізацыю наступстваў чарнобыльскай аварыі, накіроўваюцца на абарону людзей, пацярпелых ад яе, найперш – кантроль і захаванне здароўя.
У 2002 годзе пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ў Гомелі быў адкрыты навукова-практычны цэнтр рацыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Клініка аснашчана найноўшым абсталяваннем і адпавядае еўрапейскім стандартам аказання медыцынскай дапамогі. Таксама за саракагоддзе ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база ўстановаў аховы здароўя, гэта выразна відаць і на прыкладзе Дзятлаўскага раёна.

Для санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення дзяцей створаны 12 дзіцячых цэнтраў, якія круглы год прымаюць маленькіх пацыентаў. Дзеці, якія маюць паказанні для санаторна-курортнага лячэння, забяспечваюцца ім на 100 %.
На працягу 40 гадоў работы па адраджэнні і ўстойлівым сацыяльна-эканамічным развіцці пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС рэгіёнаў не спыняліся ні на хвіліну, прадоўжацца яны і ў далейшым. Усе намаганні скіраваны на тое, каб і на некалі адселеных землях людзі змаглі жыць звыклым жыццём.
Чарнобыльская бяда згуртавала беларусаў і дала трагічны, але каштоўны ўрок бяспекі, які быў улічаны нашай і іншымі краінамі. Беларуская АЭС, якая паспяхова функцыянуе ўжо пяць гадоў, аснашчана шматузроўневай сістэмай бяспекі. Яна выпрацоўвае 40 % электрычнай энергіі, якую спажываюць у нашай краіне. Дзякуючы яе рабоце Беларусь забяспечыла сябе крыніцай экалагічна чыстай і даступнай для насельніцтва энергіяй.
Запуск БелАЭС даў пачатак новаму этапу развіцця нашай краіны.
– Усе мы помнім чарнобыльскую трагедыю і зробім усё магчымае, каб не дапусціць яе паўтарэння. Вельмі шмат бюджэтных сродкаў было выдзелена і працягвае выдаткоўвацца на ліквідацыю наступстваў аварыі. Аднак і без атамнай энергетыкі сёння нікуды. Мы ўжо прывыклі жыць у камфорце і развіцці, якое яна дапамагае дасягнуць. Слушна сказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка пра тое, што ўзвядзенне АЭС не толькі ўмацавала нашу энергетычную бяспеку, але і вызначыла далейшае развіццё Беларусі як высокатэхналагічнай дзяржавы, – адзначыў Андрэй Садоўскі.
Вострую тэму выпальвання сухой расліннасці ў сваім выступленні падняў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык:

– Усе мы хочам вясной навесці парадак на прысядзібнай тэрыторыі, але рабіць гэта варта, прымаючы ўсе меры перасцярогі і не парушаючы закон. Цана самавольства можа быць вельмі высокай.
Ён расказаў пра пажары, якія адбыліся ў Гродзенскай вобласці па гэтай прычыне. На Дзятлаўшчыне таксама ёсць падобныя прэцэдэнты: напрыклад, жыхарка аднаго з сельскіх населеных пунктаў раёна вырашыла вынесці вуголле з печы, не ўпэўніўшыся ў тым, што яно перагарэла. Як вынік – пажар і шкода экасістэме, ацэненая ў чатыры тысячы рублёў.

Таксама Сяргей Сяргеевіч нагадаў прысутным аб надзейным ратаўніку, які павінен быць у кожным домаўладанні, – аўтаномным пажарным апавяшчальніку.

У аддзел унутраных спраў не перастаюць паступаць званкі ад ахвяраў кіберзлачынцаў, паведаміў намеснік начальніка АУС райвыканкама Андрэй Юшкевіч. На жаль, такіх фактаў становіцца больш, а парушальнікі закона – усё больш вынаходлівыя. У выніку падманутыя грамадзяне губляюць тысячы і дзясяткі тысяч рублёў, якія малаверагодна вярнуць назад. Андрэй Яўгеньевіч нагадаў асноўныя меры прафілактыкі такіх здарэнняў.
Андрэй Садоўскі расказаў аб планах на гэты год у сацыяльнай і іншых сферах жыцця. У прыярытэце – умацаванне інфраструктуры, рамонт дарог і будаўніцтва арэнднага жылля, ім будуць забяспечвацца ў першую чаргу маладыя спецыялісты, якія прыбываюць у наш раён працаваць. Дарэчы, у 2026 годзе ў Дзятлаўскай ЦРБ чакаецца 20 маладых медыкаў.

















































Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, Вольгі ЮШКЕВІЧ, Ірыны СТЫРНІК, Святланы ГРЫШЫНАЙ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga